Знайсці
17.02.2020 / 17:076РусŁacБел

Паглядзіце на два самыя незвычайныя офісы праграмістаў у Беларусі ФОТЫ

Мець офіс у шкляным хайтэкавым будынку — ужо не трэнд. ІТ-сфера пачынае асвойваць гістарычную гарадскую прастору. Як? Мы пабачым гэта на прыкладзе офісаў кампаніі VRP Consulting у Віцебску і Брэсце.

Віцебск: марская школа

Віцебск — горад вялікага князя Альгерда, Шагала, Малевіча, Быкава.

Горад так моцна пацярпеў у апошнюю вайну, што яго, кажуць, нават збіраліся адбудоўваць на новым месцы. Тым больш дзівосна, што ў Віцебску захаваліся мясціны, дзе можна адчуць подых 1000-гадовай гісторыі.

Мы часта звужаем уяўленне пра старажытныя гарады да замкавых умацаванняў ці ратушнай плошчы ды вузкіх вулак старога цэнтру. А як жа перадмесці-пасады? Яны былі лёгкімі, якімі дыхаў горад, яго працавітымі рукамі.

Задзвінне, Задзвінская Слабада ляжыць на нізкім правым беразе Дзвіны насупраць цэнтральнай часткі Віцебска. Задзвінне роўнае векам віцебскім замкам, калі не старэйшае: археолагі сведчаць, што культурны слой на Задзвінні сягае двух метраў у глыбіню.

Кіраўскі мост — шлях з цэнтра на Задзвінне. 

Здаўна тут жылі рамеснікі. Прычым не толькі арыентаваныя на старажытны шырспажыў, кшталту керамікі ды кавальскіх вырабаў. Віцебск меў сваю высокатэхналагічную спецыялізацыю: тут рабілі караблі.

Цяжка сёння сабе ўявіць, але многа ў якіх мясцінах Беларусі выраб рачных ды нават марскіх суднаў быў звыклым бізнэсам. Карабельнага лесу ў Беларусі хапала, правільна заточаных рук — таксама. Пра тое, што крывічы будавалі караблі вікінгам, яшчэ тысячу гадоў таму пісалі візантыйскія хронікі. Ці не ў крывіцкім Віцебску гэта было? Ён у часы Рагвалода не саступаў памерамі Полацку.

І гэтая складаная тэхналагічная вытворчасць квітнела тут аж да ХІХ стагоддзя. Гэта было выгадна: да з'яўлення чыгунак Дзвіна была ў літаральным сэнсе залатой ракой. Па ёй у Рыгу сплаўлялі штогод на мільёны рублёў тавару.

Дзвіна была залатой ракой.

Пра тое, што на Задзвінні будавалі драўляныя чаўны, баркі, лайбы, віціны, сведчаць і даўнія выявы Віцебска, і ўспаміны, і самі назвы вуліц Задзвінскай слабады: Канатная, Рычажная, Сталярны завулак.

Славуты этнограф Мікалай Нікіфароўскі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя апісаў гэтыя задзвінскія верфі: паўсюль суднавы матэрыял і шкілеты суднаў, у паветры лётае валаконнае павуцінне ад віцця канатаў, велізарныя кучы кастры і драўляных габлюшак… Грукаюць сякеры, вішчаць пілы, гамоняць ды пяюць рабочыя… Далей на набярэжнай грузілі на гатовыя ўжо дзвінскія судны лён, пяньку і хлеб, каб везці ў Рыгу на продаж.

Такім бачыў Віцебск у пачатку ХІХ ст. мастак Юзаф Пешка.

Мінула дзвесце гадоў.

Калі судны пачалі масава рабіць з жалеза і іх кустарная вытворчасць у Задзвінні прыпынілася, Віцебск не страціў свой «марскі» імідж.

У 1919-м горад стаў базай Заходнедзвінскай вайсковай флатыліі. Роля рачных флатылій у бітвах савецка-польскай і грамадзянскай войнаў недаацэненая. Тым часам колішнія цывільныя параходы і катары маглі разганяць цэлыя кавалерыйскія палкі, падтрымліваючы пяхоту агнём сваіх гармат і кулямётаў. Чатыры кананерскія лодкі флатыліі, пераробленыя з калёсных параходаў і дзве «плаўбатарэі» (з баржаў) дапамагалі чырвоным стрымліваць наступ палякаў між Дрысай і Полацкам. Таксама флатылія запомнілася абстрэлам прыбярэжных вёсак, дзе супраціўляліся нарыхтоўкам драўніны.

Флатылію расфарміравалі ў канцы 1920-га. Яе базай у Віцебску быў маёнтак Лукішкі, што месціўся ў раёне сучаснага мосту Блахіна, на месцы мемарыялу «Тры штыкі».

Якраз у тыя нямірныя гады ў Віцебску працаваў Марк Шагал — і дзівосна, якія радасныя карціны ён ствараў сярод разрухі ды нянавісці. Напрыклад, яго славутая «Прагулка» датуецца 1918-м. Магчыма, як большасць людзей у той час, мастака жывіла надзея на светлую будучыню.

Шагал таксама нарадзіўся на Задзвінні, на вуліцы Пакроўскай. Цяпер там яго музей.

Ушанаваная ў Віцебску і Заходнедзвінская флатылія. Не так даўно на вуліцы Сярэдненабярэжнай, каля дома, у якім ад 1948 месціўся спачатку Ваенна-марскі клуб, а потым — Марская школа, адкрылі невялікі памятны знак ёй.

У гэтым яшчэ дарэвалюцыйным будынку, узведзеным між 1913 і 1917-м, вучылі на марскія спецыяльнасці, а таксама рыхтавалі спартоўцаў — судамадэлістаў і яхтсменаў. З віцебскай Марской школы выйшла нямала майстроў спорту і нават некалькі чэмпіёнаў СССР.

У 2000-м Марскую школу зачынілі і будынак застаўся без гаспадара. Яго б чакаў лёс соцень такіх самых камяніц пачатку ХХ стагоддзя: паступовае разбурэнне, прызнанне немэтазгоднасці рамонту і знос.

Так выглядаў будынак у 2011 годзе. Фота «Віцебскага кур'ера».

Але знайшоўся інвестар, які здолеў пабачыць прыгажосць пад аблупленай бруднай фарбай фасаду.

Густоўнае спалучэнне чырвонай цэглы з акуратнымі белымі элементамі тынкоўкі робіць будынак адным з найпрыгажэйшых у горадзе. 

Выгляд, які займеў будынак пасля рэстаўрацыі, можна лічыць узорным. Звяртае на сябе ўвагу і стратэгія ІТ-кампаніі, якая ўклала грошы не ў хайтэкавы будынак з шкла і бетону, а ў аднаўленне стагадовай камяніцы на атмасфернай ціхай вуліцы, куды не ходзіць грамадскі транспарт.

Брама да рамонту была проста закладзеная цэглай. І звярніце ўвагу на швы паміж цаглінамі і каваную рашотку.

У тым, каб аддаць перавагу старому дому, ёсць не толькі сантымент да гісторыі, але і дальнабачнасць інвестараў.

«Гэта прыгожы будынак у прыгожым месцы, з яго вокнаў адкрываецца прыгожы від, — кажа супрацоўніца кампаніі.

— Яшчэ калі толькі падыходзіш да цаглянай брамы, бачыш гэтыя сцены метровай таўшчыні, ужо адчуваеш яго атмасфернасць».

У будынку месцяцца не толькі працоўныя кабінеты. Тут ёсць навучальны цэнтр, у якім спрабуюць свае сілы будучыя супрацоўнікі кампаніі.

Ёсць перамоўная, дзе часам адбываюцца і заняткі па англійскай мове. Вядома, ёсць кухня і пакой адпачынку.

У будынку на гэты момант працуюць 52 чалавекі. Месца можна не эканоміць: некаторыя пакоі — па 80 метраў плошчай. У памяшканнях многа гуку: дапамагаюць чатырохметровыя столі.

У працоўных кабінетах наладжана сучаснае асвятленне, хоць і вокны досыць вялікія для будынка ХІХ стагоддзя.

Яшчэ адна зручнасць — офісная паркоўка на 25 машын — дазваляе вырашыць вечную праблему гарадскога цэнтра.

Дый сама вуліца складаецца ўсяго з чатырох дамоў. Сярэдненабярэжная вельмі старая. Яна ёсць яшчэ на гарадскіх картах мінулых стагоддзяў. У канцы пазамінулага стагоддзя вуліца мела назву 3-й Ніжненабярэжнай. У сістэме віцебскіх верхне-сярэдне- і ніжненабярэжных вуліц можа разабрацца толькі спецыяліст. У царскія часы ў Віцебску былі па 2 верхненабярэжныя і 2 ніжненабярэжныя вуліцы.

Фрагмент карты Віцебска 1910-х гадоў.

Віцебскі краязнавец Віктар Барысенкаў мае тэорыю, што іх нумары пазначалі часткі горада, у якіх вуліцы знаходзіліся: «3-я Ніжне-Набярэжная месцілася ў 3-й частцы города (Задзвінне), 2-я — у 2-й (Заручэўе), на процілеглым беразе Дзвіны. 1-й — не было зусім. У 1-й частцы горада (Узгор’е) была 1-я Верхне-Набярэжная, а ў 3-й — 3-я Верхне-Набярэжная».

Вуліца Сярэдненабярэжная (бачная за Дзвіной) на адным з першых каляровых фота Віцебска. 1913 год.

Граніцай паміж парамі Верхне- і Ніжненабярэжных вуліц быў Дзвінскі мост, каля якога ў 1919-м разбіўся параход «Надзея» і загінула сто пасажыраў. Мост збудавалі ў 1860-я, калі ў Віцебск прыйшла чыгунка. Да таго масты цераз Дзвіну былі сезонныя: іх штогод зносіла паводкай, а ў пачатку лета жыхары дружна наводзілі новую пераправу.

А ўзімку «мастом» рабіўся тоўсты лёд на Дзвіне. На ім адбываліся традыцыйныя зімовыя бойкі паміж моладдзю з розных частак горада — звычка, што захоўвалася ў Віцебску ці не з часоў варажскай вольніцы.

«У даўнія часы, калі Задзвінская слабада злучалася з замкавай часткай Віцебска з дапамогай чаўноў, а пазней — па адзіным свайным драўляным мосце, здавалася, што гэтая частка горада трохі адасаблялася і спаборнічала з левабярэжжам і ў промыслах, і нават у кулачных баях», — кажа Віктар Барысенкаў. Тыя, апісаныя яшчэ Нікіфароўскім баі на дзвінскім лёдзе дажылі як традыцыя да ХХ стагоддзя.

Пасля Другой сусветнай на месцы Дзвінскага паставілі Кіраўскі мост.

На Сярэдненабярэжнай суседзяць камяніцы ХІХ стагоддзя і прыватныя драўляныя дамкі з аканіцамі.

Непадалёк яшчэ адзін цагляны будынак, які з год дзесяць таму палохаў сваім выглядам мінакоў. Цяпер у ім месціцца ЗАГС Чыгуначнага раёна горада.

Калі ён толькі адчыніўся, віцебцы, незалежна ад месца жыхарства, утварылі чаргу на многа месяцаў наперад, каб тут распісацца. 

Брэст: офіс пры Мільённай

У Брэсце ІТ-кампанія VRP Consulting абрала іншую стратэгію асваення гарадской прасторы. Яе офіс размясціўся на пешаходнай вуліцы Савецкай — у самым сэрцы брэсцкага Сіці.

Ён займае цэлую мансарду на чацвёртым паверсе будынка па Савецкай, 80. «Раней у нас тут былі суседзі, але мы разрасліся, цяпер мы ў мансардзе адны», — кажа супрацоўніца кампаніі Тамара. Цяпер у офісе працуе больш за 40 чалавек.

Фота Іны Хоміч.

Фота Іны Хоміч.

Фота Іны Хоміч.

Актуальнае для ўсіх мансардаў пытанне летняй духаты вырашаецца з дапамогай прамысловых кандыцыянераў.

Фота Іны Хоміч.

Фота Іны Хоміч.

Фота Іны Хоміч.

Фота Іны Хоміч.

VRP Consulting мае ў Брэсце два офісы. Той, што на Савецкай, выконвае яшчэ функцыю адукацыйнага цэнтра.

Кожны ахвотны можа запісацца на бясплатныя анлайн-курсы праграмавання, а пасля, калі справа прыйдзецца да душы, прыйсці на сумоўе.

Калі тэхнічныя веды і англійская мова будуць на дастатковым узроўні, чалавек 6 месяцаў стажыруецца ў якасці інтэрна пад кіраўніцтвам праграміста-ментара. Пасля, здаўшы іспыты, учорашні інтэрн атрымлівае працу ў кампаніі.

Фота Іны Хоміч.

Атрымаць разгрузку ад пісання кодаў і навучання можна ў пакоі адпачынку з тэнісным сталом або на агляднай пляцоўцы.

Фота Іны Хоміч.

Пляцоўка — фішка гэтага офісу. Яна месціцца на рагу будынка і з яе адкрываецца выдатны від на Савецкую і прылеглыя вуліцы. Летам тут можна пагрэцца, папіць кавы, паразмаўляць.

Адзіная нязручнасць, якая ёсць, прызнаюцца работнікі, гэта паркоўка. Спецыяльнай пляцоўкі, як у Віцебску, тут няма, і пасля 8.30 нерэальна паставіць аўто дзесьці паблізу. Гэта матывуе з'яўляцца на працы чым раней. Дый сярод супрацоўнікаў багата студэнтаў, якія аддаюць перавагу роварам.

Фота Іны Хоміч.

Брэст — вялікі горад на 350 тысяч жыхароў — не мае вызначанага галоўнага праспекта. Савецкая — адна з вуліц, якая прэтэндуе на ролю артэрыі гарадскога жыцця. Яна пранізвае ўсю цэнтральную частку горада ад чыгуначнага вакзала да ракі Мухаўца.

Фота Іны Хоміч.

Савецкая гістарычная, наколькі гістарычны ўвесь сучасны Брэст — горад, які ўзнік на цяперашнім месцы 180 год таму. (Старое тысячагадовае Берасце знаходзілася там, дзе цяпер крэпасць. Каб яе збудаваць, горад разбурылі, а жыхарам загадалі перасяліцца на два кіламетры на ўсход.)

Пешаходная Савецкая, якая стала адным з брэндаў сучаснага Брэста, у часы Расійскай імперыі была спраектаваная ў выглядзе дзвюх вуліц: Мільённай (ад чыгункі да вуліцы Гогаля) і Паліцэйскай (ад Гогаля да Мухаўца). Кожная з частак была прэстыжная па-свойму. На Мільённай жылі камерсанты, людзі з капіталамі, а Паліцэйскай аддавалі перавагу чыноўнікі.

Калі ідзеш ад вакзала, на пачатку Савецкай мінаеш універсітэцкую аранжарэю. На двух яе ярусах мноства рэдкіх трапічных раслін — гэта ўздымае настрой у шэры пераходны сезон.

А зусім побач нечакана трапляем, як і ў Віцебску, на марскую тэматыку. Адзін з самых выяўных брэсцкіх храмаў — царква Святога Мікалая, была збудаваная на сродкі берасцейцаў — удзельнікаў руска-японскай вайны — у памяць загінулых таварышаў.

Вуліца Савецкая сама па сабе — другі па значнасці турыстычны аб'ект пасля крэпасці працягласцю амаль у 2 кіламетры.

Хто толькі не хадзіў па ёй! Царскія генералы, міжваенныя модніцы, дзеячы нацыянальнай культуры і бальшавіцкая дэлегацыя, што прыехала ў Брэст у 1919-м дзяліць Усходнюю Еўропу.

А побач у дварах міжваенны канструктывізм сустракаецца з готыкай.

Хоць гарадская забудова ХІХ стагоддзя ў гістарычнай частцы Брэста не дамінуе. Горад, і канкрэтна тая частка вуліцы Савецкай, што прымыкае да Дзяржынскага, згарэла ў вялікім пажары 1902 года.

Так выглядалі вуліцы Паліцэйская і Мільённая пасля пажару 1902-га. У правым ніжнім куце фота — сённяшняя Савецкая, 80. Фота з архіва Мікалая Аляксандрава.

2020 год. Той жа від з агляднай пляцоўкі офіса VRP Consulting. Фота Іны Хоміч.

А другі раз Брэст быў спалены расійскімі войскамі падчас адступлення ў 1915-м. Леў Троцкі, які ўзначальваў дэлегацыю бальшавікоў на мірных перамовах у Брэсце ў 1918-м, згадваў, што Брэст як горад на той момант «амаль не існаваў».

Большасць будынкаў брэсцкага цэнтра належыць да міжваеннага дваццацігоддзя, калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы. Якраз у той час Брэст стаў цэнтрам ваяводства — эквівалент вобласці — атрымаў стымул для росту і дзяржаўныя датацыі на адбудову.

(У царскія часы горад быў усяго толькі павятовым цэнтрам Гродзенскай губерні.)

Таксама за Польшчай з дзвюх вуліц, Мільённай і Паліцэйскай, зрабілі адну вуліцу Дамброўскага — у гонар польскага афіцэра, атрад якога першым увайшоў у Брэст у 1920-м.

У часе Другой сусветнай нямецкія акупанты далучылі горад да рэйхскамісарыяту «Украіна» і нават дазволілі пераназваць вуліцу Дамброўскага ў Тараса Шаўчэнкі. Але ўжо ў 1943-м яна стала Генералштрасэ — Генеральскай.

Цягам ХХ стагоддзя Брэст амаль страціў свой украінскі, польскі, яўрэйскі складнік. Наймацнейшая метафара сыходу брэсцкіх яўрэяў — кінатэатр на Савецкай.

Мала хто ведае, што яго металічны каркас, які трымае шкляныя праёмы, абаперты на сцены колішняй галоўнай гарадской сінагогі. Харальная сінагога была шасцікутная, створаная па праекце аўстрыйскага архітэктара ў 1860-я.

Сённяшні выгляд яна набыла ў 1970-я. Што ж, таксама свайго роду спосаб захаваць архітэктурную каштоўнасць.

Унутраныя сцены кінатэатра — ад старой сінагогі.

Зусім побач з кінатэатрам невялікая трохкутная плошча Свабоды, якая ў царскія часы была цэнтрам павятовага Брэста. На сценах будынкаў там можна пабачыць і адкрытыя надпісы-вывескі польскіх часоў.

Яшчэ там растуць дубы, пасаджаныя, магчыма, у часы адбудовы Брэста на новым месцы.

А гэтая аптэка на Савецкай неўзабаве адсвяткуе стагоддзе — яна адчынілася ў 1925-м.

Радуе, што будынкі на Савецкай, дзякуючы прыватным бізнэсам, якія іх засялілі, аднаўляюцца. У часы СССР тут панаваў рэзрух і ўсеагульная абшарпанасць. Навошта клапаціцца, калі маеш краіну «ад Брэста да Курыл» і жывеш гераічнымі міфамі? 

Пра абарону Брэсцкай крэпасці ў 1941-м чулі ўсе, але мала хто ведае, што першыя нямецкія бомбы ўпалі на вуліцу Савецкую яшчэ ў 1939-м.

Тут, у гасцініцы паміж сучаснымі рэстаранам «Брэст» і «Дзіцячым светам» спынілася стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага польскім войскам, гнаная немцамі з Варшавы. Надоўга яна тут не затрымалася, адступіўшы далей на поўдзень. А следам па вуліцы Пілсудскага, цяпер Леніна, што ідзе паралельна Савецкай, у тым жа 1939-м прагрукатаў супольны савецка-нямецкі парад.

Дзіўна, што Брэст, што Беларусь неяк выруліла ў ХХ стагоддзі паміж махавікамі чужых інтарэсаў і не была здратаваная ды разадраная на кавалкі. Менавіта гэтая ідэя бачыцца ў помніку Тысячагоддзя Брэста, упрыгажэнні галоўнай вуліцы. 

На ім, нарэшце, свае героі. Заснавальнік — святы Уладзімір Васількавіч, Абаронца — Вітаўт Вялікі з грунвальдскім мячом у руках, Асветнік — Мікалай Радзівіл Чорны з Брэсцкай Бібліяй. Яшчэ дваццаць год таму такі помнік быў тут немагчымы. Пройдзе яшчэ час — і вуліцай Тысячагоддзя, магчыма, стане Савецкая. Бо быццё ў сваім доме, на сваёй вуліцы, у сваёй дзяржаве вызначае свядомасць. Пра Курылы тут успамінаюць усё радзей.

Вось такая гісторыя вуліц, дзе знаходзяцца офісы айцішнікаў з VRP Consulting. Кожны горад мае месцы са сваёй багатай гісторыяй. Ці ведаеце вы, што было на вуліцы, дзе сёння стаіць ваш офіс? Якія гістарычныя падзеі тут адбываліся? Пацікаўцеся — магчыма, вы штодзень прыходзіце ў месца сілы свайго горада.

СМ, фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930