Знайсці
12.02.2020 / 09:137РусŁacБел

Барысаўскі бомж дапамог знайсці дом бадзяжным шчанюкам — і знайшоў жыллё сабе

Кранальная гісторыя, якая днямі адбылася ў Барысаве, пачалася з запіскі, якую пакінуў чалавек без вызначанага месца жыхарства Сяргей у браме валанцёркі Ганны.

Ганна апублікавала запіску ў інстаграме. Людзі адгукаліся не толькі дзеля таго, каб дапамагчы сабачкам, а прапанавалі месца жыхарства і самому Сяргею.

Ганна распавяла гісторыю Сяргея і 10 шчанюкоў «Нашай Ніве»:

«З Сяргеем я завочна знаёмая прыкладна год. Я жыву ў прыватным сектары ў горадзе. Непадалёк цеплатраса. Неяк заўважыла, што там пасяліўся чалавек. Яму каля 50 гадоў, заўсёды чысты, ветлівы. Ён стаў дапамагаць суседзям з рамонтам. Нешта зробіць, яму нальюць талерку супа. З ім мой муж больш кантактаваў, цыгарэтамі частаваў. Расказаў, што ведае толькі тое, што Сяргей прыехаў у Барысаў з Гомеля», — расказвае Ганна.

Мужчына перыядычна знікаў, пасля з’яўляўся зноў.

Чатыры дні таму Ганна на сметніцы непадалёк ад свайго дома заўважыла сабачку, пры якім былі дзясяцёра шчанюкоў. Тут жа быў і Сяргей.

«Ён мне кажа, што падкормлівае іх тут. Лазіць па сметніцы, збірае косткі для сабачкі і яе дзетак. За капейкі, якія знаходзіць, або за тыя, што падкідаюць яму людзі, купляе ў краме малако для шчанюкоў», — расказвае Ганна.

Жанчына вырашыла, што тэрмінова трэба прыстроіць шчанюкоў у добрыя рукі.

«Я днём на працы. Сяргей мне кажа: «Я магу раздаваць шчанюкоў». Я прынесла з дому кошык, мы засцялілі яго. Сяргей з гэтым кошыкам ходзіць да рынку і прапаноўвае шчанюкоў людзям. Цяпер, агульнымі намаганнямі, мы знайшлі дом шасці з іх», — кажа Ганна.

Калі фота запіскі трапіла ў інтэрнэт, адазваліся людзі, якія хочуць дапамагчы самому Сяргею.

«Я сказала Сяргею, што ён стаў зоркай. Напісала жанчына, у якой прыватны дом за 30 кіламетраў ад Мінска. Яна кажа, што Сяргей можа там жыць. Больш за тое, калі ён так любіць жывёл, то можа арганізаваць там штосьці накшталт прытулку. Таксама людзі прапаноўваюць Сяргею грошы. А ён адказвае: «Я яшчэ і вершы магу пісаць. Грошы мне не так патрэбныя, як праца. Я ж здаровы, магу зарабіць сабе сам. Адзенне? А я яго ў сацыяльным цэнтры бясплатна атрымліваю», — перадае словы Сяргея Ганна.

Ці пагадзіўся ён на прапанову пераехаць на новае месца жыхарства, Ганна паабяцала расказаць, як толькі ўдакладніць гэта пытанне ў самога Сяргея.

Наталля Тур 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031