Знайсці
11.02.2020 / 12:403РусŁacБел

Намеснік міністра энергетыкі: У перспектыве пераход на нерасійскае паліва для АЭС магчымы, але расійскае — лепшае

Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк распавёў газеце «Рэспубліка», калі і як будзе запушчаная Беларуская АЭС.

Міхаіл Міхадзюк, фота БелТА

«Загружаны імітатары паліва»

Намеснік міністра расказаў, што зараз на першым энергаблоку АЭС адбываецца гарачая абкатка абсталявання.

«У корпус рэактара загружаны імітатары паліва. Па праграме выходзім на працоўныя параметры па тэмпературы, ціску, апрабоўваем працу ўсіх тэхналагічных сістэм атамнай электрастанцыі, — распавёў намеснік міністра. — За гэтым следам ідзе спыненне энергаблока, яго расхалоджванне. Далей пачнуцца рэгламентныя працэдуры рэвізіі ўсяго тэхналагічнага абсталявання, ліквідацыя выяўленых парушэнняў, пасля чаго можна прыступіць да этапу фізічнага пуску. Завяршальны этап — набор магутнасці да праектнай велічыні».

Ступень гатоўнасці другога энергаблока ацэньваецца ў 70 працэнтаў. Тут вядуцца будаўніча-мантажныя работы па аб'ектах ядзернага і турбіннага астравоў, мантаж асноўнага абсталявання, тэхналагічных трубаправодаў.

«Мы завяршылі набор і падрыхтоўку персаналу па першым энергаблоку, — падзяліўся Міхаіл Міхадзюк. — А вось што тычыцца другога энергаблока, тут набраныя і падрыхтаваныя спецыялісты па ключавых пасадах. У меншай меры набраны персанал рабочых спецыяльнасцяў, дзе курс падрыхтоўкі больш кароткі».

У 2016 годзе ўведзены ў эксплуатацыю вучэбна-трэніровачны цэнтр АЭС з паўнапраўным трэнажорам. 24 лютага на АЭС прыедзе місія МАГАТЭ па ацэнцы нацыянальнай інфраструктуры ядзернай энергетыкі INIR 3. Будзе ацэньвацца гатоўнасць краіны да эксплуатацыі станцыі па ўсім комплексе ядзернай інфраструктуры.

«Да завозу паліва гатовыя»

«Паліва завязуць на станцыю за 1—1,5 месяца да пачатку этапу пуску, — падзяліўся планамі намеснік міністра. — Наяўнасць ядзерных матэрыялаў на пляцоўцы — гэта зусім іншы рэжым працы аховы і допуску персаналу, у тым ліку будаўнікоў, мантажнікаў. Што ж тычыцца інфраструктуры, персаналу — яны да гэтай аперацыі гатовыя».

«Найлепшае паліва для станцый расійскага дызайну — расійскае»

Дыверсіфікацыя крыніц энергіі важная, таму многія задаюцца пытаннем, ці можна выкарыстоўваць ядзернае паліва не толькі расійскай вытворчасці. Якія беларускія планы на будучыню?

«Досвед ёсць. Паліўныя зборкі вытворчасці кампаніі Westinghouse выкарыстоўваюцца на энергаблоках ВВЭР-1000 ва Украіне. Westinghouse таксама пастаўляла паліва для атамнай электрастанцыі «Тэмелін» (Чэшская Рэспубліка), збудаванай па расійскім праекце, — дзеліцца Міхаіл Міхадзюк. — Але, па наяўнай інфармацыі, ён не зусім удалы. Усё ж спецыялісты кажуць: сёння найлепшае паліва для станцый расійскага дызайну — расійскай вытворчасці.

Тэарэтычна ў перспектыве альтэрнатыва не выключана. У цяперашні час па генеральным кантракце на збудаванне АЭС ядзернае паліва для энергаблокаў №1 і 2 БелАЭС пастаўляецца ў выглядзе гатовых цеплавыдзяляльных зборак, вырабленых у Расіі, у аб'ёмах, неабходных для пачатковай загрузкі і наступных першых перагрузак абодвух энергаблокаў. На доўгатэрміновую перспектыву паставак ядзернага паліва ў нас падпісаны кантракт на пастаўку свежага ядзернага паліва паміж ГП «Беларуская АЭС» і АТ «ТВЭЛ».

Што тычыцца абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам, то «раней я згадваў 2028 год як дату будаўніцтва сховішча. Тэхналогіі, закладзеныя ў праекце станцыі, дазваляюць захоўваць адпрацаванае паліва ў сховішчы АЯП, якое знаходзіцца на пляцоўцы станцыі ў гермазоне, да 10 гадоў. Тым не менш трэба думаць над тым, што ж будзе далей, — заўважыў намеснік міністра энергерыкі. — Не пазней за 2023 год будзе выкананы комплекс пошукавых работ па выбары месца размяшчэння пункта пахавання радыеактыўных адходаў БелАЭС і ацэнцы ўздзеяння такога аб'екта на навакольнае асяроддзе».

«Што датычыцца перапрацоўкі АЯП, то, згодна з падпісаным міжурадавым пагадненнем, мы будзем мець магчымасць перапрацоўваць АЯП на расійскіх прадпрыемствах. Мы займаемся падрыхтоўкай адпаведных міжурадавых пагадненняў, адно з якіх тычыцца транспарціроўкі паліва. Яго падпісанне плануецца сёлета», — падзяліўся планамі Міхаіл Міхадзюк.

Экспарт беларускай электраэнергіі

«За апошняе дзесяцігоддзе мы правялі маштабную працу па мадэрнізацыі дзейных электрычных станцый, — кажа энергетык. — Гэта дазволіла краіне па паказчыку выдаткаў паліва на выпрацоўку 1 кВт·гадз выйсці на найлепшыя пазіцыі на постсавецкай прасторы. Асноўным кірункам экспарту быў балтыйскі, а з ліпеня мінулага года пасля лібералізацыі правілаў гандлю з'явілася і ўкраінскае сячэнне. У мінулым годзе экспарт электраэнергіі склаў 2,37 млрд кВт·гадз, у тым ліку ў краіны Балтыі — 1,5 млрд кВт·гадз, ва Украіну — 852,8 млн кВт·гадз Гэта больш чым у два разы вышэй за паказчык 2018 года, — расказаў Міхаіл Міхадзюк. — З уводам у эксплуатацыю атамнай электрастанцыі экспартны патэнцыял беларускай энергасістэмы ўзрасце», — упэўнены суразмоўца. 

Што тычыцца новых тарыфаў на электраэнергію і з'яўленне так званых «электрадамоў», намеснік міністра тлумачыць: «Тарыфы фарміруем не мы, а МАРГ. Што тычыцца тарыфаў на энергазабеспячэнне дамоў за кошт электрычнай энергіі, яны прынятыя. Вядома, гэта не канчатковая канстанта на доўгія гады, яна можа мяняцца. У першую чаргу гэта залежыць ад цаны газу на ўваходзе ў краіну, іншых умоў. Але сёння ўсе рашэнні па стымуляванні эксплуатацыі такога жылля прыняты».

Аб прэтэнзіях літоўскага боку

Зараз у СМІ абмяркоўваюцца даклад Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы і інцыдэнт, які адбыўся ў чэрвені 2019 года на Беларускай АЭС. Літоўскі бок сцвярджае, што беларускія ўлады хаваюць інфармацыю аб рэальнай сітуацыі на БелАЭС.

«Што тычыцца так званага «засакрэчанага інцыдэнту», дадзены выпадак узгарання ў металічным вядры астатку фарбы, прыгатаванай на растваральніку, адбыўся ў маі 2019 года па віне аднаго з рабочых, які ў парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі закурыў у нявызначаным месцы побач з вядром з фарбай, што прывяло да ўзгарання фарбы і задымлення памяшкання. Узгаранне было аператыўна ліквідавана з ужываннем вогнетушыцеля. Сістэма пажарнай сігналізацыі спрацавала штатна. Пашкоджанняў абсталявання, будаўнічых канструкцый не было.

Дадзены выпадак быў зарэгістраваны, расследаваны ў вызначаным парадку. Вінаватыя прыцягнуты да адказнасці: парушальнік і адказная асоба — майстар — звольненыя. Калі б ўзгаранне прывяло да пашкоджанняў абсталявання або будаўнічых канструкцый, якія ўплываюць на бяспеку АЭС, грамадскасць была б паінфармаваная. МАГАТЭ вызначаны парадак апавяшчэнняў аб здарэннях на АЭС. Дадзенае здарэнне па рэгламенце не патрабуе паведамлення. Інцыдэнт адбыўся ў пешаходна-кабельным тунэлі, дзе праводзіліся фарбавальныя працы сцен і столі. Ніякай пагрозы для будынка рэактара і тэхналагічных сістэм не было, а таксама не было пагрозы да падрыхтоўкі да завозу ядзернага паліва, якое на пляцоўку не паступала», — запэўнівае намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031