Знайсці
10.02.2020 / 20:5015РусŁacБел

Ці звязаны рост даляра да рубля з вынікам нафтавых перамоў і што будзе з курсам далей? Прагноз

Курс даляра пабіў леташні рэкорд. 10 лютага курс даляра склаў 2,178 беларускага рубля. Ці звязаны рост з вынікам нафтавых перамоў? Як беларускі рубель вытрымае рашэнне купляць расійскую нафту па рынкавых цэнах?

Эканаміст Сяргей Чалы паміж гэтымі падзеямі сувязі не бачыць.

«Ва ўсім свеце расце даляр. Так, у нас, напэўна, ёсць нейкае павышэнне попыту, але не думаю, што яно моцна звязана з гэтым знешнім фактарам. Гэта нейкія кан’юнктурныя хістанні.

Што будзе з далярам, насамрэч вельмі складана казаць, бо афіцыйная палітыка Нацбанка такая: у іх няма мэты трымаць пэўны курс. Першая рэакцыя на знешнія шокі якраз-такі павінна прыводзіць да зменаў курса, каб вяртаць макраэканамічную раўнавагу. У Нацбанку цалкам былі б нават рады гэтым аўтаматычным зменам.

Іншая справа, што год выбарчы. Тут задача эканамічная можа пярэчыць задачы палітычнай — дэманстраваць стабільнасць».

Сяргей Чалы не бачыць сур’ёзных рызык, «для таго каб мы значныя рухі курса заўважылі».

Ён нагадвае, што некалькі разоў у нас ужо быў даволі вялікі рост даляра і Нацбанк ніяк не ўмешваўся. Урэшце, курс потым вяртаўся.

«Цяпер трэба глядзець на хістанні рубля не як на падставу хвалявацца, а наадварот — гэта здаровая рэакцыя нармальнай эканомікі», — падсумоўвае эксперт.

З чым звязаны рост даляра ва ўсім свеце, складана адказаць.

«Верагодна, і Брэксіт нейкую ролю адыграў, і тое, што адбываецца з рынкамі сыравіны. Трэба ведаць, што рост курса — гэта не нейкі наш феномен. Калі паглядзець, многія валюты супраць даляра ў апошні месяц аслаблі», — каментуе Сяргей Чалы.

А вось старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Ёсуб, наадварот, лічыць, што цяперашняя змена валютнага курса ўпіраецца ў сітуацыю з нафтай.

«Асноўная нявызначанасць звязана са скарачэннем паставак расейскай нафты, і эфект ад гэтага мы ўжо на сабе адчуваем апошнія тыдні.

Верагодней за ўсё, моцна скарацілася валютная выручка ад экспарту нафтапрадуктаў і, як вынік, замежныя валюты растуць. Вось даляр спачатку года ўжо больш, чым на 3,5% вырас.

Апошняя заява віцэ-прэм’ера Крутога наконт перамоў па нафце, з майго пункту гледжання, нічога не азначае. У нас цана на нафту складаецца па формуле «рынкавы кошт — экспартная пошліна + прэмія». Уласна кажучы, вакол прэміі расейскім прадаўцам нафты і быў канфлікт апошнія два месяцы і наконт іх павінны былі ісці перамовы. Ад таго, наколькі хутка ўдасца дамовіцца, на якіх умовах, вельмі моцна будзе залежаць дынаміка курса. Цяпер пакуль незразумела, ні якая будзе цана, ні якія будуць аб’ёмы, ні калі гэтыя аб’ёмы пойдуць. Таму прагнозы рабіць складана», — дзеліцца Вадзім Ёсуб.

Што да наступных выбараў, то, па словах эксперта, яны не павінны паўплываць на курс даляра — з 2015 года ён складаецца пад уздзеяннем попыту і прапановы, а не вызначаецца ўладай.

«Макраэканамічная палітыка ўрада і Нацбанка дастаткова адэкватная. Інфляцыя зніжаецца, дырэктыўныя крэдыты таксама паступова скарачаюцца. Пад выбары чакаецца рост заробкаў бюджэтнікаў, але гэтыя сродкі былі прадугледжаны ў бюджэце, значыць, грошай на гэта друкаваць не будуць. Таму чыста пад выбары ніякіх сюрпрызаў на валютным рынку я б не чакаў», — адзначае аналітык.

Пра тое, што нявызначанасць па нафтавым пытанні ўплывае на курс, кажа і эканаміст Дзмітрый Крук.

«Калі гэтая няпэўнасць працягнецца, чаканні могуць пагоршаць, і, адпаведна, насельніцтва і прадпрыемствы таксама могуць павялічыць свой попыт на замежную валюту», — мяркуе эксперт.

Дзмітрый Крук не выключае горшых сцэнароў.

«Калі сітуацыя для беларускай эканомікі будзе зусім неспрыяльная, то магчыма, што ваганні курса будуць даволі істотнымі — да 15%».

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера