Знайсці
10.02.2020 / 17:3924РусŁacБел

Ці будзе наступны сезон мінскага «Дынама» ў КХЛ? У клуба вялікія фінансавыя праблемы

На бягучы сезон ледзь наскрэблі $5 мільёнаў, бо асноўны спонсар, «Беларуськалій», даў утрая менш запытанай сумы. Максімальны заробак хакеістаў цяпер — у раёне 400 тысяч даляраў за сезон.

На мінулым тыдні генеральны дырэктар хакейнага «Дынама» публічна папрасіў у прыватнага беларускага бізнэсу грошай і пазначыў прычыны: «Дзяржаўнае фінансаванне няўхільна скарачаецца». 

Сапраўды, Лукашэнка яшчэ ў 2016-м пагражаў змусіць «Дынама» да самастойнага пошуку сродкаў, паўтараючы потым гэта з году ў год. 

Але, відаць, пагроза стала рэальнай толькі цяпер. 

Фота з сайта «Дынама»

Вядома, што бюджэт «Дынама» складаецца з грошай, якія пераводзяць «спонсары» клуба — дзяржаўныя арганізацыі. 

Знаёмыя з фінансавымі справамі клуба сцвярджаюць, што бюджэт імкліва скарачаўся і прасеў з прыкладна 15 мільёнаў долараў два гады таму да 5 мільёнаў долараў сёлета. Прычыны — у хранічна падвальных месцах «Дынама» у табліцы КХЛ. 

Але нават тыя пяць мільёнаў сёлета ледзь назбіралі, бо асноўны спонсар, «Беларуськалій», даў утрая менш запытанай сумы, гэтую дзірку закрываў МТЗ. 

Куды ідуць грошы? Вядома, асноўныя выдаткі клуба — гэта заробкі хакеістаў. 

У сезоне 2018—2019 «Дынама» ужо пачало пазбаўляцца ад кантрактаў-мільённікаў (што азначае ганарар хакеіста ў мільён долараў за сезон ці больш).

Апошні такі кантракт, пэўна, быў у фіна Цеему Пулкінена, якога ў выніку «здалі» у маскоўскае «Дынама», акупіўшы на ўгодзе палову сумы яго кантракту.

Цяпер, як кажуць абазнаныя, максімальны заробак некаторых легіянераў — у раёне 400 тысяч долараў за сезон, а Касціцын-старэйшы, напрыклад, атрымлівае блізу 200 тысяч долараў. 

«Моладзь» каманды-аўтсайдара зарабляе менш: каля $ 50 тысяч долараў. Але гэта вымушаная лічба, бо сама ліга выстаўляе ніжнія ліміты заробкаў у клубах.

Непублічная лічба ніжняга заробку ў КХЛ для хакеіста ад 22 гадоў — $47 тысяч, плаціць менш забаронена.

Так яны спрабуюць трымаць нейкі «прэстыж».

Але звычайна, з улікам бонусаў, зарабляюць хакеісты яшчэ больш. 

Беларуская Федэрацыя хакея хіба не адзіная, хто бадаецца з КХЛ за гэты пункт і спрабуе дабіцца паніжэнняў ліміту, бо ва ўнутраным чэмпіянаце Беларусі, напрыклад, ніжні ліміт заробку — $12 000, а верхні — $25 000, удвая меншы за ніжні КХЛ. 

Што з самаакупнасцю каманды? Крыніцы, блізкія да «Дынама», сцвярджаюць, што па ўсёй лізе КХЛ выдатным вынікам лічыцца 5% самаакупнасці, а «Дынама», маўляў, да іх яшчэ не сягае — акупляецца толькі «офіс», пад чым разумеецца менеджмент і маркетынг. 

Таму няяснай застаецца прычына прывабнасці інвестыцый у «Дынама», а яго будучыня ў КХЛ без дзяржаўных датацый выглядае туманнай — на наступны сезон грошай даваць не хочуць. 

Адзін са спартыўных функцыянераў пракаментаваў «Нашай Ніве» сітуацыю з «Дынама» так: «Няма грошай — няма чаго мучыцца. Каб быць нароўні з найлепшымі, трэба і плаціць па сусветных цэнах, але дзе гэтыя грошы ўзяць? І ўсё роўна ствараецца сітуацыя, калі мы спрабуем плаціць канкурэнтныя заробкі, але лузерам, у надзеі, што яны пачнуць гуляць, але цудаў не бывае», — коратка сказаў ён. 

Мы спыталіся таксама ў прэс-сакратара «Дынама» Рамана Странгіна аб фінансавым становішчы клуба, а таксама аб планах каманды на выпадак, калі інвестары не знойдуцца. 

«Нічога не магу каментаваць, гэта камерцыйная таямніца. Але месца «Дынама» у КХЛ не пад пагрозай», — запэўніў ён. 

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930