Знайсці
08.02.2020 / 20:142РусŁacБел

Кітайскі Вялікі Брат развівае новыя здольнасці: вызначэнне ў натоўпе людзей з тэмпературай з адначасовай ідэнтыфікацыяй асобы. Нават калі ты ў масцы

Міністэрства прамысловасці Кітая разаслала зварот да кампаній, якія займаюцца распрацоўкамі ў галіне штучнага інтэлекту (ШІ), з заклікам дапамагчы ў барацьбе з успышкай новага каранавіруса, які выклікае ў людзей цяжкую пнеўманію. Кітайскія кампаніі ў адказ адна за адной спяшаюцца пахваліцца новымі тэхналогіямі.

Кампанія Megvii, якая спецыялізуецца на тэхналогіях распазнавання твараў, у аўторак заявіла, што з дапамогай міністэрстваў прамысловасці і навукі распрацавала новы метад выяўлення і апазнання людзей з павышанай тэмпературай. Яе «ШІ-сістэма вымярэння тэмпературы» рэгіструе тэмпературу цела людзей цеплавымі камерамі і адначасова выкарыстоўвае метады апазнання чалавека па твары і целе. Гэтую сістэму ўжо тэсціруюць у адным з раёнаў Пекіна, паведамляе агенцтва «Ройтэрз».

Іншая перадавая ШІ-кампанія SenseTime удасканаліла аналагічную сістэму, прызначаную для выкарыстання на ўваходах у будынкі. Яе наватарства ў тым, што яна здольная ідэнтыфікаваць людзей, нават калі яны ў масках. (Цяпер у гарадах Кітая людзям без масак хадзіць не рэкамендуюць.)

Вытворца камер відэаназірання Zhejiang Dahua гарантуе, што яго інфрачырвоныя камеры здольныя рэгістраваць тэмпературу, павышаную ўсяго на 0,3 ºC.

Кітайцы, якія знаходзіліся ў кантакце з носьбітам хваробы, расказваюць, што ім забаронена выходзіць з дома. Адзін чалавек расказаў, што, калі ён вырашыў прагуляцца ў парк, яму праз некалькі хвілін патэлефанавалі з паліцыі. Сістэма аб'яднаных відэакамер ідэнтыфікавала яго, інфармацыя пра гэта адразу паступае ў МУС. Паралельна сігнал пра «няправільны» ўчынак чалавека быў адпраўлены на месца ягонай працы.

Але найбольш кітайскі Вялікі Брат сёння заняты цэнзурай «падрыўных» паведамленняў у сацыяльных сетках. Забаронена «распаўсюджваць чуткі», «сеяць паніку» і «замахвацца на асновы грамадскага парадку». Трагічным сімвалам новай эпідэміі ва ўмовах лічбавай дыктатуры стаў доктар Лі Вэньлянь.

30 снежня мужчына напісаў паведамленне ў чаце з былымі аднагрупнікамі з папярэджаннем, што ў яго бальніцу трапілі сем чалавек з сімптомамі атыповай пнеўманіі.

На наступны дзень, 31 снежня, мясцовыя ўлады выклікалі Лі Вэньляня для тлумачэнняў.

Паліцыя абвінаваціла Лі ў «распаўсюдзе чутак» і «сур'ёзным парушэнні грамадскага парадку». Яго і яшчэ сем дактароў затрымалі. Толькі 20 студзеня ўлады Кітая прызналі, што новы каранавірус перадаецца ад чалавека да чалавека. 28 студзеня доктара Вэньляня рэабілітуюць, але позна: ад 12 студзеня ў яго развіліся сімптомы хваробы, 7 лютага ён не вытрымаў. 

Многія назіральнікі мяркуюць, што праўдзівая колькасць хворых у Кітаі большая, чым афіцыйна паведамляецца, больш і памерлых ад новай пнеўманіі.

Сяргей Гезгала; фота Wikimedia Commons

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930