Знайсці
13.02.2020 / 09:1740РусŁacБел

«Які гарант, такая і дзяржаўнасць». Былы пасол Польшчы ў Беларусі лічыць, што нафтавы канфлікт закончыцца як і ў 2010-м

Фота Kremlin.ru.

Пра якія перамены ў Беларусі можна гаварыць, калі там дагэтуль няма ніводнага ўніверсітэта на беларускай мове, піша ў польскай газеце «Жэчпасполіта» былы пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка. А тым, хто лічыць Аляксандра Лукашэнку гарантам суверэнітэту, ён адказвае: «які гарант, такая і дзяржаўнасць».

«Перад прэзідэнцкімі выбарамі, якія былі запланаваныя на снежань 2010 года, востра пагоршалі беларуска-расійскія адносіны. Масква адмовілася пастаўляць нафту на льготных умовах і падвысіла цэны на газ, — нагадвае амбасадар Шарэпка. — У расійскіх СМІ пачалася скаардынаваная кампанія па дыскрэдытацыі беларускага лідара, якога адкрыта абвінавацілі ў палітычных забойствах і фінансавых махінацыях. Лукашэнка пачаў трапятацца, спрабуючы забяспечыць альтэрнатыўныя крыніцы паставак энергіі. Ён зрабіў некалькі нязначных жэстаў у дачыненні да ЕС, праўда, у Бруселі іх заўважылі. За некалькі тыдняў да выбараў Мінск наведалі кіраўнікі МЗС Польшчы і Германіі, якія ў абмен на змену інтэграцыйнага вектара прапанавалі беларускаму кіраўніку значную фінансавую дапамогу ў рамках так званага Joint Interim Plan («Сумеснага прамежкавага плана»). Візіт успрынялі як падтрымку беларускага дыктатара Захадам», — піша Шарэпка.

«Памяць палітыкаў кароткая, і палітычная сітуацыя вакол Беларусі пачынае нагадваць сітуацыю 10-гадовай даўніны, — мяркуе былы польскі дыпламат. — Новыя прэзідэнцкія выбары прызначаны на лета 2020 года. Фаварытам з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка, які ўжо паклапаціўся пра тое, каб у краіне не было рэальнага канкурэнта.

Расія зноў адмовілася пастаўляць у Беларусь нафту на льготных умовах. Кіраўнік Беларусі пачаў дэманстратыўна арганізоўваць альтэрнатыўныя маршруты для паставак сыравіны, загадзя ведаючы, што яны не забяспечаць рэнтабельнасць беларускіх НПЗ. У той жа час з'явілася тэза, што гаворка ідзе не пра нафту, а пра незалежнасць. Амерыканцы вырашылі прадэманстраваць падтрымку прэзідэнту Лукашэнку.

У пачатку лютага Мінск наведаў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа, які заявіў, што яго краіна зможа забяспечыць Беларусь неабходнай колькасцю нафты на прывабных умовах. Цікава, ці будуць гэтыя абяцанні такімі ж надзейнымі, як тыя, што выказалі дыпламаты ЕС?

Крызіс дзесяцігадовай даўніны скончыўся тым, што Аляксандр Лукашэнка, гуляючы на падтрымку Захаду, дасягнуў пагадненняў з Масквой па спрэчных пытаннях да дня галасавання. Дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцы Мінска 19 снежня ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, жорстка пабілі. Некалькі соцень чалавек адправілі ў турму. Беларускі дыктатар, задаволены самім сабой, публічна заявіў, што ён ужо стаміўся ад гэтых бясконцых размоў пра дэмакратыю. Гэты сцэнар не трэба паўтараць сёлета, — засцерагае Лешак Шарэпка. — Апазіцыя зараз значна слабейшая, чым тады. Адміністрацыйных мер дастаткова для яе ўціхамірвання. Расія застаецца праблемай. І тут, як і ў 2010 годзе, прэзідэнт Лукашэнка паспрабуе выкарыстаць падтрымку Захаду ў перамовах. Застаецца пытанне, наколькі гэта будзе эфектыўным метадам зараз?» — задаецца пытаннем Шарэпка.

«Мне заўсёды было цікава, чаму ў дэмакратычных краінах існуе так шмат палітыкаў, якія гатовыя сыграць ролю карысных ідыётаў і ў выпадку крызісу кінуць беларускаму дыктатару выратавальны круг? — пытае Шарэпка. — Матывацыі, безумоўна, розныя. Некаторыя вынікаюць з цынізму, іншыя — ад няведання альбо wishful thinking, мыслення марамі. Прыхільнікі падобных акцый часцей за ўсё выкарыстоўваюць аргумент, што Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца адзіным гарантам беларускай дзяржаўнасці, і лепш, каб над Бугам стаяў беларускі, а не расійскі салдат. Аргумент салідны, але непраўдзівы. Так і карціць напісаць: які гарант, такая і дзяржаўнасць», — рэзка піша Шарэпка.

«Беларуская дзяржава знойдзе пастаяннае месца на карце свету толькі ў тым выпадку, калі дамінуючая большасць грамадзян прызнае, што яна, дзяржава, прадстаўляе іх інтарэсы і дазваляе ім рэалізоўваць свае нацыянальныя памкненні, — кажа Шарэпка. — Аднак прэзідэнт Лукашэнка лічыць, што дзяржава — гэта ён. З самага пачатку свайго кіравання ён падразаў карані беларускай дзяржаўнасці. Ён нават паставіў пад сумнеў сам факт існавання асобнай беларускай нацыі, сцвярджаючы, што беларусы гэта рускія са знакам якасці. Дыктатар, які не ўмее свабодна размаўляць па-беларуску, праводзіць палітыку вывядзення гэтай мовы са сферы грамадскага жыцця і адукацыі. Рэжым выступае супраць адкрыцця хаця б аднаго ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Дзяржаўная ідэалогія грунтуецца на савецкіх стандартах, а эканоміка на адміністрацыйна-каманднай сістэме і ручным кіраванні. Перыядычныя эканамічныя крызісы правакуюцца не варожымі сіламі, а памылковай палітыкай прэзідэнта, які душыць прадпрымальніцтва і паглыбляе залежнасць ад Расіі.

У кнізе «Абліччы Беларусі», якая выйшла некалькі гадоў таму, я напісаў, што беларуская армія — гэта, фактычна, частка расійскай арміі. Я не ведаю ніякіх аргументаў, якія маглі б абвергнуць гэта, а на прыкладзе вучэнняў «Захад» можна пабачыць, што беларуская армія гатовая выконваць задачы, якія мала адносяцца да абароны суверэнітэту рэспублікі. Беларускі і расійскі салдат зараз адрозніваюцца, максімум, уніформай і нашыўкамі. Ігнараванне гэтага факту падчас рэальнага канфлікту можа мець фатальныя наступствы.

Лешак Шарэпка, былы пасол Польшчы ў Беларусі.

Пра тое, што мы ігнаруем факты і вяртаемся да старых скампраметаваных ідэй, сведчаць, у тым ліку, нядаўнія заявы палітыкаў, якія прадстаўляюць кіраўнічую кааліцыю ў Польшчы. Робяцца заявы, што ў сувязі з расейскай пагрозай у найбліжэйшы час Беларусь стане абсалютным прыярытэтам польскай дыпламатыі, што для прэзідэнта Лукашэнкі павінна быць створана альтэрнатыва. Прынцып тут такі: лепш у Мінску сядзіць д'ябал, абы не м**каль. Аднак мне здаецца, што дапушчэнні гэтай палітыкі грунтаваліся на цалкам ілжывай аснове. Аляксандр Лукашэнка ментальна з'яўляецца неад'емнай часткай «рускага свету». Ён перакананы, што Захад нясе большую пагрозу для яго ўлады, чым Расія.

Прэзідэнт Лукашэнка зацікаўлены ў заходніх фінансах, тэхналогіях і падтрымцы барацьбы з Масквой, але не ў інтэграцыі на ўмовах ЕС, таму што рэжым, які ён стварыў, з'яўляецца па сутнасці антыеўрапейскім, а таксама антыпольскім. Беларускі дыктатар, нават больш за расійскага прэзідэнта, карыстаецца савецкімі ўзорамі для маніпулявання гісторыяй.

Гэта не значыць, што Беларусь не павінна быць прыярытэтам для Польшчы. Так ці інакш, размова пра гэту краіну ў гэтым кантэксце здаецца банальнай ісцінай. Да Беларусі трэба ставіцца так не з-за Расіі, а з-за супольнай гісторыі, супольных меж і шматлікіх нацыянальных меншасцяў абапал мяжы. І так было шмат гадоў. Праблема была ў тым, якім зместам трэба напоўніць гэтую палітыку.

Суверэнная, дэмакратычная Польшча звычайна імкнулася кіравацца прынцыпам, што падтрымліваць трэба асновы беларускай дзяржаўнасці і развіццё грамадзянскай супольнасці, а не непасрэдна рэжым Аляксандра Лукашэнкі. І няпраўда, што для рэалізацыі такой палітыкі няма адэкватных інструментаў. Самым танным і эфектыўным крокам было б скасаванне віз для беларусаў, да чаго Польшча павінна імкнуцца. Блакаванне такога рашэння пад падставай пагрозы бяспецы незразумела. Асабліва калі ўлічваць, што ў гэты ж час сотні тысяч нелегальных мігрантаў прыбываюць у ЕС. Таксама цяжка патлумачыць адмову ад імплементацыі Пагаднення аб малым памежным руху, а таксама чарапашыя тэмпы мадэрнізацыі і пашырэння памежнай інфраструктуры», — прапануе Лешак Шарэпка.

«Калі ў Варшаве ёсць сумневы адносна сапраўдных намераў прэзідэнта Лукашэнкі, іх можна лёгка праверыць, выкарыстоўваючы ў якасці лакмусавай паперы Лукашэнкава стаўленне да палякаў, якія жывуць у Беларусі, якія па-ранейшаму падвяргаюцца дыскрымінацыі і пазбаўлены асноўных правоў, прапісаных у дагаворах. Гэтая сітуацыя толькі пацвярджае, што незалежна ад ацэнкі геапалітычнай сітуацыі падтрымка гэтага рэжыму з'яўляецца контрпрадуктыўнай для Польшчы», — мяркуе Шарэпка.

«Палітычная сістэма, створаная Аляксандрам Лукашэнкам, закасцянела, і ўсё больш накіраваная на ўласнае выжыванне. У інтарэсах суверэннай Беларусі не кансервацыя гэтай сістэмы, а як мага хутчэйшая змена ўлады і стварэнне плюралістычнай палітычнай сістэмы. Толькі гэта можа даць Беларусі новы імпульс для развіцця, які ўмацуе дзяржаву і зробіць яе больш эфектыўнай у адстойванні сваіх інтарэсаў перад імперскім аскалам Расіі. Захад мае шанец дапамагчы беларускаму грамадству ў дасягненні гэтай мэты толькі ў тым выпадку, калі ён будзе навязваць уласны каляндар і палітычны парадак дня Лукашэнку, а не будзе падладжвацца пад яго чаканні», — падсумоўвае былы пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031