Знайсці
07.02.2020 / 19:034РусŁacБел

«Не здзіўляйцеся, калі «Вітэкс» выпусціць гель «Марыся Чарнаброва»

Кастусь Каліноўскі — гэта рэальна папулярны герой.

Вядома, яго вобраз-легенда для масавай свядомасці ўсё больш аддаляецца ад уяўленняў прафесійных гісторыкаў. І тыя могуць не пагаджацца, нават пратэставаць супраць неадпаведнасці новаспечанага «генерала Каліноўскага» і рэальнай гістарычнай постаці. Але гэта ніякім чынам не адменіць працэсу існавання Кастуся ў масавай свядомасці, у якой ён знайшоў пэўнае месца, нават ва ўмовах цяперашняй звышканкурэнцыі культавых сімвалаў.

Каліноўскі надалей працуе на карысць Беларусі, застаючыся пуцяводнай зоркай для многіх прадстаўнікоў нашага народа, якія ўпершыню ступаюць на шлях да беларушчыны.

Андрэй Вашкевіч заўважае, што сёння назіраецца «мілітарызацыя» Кастуся Каліноўскага, у чым бачыць адыход ад кананічнага вобраза савецкага часу. Я ж не лічу гэтую з’яву дрэннай. Насамрэч гэта вяртанне на колы свае. Варта толькі прыгадаць адну з першых беларускіх кінастужак «Кастусь Каліноўскі» (1928), якая ў даваенны час стала адной з самых папулярных. Тут якраз «паўсюль шаблі, пісталеты, стрэльбы» і … каханне.

Рэкламны постар фільма «Кастусь Каліноўскі» (1928).

Нездарма ў час Вялікай Айчыннай вайны партызаны называлі атрады і брыгады імем Каліноўскага, паколькі ён уяўляўся менавіта як самаахвярны змагар, а не нейкі «ідэолаг, прамоўца, палітык», якіх і сёння надта шмат.

Да вобраза Каліноўскага як змагара беларусы звярталіся ў найбольш цяжкія моманты найноўшай гісторыі.

Відавочна, сёння мы перажываем чарговы такі выклік — пад пагрозай існаванне беларускай мовы і культуры.

Як следства — рэакцыя неабыякавых творцаў, няхай і недасведчаных у гісторыі, у выглядзе постараў, фотакалажаў, прынтоў з выявамі Каліноўскага, у якіх няшмат агульнага з сапраўднай постаццю.

Затое будучым навукоўцам будзе з чым папрацаваць, бо ўсё гэта не столькі пра мінулае, колькі пра цяперашняе.

Увогуле, міфалагізацыя, а далей і камерцыяналізацыя найбольш слынных гістарычных вобразаў, — з’ява звычайная для шмат якіх краін. Яскравы таму прыклад кінаіндустрыя. Ці губляе вартасць «Іван Васільевіч мяняе прафесію» ад таго, як у ім паказаны Іван Грозны? Ці зменіцца меркаванне гледача, калі ён даведаецца, што ў фільме названы памылкова год нараджэння цара (1533 замест 1530, пры тым што тады адлік ішоў ад стварэння свету), або калі пачуе згадку пра «ікру баклажанную», якую завезлі ў Масковію толькі ў XVII стагоддзі?

Кадр з фільма «Іван Васільевіч мяняе прафесію».

А што ўжо казаць пра беспрынцыповасць Галівуда, які робіць замах на святое амерыканскай гісторыі — Аўраама Лінкальна, прадстаўляючы яго змагаром з вампірамі.

Вялікай папулярнасцю ў свеце карыстаюцца і псеўдагістарычныя серыялы, кшталту «Вікінгаў», пасля якіх цікавасць людзей да паказаных у іх падзей і галоўных герояў толькі ўзрастае. А тут якраз шлях і да сапраўдных гістарычных даследаванняў.

Можа, і ў Беларусі дайдуць да таго, што здымуць фільм, а тое і серыял (вось табе, АНТ ідэя!), у якім Каліноўскі паўстане змагаром супраць уладара вампіраў Мураўёва-Вешальніка, ці пра тое, што брат Кастуся, Віктар Каліноўскі, насамрэч не памёр, а выправіўся ў эміграцыю або стаў падарожнікам у часе.

Ці, можа, калі-небудзь паўстанне 1863-1864 гадоў зробіцца сюжэтам не толькі настольнай, але і камп'ютарнай гульні. Альбо кампанія «Wargaming.NET» на дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага дадасць у сваю гульню аднайменнага камандзіра танкавага экіпажа, які будзе падчас віртуальных баёў выдаваць цытаты з «Мужыцкай праўды». Ці можа цырульні прапануюць фрызуры «Кастусь», WOODMAN зробіць кашулю «Васіль Світка», у «Бусліку» з’явяцца дзіцячыя чамаркі, «Вітэкс» выпусціць гель «Марыся Чарнаброва», а ў межах Belarus Fashion Week пройдзе паказ калекцыі «Паўстанцкая». Шлях да нечага падобнага якраз палягае праз постары і коміксы.

І няма ў тым нічога дрэннага, што гісторыкаў разумеюць не так, як яны б хацелі. У шэрагу выпадкаў гэта нават добра, бо гісторыкі таксама могуць памыляцца, асабліва калі становяцца на шлях падмены фактаў уласным меркаваннем, прадстаўляючы тое ж паўстанне то «польскім», то «антырасейскім». У гэтым, дарэчы, адзін з фактараў папулярнасці Кастуся Каліноўскага (у дадатак да рамантычнасці, маладосці, самаахвярнасці, супярэчлівасці і таямнічасці), аб імя якога ўжо паўтара стагоддзі працягваюць ламаць дзіды не столькі даследуючы гэтую гістарычную постаць, колькі імкнучыся выказаць уласны погляд на гісторыю Беларусі і беларусаў (або іх адсутнасці).

Ёсць віна гісторыкаў і ў тым, што сучасная поп-культура і індустрыя прынтоў і вышымаек «ігнаруе» іншых герояў паўстання.

Тут жа не столькі ігнараванне, колькі элементарная недасведчанасць і паказальнік недапрацоўкі!

Калі ў Беларусі выйшла апошняя кніга пра таго ж Валерыя Урублеўскага? Ці біяграфія Людвіка Нарбута або Рамуальда Траўгута?

Што тут яшчэ казаць! 21 сакавіка спаўняецца 180 гадоў са дня нараджэння аднаго з бацькоў беларускай нацыі, таксама ўдзельніка паўстання 1863-1864 гадоў Францішка Багушэвіча. Дзе актыўная дзейнасць гісторыкаў? Дзе падрыхтаваныя артыкулы, выдадзеныя манаграфіі, праведзеныя канферэнцыі?

Таму не варта перакладаць віну на тых, хто робіць сваю працу значна лепш за многіх гісторыкаў.

Паводле: Васіль Герасімчык, gazeta.arche.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера