Знайсці
05.02.2020 / 16:055РусŁacБел

Міністр інфармацыі Карлюкевіч: Шмат чытаю тэлеграм, але не скажу, якія каналы

Міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч у рамках Мінскай кніжнай выставы адказаў на некалькі пытанняў «Нашай Нівы».

Алесь Карлюкевіч. Фота Надзеі Бужан.

«НН»: Вялікую папулярнасць сёння набіраюць тэлеграм-каналы. Няма ідэі прыраўняць іх у статусе да СМІ?

Алесь Карлюкевіч: Пакуль што не плануецца. Тэхналогіі развіваюцца вельмі хутка. Безумоўна, дзейнасць тэлеграм-каналаў — гэта сфера абмеркавання аналітыкаў і экспертаў. Магчыма, нейкія прапановы ў гэтым кірунку будуць вылучаныя з боку парламентарыяў, сярод якіх дастаткова шмат людзей з кагорты медыйшчыкаў. Я толькі адзначу, што і да пытання ўплыву тэлеграм-каналаў на грамадства мы ставімся вельмі сур’ёзна.

«НН»: Не раскажаце, што вы самі чытаеце ў тэлеграме?

АК: Вельмі шмат чытаю. Не назаву з адной простай прычыны: каб не ствараць рэкламу таму ці іншаму медыйнаму рэсурсу.

«НН»: Важная тэма, якая хвалюе шмат людзей у рэгіёнах: змяншэнне беларускай мовы ў раёнках. Ці можна з гэтым нешта зрабіць?

АК: Гэта тэма не аднаго года. І я сам неаднаразова выказваўся на гэты конт: мы звяртаем увагу на гэты працэс тых, хто прыходзіць працаваць у раённыя газеты.

І хачу, можа быць, вельмі ідэалістычна сказаць, але вялізныя спадзяванні на моладзь, на тых, хто цяпер вучыцца на факультэце журналістыкі БДУ і на яе прыярытэты ў дачыненні да беларускай мовы.

«НН»: Можа, варта неяк заахвоціць беларускамоўных аўтараў?

АК: Як?

«НН»: Скажам, павысіць заробак на 10%.

АК: Рэкамендацыі можна лёгка выдаць, але рашэнне за канкрэтнымі людзьмі на месцах, у тым ці іншым калектыве. Не хачу рабіць вельмі агульныя заклікі.

«НН»: Не так даўно вы казалі, што ў СМІ павялічваецца колькасць фэйкаў. А дзе вы іх бачыце найперш — у расійскіх выданнях, у беларускіх?

АК: Такая тэндэнцыя відавочная. Адкуль ідуць — трэба глядзець і падзяляць на кірункі, тэмы, з’явы. Мне здаецца, што карэктней будзе гаварыць пра канкрэтныя фэйкі.

Гутарыў Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера