Знайсці
04.02.2020 / 18:1546РусŁacБел

Глядзіце, каб такі Каліноўскі ўсіх не перастраляў

Мілітарызацыя Каліноўскага ў масавай культуры — памылковы шлях, піша гісторык Андрэй Вашкевіч для gazeta.arche.by.

Усё часцей сустракаю ў інтэрнэце постары і фотакалажы з выявай Кастуся Каліноўскага як напаўміфічнага правадыра, які вядзе за сабою ў бой легіёны паўстанцаў з косамі. На адных ён нагадвае правадыра піратаў Джэка Вераб’я, на іншых — пераможцу перастрэлак на Дзікім Захадзе: паўсюль шаблі, пісталеты, стрэльбы.

У беларускім мастацкім каноне савецкага часу такога Каліноўскага было вельмі мала.

Там ён быў больш кніжнікам і ідэолагам — з лямпай на фоне, «Мужыцкай праўдай» у руках.

Сялянская каса была сімвалам больш паўстання, аддзеленым асабіста ад Каліноўскага. «Ваенны» Каліноўскі савецкага часу прыходзіць у галаву толькі са знакамітай карціны Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі і Валер Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў». Ды і там Каліноўскі больш публічны палітык — два старадаўнія пісталеты за поясам правадыра паўстання выглядаюць так, быццам яны належалі якому Янушу Радзівілу і Каліноўскі забраў іх з музея Тышкевіча. 

Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі і Валер Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў.

У чым прычына такой «мілітарызацыі» аднаго з правадыроў паўстання 1863-га года — можна паразважаць. Напэўна, любы нацыянальна арыентаваны чытач скажа: «Расія напала на Украіну, пагражае Беларусі, і таму Каліноўскі асабліва важны сёння як ваенны правадыр».

Асабіста я ў першую чаргу ў гэтай тэндэнцыі бачу сумесь ура-патрыятызму, невуцтва і свядомага жадання перакруціць гісторыю на нейкі невядомы лад.

Магчыма, мяне паправяць лепшыя знаўцы паўстання, але я наогул не памятаю ніводнага сведчання, каб Каліноўскі паслугоўваўся нейкай зброяй. Каліноўскі найперш быў ідэолагам, прамоўцам, палітыкам, для якога паўстанне зімой 1863 года стала і нечаканасцю, і прадвеснікам вялікай паразы.

Каліноўскім з пісталетам у руках мы вельмі абядняем успрыняцце ягонай асобы — так жа сама, як зводзім усю ягоную спадчыну да «…над табою маскаля ўжо не будзе».

Напрыклад, на адным з постараў Каліноўскі з пісталетам паказаны на фоне не знакамітай «Мужыцкай праўды», а «Звароту Яські-гаспадара да мужыкоў зямлі польскай» — дакумента, які абсалютнай большасцю даследчыкаў прызнаны спрэчным з мовай, духам і зместам «Мужыцкай праўды» і, адпаведна, не належным пяру Каліноўскага.

Шчыра кажучы, крыўднавата і за іншых герояў паўстання — сапраўдных людзей зброі, якіх нешта зусім ігнаруе сучасная поп-культура і індустрыя прынтоў і вышымаек. 

Напрыклад, Валерыя Урублеўскага, які павёў у лес цэлы атрад вучняў школы ляснічых і змагаўся з імі супраць царскіх салдат. Урублеўскі, дарэчы, выдатна гаварыў па-беларуску, і ёсць нават меркаванне, што гэта ён і выдаваў «Мужыцкую праўду» і актыўна ўдзельнічаў у напісанні яе нумароў.

Нездарма Пётра Сергіевіч на сваёй карціне паказаў двух паўстанцкіх правадыроў: Валерыя Урублеўскага — правадыра вайсковага і Каліноўскага — правадыра ідэалагічнага і палітычнага.

Калі ж мы далей будзем трымацца такога, як цяпер, заліхвацка-ваяўнічага, але псеўдагістарычнага шляху, то «генерал Каліноўскі» перастраляе ўсіх, у тым ліку і Каліноўскага — палітыка, ідэолага і грамадскага дзеяча.

Андрэй Вашкевіч, gazeta.arche.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930