Знайсці
04.02.2020 / 14:21РусŁacБел

22 лютага — маштабны «Мова Фэст»: на ім будуць актыўнасці для малых ад «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!»

22 лютага ў мінскім культурным хабе «ОК16» (вул. Кастрычніцкая, д. 16, к. 27) «Арт Сядзіба» пры падтрымцы генеральнага партнёра «Аліварыя» збірае разам 50 беларускіх кампаній, арганізацый, ініцыятыў і творчых калектываў, каб годна правесці маштабнае і ўнікальнае свята «Мова Фэст», прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы.

На шасці тэматычных пляцоўках «Мова Фэст»:

  • пакажа і раскажа пра дасягненні беларускай мовы за апошнія 10 гадоў;
  • збярэ разам бізнэс і грамадскія ініцыятывы, актывістаў і творчую інтэлігенцыю, НДА і проста актыўных беларусаў, якія вучаць, падтрымліваюць, папулярызуюць і развіваюць беларускую мову;
  • прадэманструе рэчы, з'явы, вырабы, розныя прадукты ды мастацкія творы, якія ствараюцца па-беларуску ці прысвечаныя беларускай мове;
  • прэзентуе разнапланавасць і разнастайнасць носьбітаў беларускай мовы.

З падрабязнай праграмай свята вы можаце пазнаёміцца на старонцы movafest.by.

Афіцыйны хэштэг свята #мовафэст дае магчымасць не толькі сачыць за падрыхтоўкай і правядзеннем свята, але і выйграць падарункі ад партнёраў. Свята 22 лютага ў культурным хабе «ОК16» пачнецца а 13-й гадзіне і будзе доўжыцца да 22.00. Уваход вольны.

У гэтым годзе на 700 квадратных метрах культурнага хаба «ОК16» 22 лютага цэлы дзень будзе гучаць беларускамоўная музыка: фолк ад Сержука Доўгушава і гурта Vuraj, рэп ад Zrabi і Gleboki Smak, поп ад VAL, Ганны Шаркуновай, Марыі Ермаковай, Lear і Леры Яскевіч, рок ад гуртоў «Мутнаевока», Akute і хэдлайнера свята, які будзе абвешчаны 15 лютага.

Вядомыя людзі на адкрытай дыскусійнай пляцоўцы будуць абмяркоўваць разам з журналістам «Еўрарадыё» Змітром Лукашуком нацыянальную ідэю Беларусі, бізнэсоўцы разам з журналістам «Нашай Нівы» Арцёмам Гарбацэвічам — беларускую мову ў беларускім бізнэсе, а «Радыё Свабода» запросіць на прышчэпку беларускай мовы: мовазнаўца Вінцук Вячорка раскажа і пакажа, якія тыповыя і часам смешныя памылкі робяць пачаткоўцы ды як ад іх вылекавацца.

Моўны квэст дасць магчымасць усім наведнікам свята праверыць у нечаканых фарматах сваё веданне беларускай мовы, а «Мова Бар» — паслухаць з куфлем піва вершы сяброў ПЭН-Цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Увесь дзень будзе працаваць спартовая пляцоўка ад Leon.by, на ёй Віталь Гуркоў прадставіць майстар-клас «Тайскі бокс па-беларуску». Паралельна на стэндзе Чырвонага Крыжа і «Тэрыторыі дапамогі» пройдзе майстар-клас па першай дапамозе, дзе будзе магчымасць па-беларуску павучыцца выратаванню жыцця дарослага і немаўляці ў выпадку спынення дыхання, даведацца, дзе можна прайсці навучанне першай дапамозе па еўрапейскіх стандартах.

На дзіцячай пляцоўцы «Наша Ніва» прэзентуе свае часопісы «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!» ды падрыхтуе інтэрактыўныя забавы разам з аўтарамі выданняў, а кампанія «Будзьма беларусамі!» прадставіць інтэрактыўную гульню-спектакль «Па слядах аднаго падання».

Цягам усяго свята будуць працаваць вулічная пляцоўка з фудтракамі «Смачна ў роце» і прома-пляцоўка «Мова, грамадства, бізнэс» з актыўнасцямі, стэндамі, гандлёвымі пунктамі ад партнёраў «Мова Фэст», а забаўляць гасцей свята беларускімі традыцыйнымі гульнямі, забавамі і танцамі будуць студыя «Варгін» і капэла «Колісьнія».

Штогадовае святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы ў Беларусі стала сапраўднай народнай ініцыятывай, якую з кожным годам падтрымлівае ўсё больш і больш беларусаў. Калі яшчэ 7 гадоў таму ў гэты дзень актывісты праводзілі невялікія мерапрыемствы для вузкага кола беларускамоўных сяброў, то за апошнія тры гады адбыліся значныя змены. Напрыклад, летась прыкметнымі былі мерапрыемствы не толькі ад грамадскага сектара, але таксама ад дзяржаўных устаноў, СМІ і буйнога бізнэсу.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930