Знайсці
04.02.2020 / 08:2519РусŁacБел

Расказваем пра інтэрнэт-галасаванне за адзінага кандыдата: колькі гэта каштуе, як будзе адбывацца рэгістрацыя

Адным з этапаў абрання адзінага кандыдата ад апазіцыйных палітычных партый будзе інтэрнэт-галасаванне. Для гэтых мэтаў будзе створаны адмысловы сайт на платформе чэшскага prezident21.cz.

Павел Севярынец, Рыгор Кастусёў і Віталь Рымашэўскі. Фота Надзеі Бужан.

Гэты сайт яшчэ ў 2016 годзе стварыў чэшскі мільярдэр і матэматык Карэл Яначэк пад прэзідэнцкія выбары-2018. Ён прапаноўваў у форме анлайн-гульні галасаваць за магчымага кандыдата ў прэзідэнты. Як функцыянаваў чэшскі сайт, мы падрабязна пісалі тут.

Пра працу беларускага сайта для галасавання «Наша Ніва» распытала кіраўніка партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука: менавіта ён адказны за гэты кірунак дзейнасці. Інтэрнэт-галасаванне мае пачацца ў першай палове сакавіка.

Дзмітрый Кучук. Фота greenbelarus.info.

«НН»: Якім чынам будзе адбывацца аўтарызацыя на сайце? Пра сацыяльныя сеткі ці смс?

Дзмітрый Кучук: Канчатковае рашэнне пакуль не прынятае, але на гэтым этапе схіляемся да смс. Пытанне ў цане. Чэхі прапаноўваюць нам эсэмэскі па цане 0,05 еўрацэнтра за адно паведамленне і 10 тысяч эсэмэсак бясплатна. Мы разлічваем, што ў галасаванні як мінімум возьме ўдзел каля 100 тысяч чалавек, то-бок стаіць пытанне ў 5000 еўра.

«НН»: Ад сацыяльных сетак адмовіліся, бо гэта можа прывесці да з’яўлення фэйкавых старонак і клонаў?

ДК: Канчаткова яшчэ не адмаўляліся, бо пытанне сродкаў на пацверджанне шляхам смс стаіць дастаткова востра. Калі не знойдзем грошай — будзем прывязвацца да акаўнтаў у фэйсбуку.

«НН»: І ўсё ж: што наконт фэйкаў у такім выпадку?

ДК: У чалавека ў такім выпадку мусіць быць дзейны акаўнт у фэйсбуку. Дарэчы, фэйсбук таксама прывязаны да нумароў тэлефона. Гэта пытанне: ці будуць людзі зацікаўленыя ў тым, каб ствараць фэйкі, накручваць галасы за нейкага каныдата, бо

мы ў любым выпадку гэта пабачым. Мы стварылі адмысловую камісію, якая будзе сачыць за накруткамі. І калі такія факты выявяцца, будзем аператыўна прымаць рашэнні.

«НН»: Якім чынам вы будзеце бачыць накруткі?

ДК: Будзе існаваць абмежаванне, што ў адзін дзень магчыма галасаваць толькі аднойчы. Потым можна будзе змяніць сваё рашэнне, калі нязгодныя з палітыкай ці выказваннямі кандыдата. Ясная справа, што мы будзем бачыць нумары ўдзельнікаў галасавання. Паводле гэтага галасавання, як кажуць і самі чэхі, будзе відаць фігуру найбольш кампраміснага кандыдата.

«НН»: Будуць улічвацца галасы толькі «за» ці «супраць» таксама?

ДК: Было прынятае рашэнне, што ўлічвацца будуць толькі галасы «за», але людзі ўсё адно будуць мець магчымасць галасаваць «супраць», а таксама бачыць гэтыя галасы.

Калі людзі прыходзяць на рэальныя ўчасткі для галасавання, то маюць там магчымасць прагаласаваць толькі аднойчы, інтэрнэт-галасаванне не такое класічнае, тут больш свабодны фармат. У людзей можа змяніцца стаўленне да кандыдата, таму закладзеная функцыя змены голаса. Інтэрнэт-галасаванне накіраванае ў першую чаргу не на палітычны актыў (для іх найперш будуць паездкі па краіне і Кангрэс), а для менш заангажаваных.

«НН»: Кожны карыстальнік зможа аддаць адзін голас «за» і адзін «супраць»?

ДК: Сістэму можна па-рознаму настройваць. Мы пакуль што знаходзімся ў стане перамоваў. Магчыма, што будуць два галасы «за» і адзін «супраць». У Чэхіі гэтая сістэма ўжо выкарыстоўвалася на выбарах-2018, яны рабілі сайт для Славакіі, а таксама для міні-рэферэндумаў у Еўропе. Сіні колер будзе азначаць «за», чырвоны — «супраць».

«НН»: Як атрымалася дамовіцца з чэхамі на выкарыстанне платформы?

ДК: Была прэзентацыя ў Еўрапарламенце для краін, якія могуць быць зацікаўленыя ў такой пляцоўцы. Калі гаворка пра праймерыз, то мы звярнуліся да чэхаў, каб яны прадставілі нам рухавік для сайта. Паколькі ў Беларусі ёсць праблемы з выбарамі, дыктатура, то ім таксама было цікава паглядзець, як людзі будуць галасаваць у такіх умовах. Гэта ўзаемны інтарэс. Беларускія праграмісты таксама былі гатовыя зрабіць свой сайт, але ў чэхаў ужо ёсць напрацоўкі па бяспецы, досвед. Сайт зроблены на вельмі высокім узроўні. Чэхі будуць займацца пэўным напаўненнем сайта, суправаджэннем, дапамагаць нам, каб усё прайшло гладка.

«НН»: У якой даменнай зоне будзе знаходзіцца сайт?

ДК: Мы ад пачатку пастанавілі, што гэта не павінна быць зона *.by. Мы разумеем, што ў нас гэта можа вырубіць праз адно тэлефанаванне, таму сайт будзе знаходзіцца ў зоне *.org.

«НН»: Якая цана пытання выкарыстання платформы?

ДК: Чэхі ў прынцыпе гатовыя прадставіць пляцоўку бясплатна, але не супраць таго, каб былі нейкія ахваряванні на тэхнічнае забеспячэнне. Мы дамовіліся, калі будзе магчымасць, то зробім сімвалічную плату, калі не будзе, то не. Гаварыць пра канкрэтныя сумы тут не выпадае. Але гэта нават ніжэй, чым прапаноўвалі беларускія праграмісты. Сумы зусім не завоблачныя.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930