Знайсці
03.02.2020 / 12:4126РусŁacБел

Наталля Эйсмант: Cамалёт Gulfstream G550 «не мае ніякага дачынення» да Лукашэнкі

Прыватны бізнэс-самалёт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ «не мае ніякага дачынення да прэзідэнта». Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант.

Паводле тэлеграм-канала Nexta, у Лукашэнкі з'явіўся прыватны бізнэс-джэт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ. Са спасылкай на крыніцы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» NEXTA сцвярджае, што новы самалёт упершыню прыбыў у Мінск яшчэ ў другой палове верасня. Самалёт купіла прыватная аўстрыйская кампанія і перагнала яго ў Мінск.

Свой пакуль адзіны рэйс гэты самалёт з колерамі дзяржаўнага сцяга зрабіў у Варшаву. Кошт бізнэс-самалёта, паводле каталога, складае $61,5 млн, піша тэлеграм-канал.

«Ні асабістых, ні прыватных самалётаў у прэзідэнта Беларусі ніколі не было, няма і цяпер. І, хутчэй за ўсё, не будзе — зыходзячы з той цаны, якую вы назвалі», — сказала Наталля Эйсмант.

«Што тычыцца дзяржаўнага самалёта, якім цяпер карыстаецца падчас замежных візітаў кіраўнік дзяржавы, магу вас паінфармаваць: ён даўно выпрацаваў свой рэсурс, тэрміны эксплуатацыі выйшлі. І сёння якраз стаіць пытанне, дзе знайсці сродкі на набыццё новага дзяржаўнага самалёта. Але грошай на гэтыя мэты пакуль няма, хоць і прапановы ад авіякампаній паступалі.

І, дарэчы, яшчэ пра самалёт, які цяпер выкарыстоўваецца. Нагадаю, што на момант куплі ён ужо быў «былым у эксплуатацыі». Яго куплялі ў прэзідэнта Туркменістана за паўцаны», — сказала Наталля Эйсмант.

У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта карэспандэнту Свабоды сказалі, што не маюць інфармацыі пра самалёт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ і параілі звярнуцца ў прэзідэнцкую прэс-службу.

На чым лятаў Лукашэнка?

Самалёт, якім карыстаецца Лукашэнка ў замежных паездках, — Воeing 767, куплены ў Туркменістане 7 гадоў таму. Ён належаў былому прэзідэнту гэтай краіны Сапармурату Ніязаву. Гэтай машыне ўжо 14 гадоў.

А вось верталёту, якім дагэтуль Аляксандр Лукашэнка карыстаўся найчасцей, ужо 23 гады — гэта верталёт Мі-172 (мадэрнізаваны Мі-8АМТ) з бартавым нумарам EW-002DA. Гэты верталёт быў адмыслова выраблены на Казанскім верталётным заводзе (Расія), 20 гадоў таму ягоны кошт быў каля 4 мільёнаў даляраў.

Таксама Аляксандр Лукашэнка падчас свайго кіравання карыстаўся верталётам Мі-8 з бартавым нумарам EW-001DA і Мі-8 з бартавым нумарам EW-25049. Дарэчы, EW — гэта авіяцыйны код Беларусі.

Да самалёта Boeing 767 Аляксандр Лукашэнка карыстаўся больш сціплай мадэллю — Boeing 737, а яшчэ раней — савецкім самалётам Ту-154 у VIP-кампаноўцы, які быў куплены новым у 1995 годзе. Гэты самалёт выстаўлялі на продаж.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера