Знайсці
03.02.2020 / 11:411РусŁacБел

Каб не забіваць бадзяжных жывёл на месцы, валожынскія камунальнікі адпраўляюць іх на ўтрыманне ў Мінск

Валожын знаходзіцца за 80 кіламетраў ад Мінска, але свайго адлову жывёлаў тут няма. Таму на выклік Валожынскай ЖКГ прыязджаюць работнікі сталічнай «Фаўны горада». Яны забіраюць бадзяжных жывёл і адвозяць іх у Мінск на вуліцу Гурскага.

Затым, калі гаспадары зніклага ката і сабакі звяртаюцца ў ЖКГ, іх адпраўляюць у Мінск, каб забіраць назад свайго гадаванца.

Для чаго так робіцца, «Наша Ніва» запыталася ў намесніка начальніка Валожынскай ЖКГ Паўла Клемянкова:

«Такая працэдура. Мы не маем права адлоўліваць жывёл, бо ў Валожыне няма пунктаў часовага ўтрымання жывёл. А забіваць жывёл мы не хочам, ды і не маем на гэта права. Усе ж хочуць жыць. Таму мы заключылі дамову з «Фаўнай горада», яны прыязджаюць і забіраюць жывёл. Мінск — гэта найбліжэйшы да нас горад, дзе ёсць такая паслуга. Калі гаспадар жывёлы знаходзіцца, мы накіроўваем яго ў Мінск. Так, чалавек вымушаны сам забіраць свайго ката ці сабаку. Калі хочаце, гэта такое пакаранне, што выпускае сваю жывёлу без нагляду», — адказаў Павел Клемянкоў.

Выклік «Фаўны горада» каштуе 76,65 рубля. Столькі плацяць арганізацыі за гадзіну працы спецыялістаў. Плюс транспартныя расходы. На сайце «Фаўны горада» паведамляецца, што адзін кіламетр каштуе 1,22.

Значыць, дарога да Валожына і назад каштуе мясцоваму ЖКГ прыкладна 200 рублёў.

Дырэктарка «Фаўны горада» Тамара Царыкоўская растлумачыла «Нашай Ніве», што ў асноўным «Фаўна горада» працуе ў Мінску і Мінскім раёне:

«Калі арганізацыя гатовая аплаціць транспартныя паслугі, мы будзем працаваць дзе заўгодна. Валожын, бадай, гэта самы аддалены пункт на сённяшні дзень. У кожным раённым горадзе пры ЖКГ ёсць службы адлову жывёл. Пытанне толькі ў тым, што не ўсе маюць магчымасць утрымліваць жывёл або развозіць іх па тых гарадах, дзе існуюць пункты часовага ўтрымання. Таму часцей за ўсё жывёлаў утылізуюць на месцах», — патлумачыла Тамара Царыкоўская. 

НТ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031