Даслаць навіну
Знайсці
24.01.2020 / 12:19 5

Алесь Бяляцкі друкуе ўспаміны пра сваю гучную палітычную справу. Першая частка: затрыманне

Успаміны праваабаронцы, эсэіста, літаратурнага крытыка з'явіліся на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна». 

Ліпень 2011 года быў для мяне напружаным і трывожным. Ужо быў я выкліканы ў падатковую інспекцыю, дзе мне паказалі ксеракопіі з рахунка літоўскага банка, куды прыходзілі грошы на дзейнасць Праваабарончага цэнтра «Вясна». Ужо пачалася перапіска з падатковай, дзе я прасіў патлумачыць, якім чынам гэтыя паперы аказаліся ў іх, здагадваючыся, што яны былі выкрадзеныя КГБ, а таксама адпісаўся, што гэта грошы не мае асабістыя, таму па беларускім заканадаўстве плаціць з іх падаткі я зусім не павінен.

Тым не менш, як распавёў мне адвакат Зміцер, да якога я адразу звярнуўся, на гэтых паперах з літоўскага банка стаяла пячатка ДФР — Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Гэта значыць, што ДФР, які меў права праводзіць следства, мог затрымаць мяне ў любы момант: нават яшчэ да заканчэння перапіскі з падатковай інспекцыяй і яе высноваў, павінен я плаціць гэтыя падаткі ці не.

Я таксама ўсведамляў, што рашэнне затрымаць мяне ці не будзе прыймацца зусім не ў ДФР. Гэта мусіла быць палітычным рашэннем.

У судах ужо ва ўсю ішлі працэсы над «дзекабрыстамі». У турмах сядзела больш за дваццаць палітычных вязняў. У дэмакратычных краінах Захаду рашуча асуджалі расправу Лукашэнкі са сваімі палітычнымі апанентамі. У ліпені ў мяне была апошняя перад летнімі адпачынкамі ў еўрапейскім парламенце паездка ў Брусель, дзе Еўрапейскім саюзам і АБСЕ былі падведзеныя высновы па тым, што рабілася ў Беларусі на працягу апошняга паўгоддзя. Ужо запрацавалі палітычныя санкцыі Еўрасаюза і ЗША супраць адыёзных беларускіх чыноўнікаў і вельмі асцярожна былі ўведзены першыя эканамічныя.

Павялічыць выяву

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Фота з сайта deon.pl

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ці не найбольш востра з замежных палітыкаў крытыкаваў Лукашэнку. У лютым 2011 года я быў на канферэнцыі ў Варшаве, на якой ён у сваім выступе звяртаўся да беларускага дыктатара:

«Прэзідэнт Лукашэнка! Вы губляеце ўладу!.. Раней ці пазней вы будзеце вымушаныя бегчы са сваёй краіны, пераследаваныя сваім народам, каб шукаць прытулку ў іншай краіне… Вам у Менску прыйдзецца трымаць самалёт, гатовы да хуткага ўзлёту ў любы час».

У чэрвені 2011 года, праз чатыры месяцы, Радаслаў Сікорскі напіша ў твітары:

«Мы ўхвалілі эмбарга на гандль зброяй і замарозілі актывы фірмаў, якія фінансуюць Лукашэнку. Ён павінен абраць шлях: да дэмакратыі ці ў Гаагу».

Было зразумела, што ў такой сітуацыі саджаць мяне ў турму для ўладаў азначала яшчэ больш абвастрыць супрацьстаянне з дэмакратычнымі краінамі.

За ліпень я некалькі разоў ездзіў у Вільню выкладаць у праваабарончай школе. Мяне спакойна выпускалі і ўпускалі ў Беларусь, як бы прапаноўваючы пад пагрозай арышту застацца там. Стандартная распрацоўка КДБ. Тады б ва ўладаў з'яўлялася выдатная магчымасць праз дзяржаўныя тэлеканалы і газеты абвінаваціць у нясплаце падаткаў і такім чынам запэцкаць і мяне, і «Вясну». Бо калі ўцёк — вінаваты!

Адзіная магчымасьць разбурыць гэтыя распрацаваныя канторай глыбокага бурэння планы і апраўдацца было застацца ў Беларусі, нягледзячы ні на што. Уцякаць у гэтых варунках азначала перакрэсліць тое, чым я займаўся ўсё сваё жыццё.

Чалавек заўсёды спадзяецца на лепшае. І я не выключэнне. Нягледзячы на пагрозлівую хмару, якая навісла над галавой, я працягваў планаваць. На пачатку жніўня заставалася апошняя праваабарончая школа ў Вільні, а потым — адпачынак! Можна было перавесці дых пасля моцна напружаных часінаў: тры месяцы выбарчай кампаніі, за якой мы назіралі ў як «Праваабаронцы за свабодныя выбары», а затым паўгода змагання за палітычных вязняў забралі багата сілаў. Ехаць кудысьці ў цёплыя краі ў жніўні — не лепшы варыянт. Спякота дасягае сваёй вышыні. А вось у нас, у Беларусі, лета — райская пара. Хапае цеплыні і сонца, няма залішняга сквару. Таму надта хацелася паехаць у вёску, калупацца ў кветках ды пісаць.

4 жніўня, цёплым летнім днём, я выйшаў з кватэры на Круглай плошчы, дзе мы жылі з жонкаю і сынам, сеў на метро і паехаў на працу. Дзесяць гадоў гэта быў звыклы для мяне маршрут. Офіс-кватэра «Вясны» знаходзіцца недалёка ад станцыі метро «Акадэмія навук». Я выйшаў з метро насупраць кнігарні «Акадэмкніга», перайшоў вуліцу Сурганава і сустрэў аднаго са сваіх маладзейшых калегаў. Той, наадварот, ішоў з офіса ў бок метро.

«Алесь, — сказаў ён, — каля нашай хаты багата людзей у цывільным. Мабыць, зноў міліцыянты. Ці яны некага высочваюць, ці збіраюцца зноў вобшук праводзіць, невядома. Мы вырашылі разысціся. Вам таксама не варта туды хадзіць».

«Вобшук, вобшук, — падумаў я. — Як яны задзяўблі са сваімі вобшукамі. Не даюць спакойна працаваць».

За паўгода міліцыя і КДБ ужо тройчы трэслі наш офіс.

«Можа, сапраўды перачакаць», — падумаў я.

Нічога пільнага на працы не было. А тое, што мне неабходна было сёння зрабіць, я мог залатвіць па інтэрнэце з дому. Я развярнуўся, і мы разам з маім калегам ізноў спусціліся ў метро.

Яшчэ адная мая калега, з якой мне неабходна было сустрэцца, пасля званка прыйшла да мяне дадому. Мы папрацавалі з гадзіну, затым яна пайшла, а я яшчэ пасядзеў за камп'ютарам, напісаў некалькі лістоў, адказаў на атрыманыя. Звычайнае кешканне на пачатку жніўня перад адпачынкам, каб ужо ўсё дарабіць і адключыцца хоць на якіх пару тыдняў ад працы.

Затым мы папалуднавалі ўтрох: жонка, я і сын. Было ўжо гадзіны тры пасля абеду. Някіх іншых навінаў не было, офіс стаяў пустым, і я зазбіраўся ў вёску. Дні стаялі яшчэ доўгія, і я меркаваў паспець зварыць з апошняга неабабранага з кустоў агрэсту сочыва. Я сабраў маленькія пустыя слоікі, якія былі ўдома, загарнуў іх у газеты, склаў у пляцак і, развітаўшыся з жонкаю, бо меркаваў застацца ў вёсцы на ноч, выйшаў з пад’езда і пашыбаваў да метро.

Ад пад’езда да ўвахода ў метро — літаральна з трыццаць метраў. На гранітнай пляцоўцы перад спускам у падземны пераход пад Круглую плошчу мяне перастрэў каржакаваты мужчына гадоў трыццаці пяці. Перагарадзіўшы дарогу, ён трымцячымі пальцамі паказаў пасведчаньне афіцэра ДФР і дрыжачым ад хвалявання голасам хутка прамармытаў, што я затрымліваюся. Ён чамусьці быў адзін, і, відаць, гэта яго сур’ёзна хвалявала: ці паслухаюся я яго, ці не кінуся на ўцёкі.

«Вы не маглі б прайсці, вярнуцца ў двор вашага дома, — прасіў мяне афіцэр ДФР. — Там вам пакажуць усе неабходныя паперы на вашае затрыманне».

Я не стаў уцякаць — які сэнс? — але выкарыстаў ягоную нерашучасць і адзінокасць: дастаў тэлефон і стаў набіраць нумар майго калегі, юрыста «Вясны» Уладзі Лабковіча. Чалавек, які затрымаў мяне, таксама ліхаманкава набіраў на сваім сотавым нумар, мабыць, кагосьці з аператыўнай групы, што чакала мяне ў двары. З пад’езда сталінкі, у якой мы жывём, два выхады: адзін у двор, другі ж адразу на плошчу. Чаму каманда, якая прыехала мяне затрымліваць, вырашыла, што я буду выходзіць у двор, я не ведаю. Вось так мы і стаялі побач, з тэлефонамі ля вуха, паглядалі адзін на аднаго і чакалі адказаў.

Першым адгукнуўся Уладзя.

«Мяне затрымалі. ДФР», — коратка паведаміў я.

Цяпер я ведаў, што вясноўцы ў курсе таго, што адбываецца, а значыць, будуць ведаць і журналісты. Урэшце датэлефанаваўся і мой «напарнік». З двара ў наш бок подбегам выскачылі яшчэ двое мужыкоў у цывільным. Яны спусціліся па прыступках пад аркаю і шыбавалі да нас. Я ж паспеў: набраў наступны нумар жонкі.

«Перастаньце званіць!» — убачыўшы падмогу, акрэплым голасам сказаў дэфээравец, які мяне і затрымаў.

Я не звяртаў на яго ўвагі. Ідзі ты лесам! Мужыкі ўжо падыходзілі да нас. Наталля падняла свой тэлефон.

«Мяне затрымалі», — сказаў я.

«Выключце тэлефон!» — у тры голасы напружана выгукнулі дэфээраўцы.

Я выключыў. Усё, што хацеў, — ужо паведаміў. Заціснуты з усіх бакоў мужыкамі, я пасунуўся ў двор нашага дома.

У двары каля сметніцы стаяла шэрая старая «Волга». Мяне падвялі да яе, паведамілі, што я арыштаваны, і паказалі ордар на арышт, а затым — ордар на вобшук.

Механічна я быў з імі, штосьці казаў і адказваў. Яны пыталіся пра ключы ад кватэры. Я сказаў, што ключоў няма, падумаўшы: «Яшчэ чаго не хапала, каб я сам даваў вам ключы». Мы пайшлі ўсе разам да пад’езда. Яны пачалі званіць па дамафоне, і я быў з імі, а сам думаў нейкай другой паловай свядомасці:

«Сон гэта, не сон, што адбываецца? Няўжо волі канец? Вось яно, грымнула, здарылася тое, што прадчуваў і чаго чакаў, адганяючы гэтыя думкі, як штосьці непрыемнае, якое можа і не адбыцца. ГБ, улады, усё ж зрабілі наступны крок. Вось зараз пачынаецца новы адцінак майго жыцця, мабыць, далёка не самы просты і лёгкі. І мяне міжволі зацягвае ў непазбежнае кола падзеяў так, што не выскачыць, не адкруціць назад. А што застаецца мне? Вось і пабачым, чаго ты варты».

Алесь Бяляцкі, старшыня ПЦ «Вясна», за сваю праваабарончую дзейнасць быў асуджаны на чатыры з паловай гады. Ён быў прызнаны беларускай і міжнароднай супольнасцю палітычным зняволеным. З 4 жніўня 2011 па 21 чэрвеня 2014 года знаходзіўся ў турме. У выніку шырокай кампаніі салідарнасці быў вызвалены па амністыі.

Алесь Бяляцкі, spring96.org

5
Ulad / адказаць
25.01.2020 / 09:44
Ведаю спадара Алеся. Годны чалавек.
1
Надзя / адказаць
25.01.2020 / 09:49
пляткар,???? Што за имущество????
5
не для комментария,а для редакции. / адказаць
25.01.2020 / 12:47
Это кому-то интересно?! Ну,пусть читают...кому интересно. Мне -нет. Как и сам"змагар за маё Щасьця". Вместе с сыном.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29