Даслаць навіну
Знайсці
25.01.2020 / 11:06

«Баялася, што ў мяне Альцгеймер. Гэта так страшна!» Ніна Багінская расказала пра дзяцей і хваробу. І паказала фантастычную абстаноўку сваёй кватэры

Мінскую пенсіянерку Ніну Багінскую часта можна сустрэць на акцыях пратэсту. Яна выходзіць з плакатамі і бел-чырвона-белым сцягам, які сама пашыла. А яе фірмовая нашыўка на паліто «Свабоду народу» стала мемам.

Моладзевы брэнд адзення нават выпусціў худзі з фота 73-гадовай Ніны.

«Не бачыла яго, — кажа Багінская. — Я не імкнуся быць вядомай. Я чалавек, увогуле, самотны. Люблю на лецішчы быць адна, у лес хадзіць».

У інтэрв’ю «Нашай Ніне» яна расказала пра дзяцей, лёс арыштаваных лецішчаў, свае хобі і хваробу.

Павялічыць

Ніна Багінская жыве разам з сынам. Тлумачыць, што кватэру даўно перапісала на дзяцей.

«Падумала, што праз сутычкі з уладай у мяне кватэру могуць забраць. Сказала мужу: давай падорым дзецям, тым больш што дачка замуж выйшла. Ён тады адпісаў дачцэ сваю аднапакаёвую на Арлоўцы. А я адпісала два пакоі сыну і адзін дачцэ.

Праўда, муж казаў: «Не рабі гэтага, а то табе месца не будзе, як я памру. Цябе выганяць дзеці». Кажу: «Выганяць — значыць, я тады і заслугоўваю. У мяне сёстры ёсць, пайду да іх жыць».

У пакоі Ніны — вінтажная разьбяная мэбля. Гэтыя туалетны столік і камод калісьці вырабіў яе дзед-цясляр. Асабліва добра яму ўдаваліся жаночыя люстэркі і ўзоры руж і нарцысаў.

Ложак сабе пенсіянерка зрабіла сама. Замест металічнай сеткі — дошкі: так для хрыбетніка карысна.

Павялічыць

«Таксама мая творчасць, — паказвае яна покрыўку. — Люблю пэчварк. Гэтыя жабкі, рыбкі — з усялякіх ануч. У мяне іх поўна».

Пакручастую сухую сасну, што раскінулася ля акна, актывістка прыцягнула з лецішча.

«Гэта дрэва было ў балоце. Збіраю я ягады, гляджу: ляжыць. Суседа па лецішчы, у якога грузавік ёсць, папрасіла, калі можна, завесці сюды. Калі ўцягвалі ў акно, некаторыя галіны паламалі. Дык я закруціла і павесіла на іх нашы саламяныя ўпрыгожванні».

У накрытых шклянках на століку настойваецца крамяністая вада. Пенсіянерка п’е яе для здароўя.

А нам прапануе запарыць гарбату, зёлкі для якой збірала сама. Мята перцавая і звычайная, лімоннік, кветкі календулы, скрыпень, меліса…

***

Бацькі Ніны пераехалі ў Мінск са Слуцка. Мама працавала бухгалтаркай у будаўнічым упраўленні, бацька — галоўным інжынерам трэста.

«Ён быў працаголік. І зайздросны кавалер: у Слуцку, казала маці, да вайны было ўсяго тры інжынеры з вышэйшай адукацыяй.

Павялічыць

Жылі дастаткова багата. Бацька атрымліваў 3000 рублёў. Раней гэта былі вельмі добрыя грошы, думаю, некаторыя генералы так мелі. Але пад ім былі мама, я, дзве мае сястры, цешча, таму жылі эканомна.

У доме гаспадарылі мама і бабуля. Мама магла закамандаваць, але бацьку ніколі не абражала. Для яго быў самы лепшы кавалак, што ён любіў, тое і гатавалі. Ён любіў сала з яечняй і памідорамі. У 53 гады ў яго выдалілі жоўцевы пузыр, сказалі: на дыету. Дык мама адказная была. Гатавала паравыя маркоўныя катлеты, капусныя шніцалі. Таму я таксама прывучаная да такой ежы. Люблю буракі, моркву, бульбу, кіслую капусту».

***

Павялічыць

Актывістка ўспамінае, што школу не любіла. Хіба толькі фізіку, хімію і батаніку, бо цікавілася прыродай. Беларускую мову ў іх вучылі па жаданні.

«Палова класа адмовілася. Здзекаваліся з нас: «Оставайтесь учить свой деревенский язык», — расказвае Багінская.

З дзяцінства яна займалася спортам. «Была шалёная гоншчыца, — усміхаецца. — У мяне добрыя спрынтарскія якасці».

Адвучыўшыся на мантажніцу радыёапаратуры, Ніна ўладкавалася працаваць на «Белвар». Кажа, яе ўзялі на завод, бо ў камандзе па велагонках не хапала чацвёртага чалавека для ўдзелу ў спаборніцтвах.

Але хутка і спорт, і працу на заводзе давялося кінуць — пасля таго, як трапіла ў аварыю. Паляцела з веласіпеда, атрымала пералом асновы і зводу чэрапа, перанесла складаную аперацыю.

Пазней была праца ў Геалагічным інстытуце. Актывістка знайшла яе па абвестцы ў газеце — набіралі чарцёжнікаў. Багінскую ў выніку пераманілі на нафтавую геалогію: «нафтавікоў» не хапала. А пасля

звольнілі за навуковыя працы на беларускай мове: кіраўніцтва патрабавала, каб яна пісала па-руску, з-за чаго і пачаліся канфлікты.

«Зрабілі з мяне прагульшчыцу. Звольнілі па артыкуле «Парушэнне працоўнай дысцыпліны», — расказвае Ніна, чым усё скончылася. — Пасля я і ў Батанічным садзе працавала, і крэветкі чысціла ў галандскай фірме. Працоўная кніжка ў мяне ўся запоўненая».

Павялічыць

«Гэты лесавік — проста корань ядлоўцу. Знайшла яго, калі ў Маскавічах капалі гарадзішча. Ён такі ж смешны і ўпарты, як бабка Багінская».

***

Перш чым падзяліцца сваёй гісторыяй кахання, Ніна заўважае: яна псіхалагічна позні чалавек.

«Мне не так быў патрэбны мужчына, як проста цікава было нарадзіць дзіця. Думала: «А я што, зломак? Сёстры нарадзілі, і мне трэба». Падручнік гінекалогіі быў у сястры. Я калі яго прачытала, мяне такі страх узяў. Усе гэтыя сэксуальныя хваробы: сіфіліс, ганарэя… Жах!

Думаю: «На чорта гэтыя жанчыны выходзяць замуж? Дурніцы! Лепш працаваць і спортам займацца».

Сама яна выйшла замуж у 29 — за свайго першага трэнера па веласпорце Анатоля, старэйшага за яе на 13 год.

«Ён быў добры педагог, умеў з намі ладзіць. Да яго хадзілі дзеўкі з іншых секцый заляцацца. А мы не раўнавалі, наадварот, хацелі, каб наш трэнер у жонкі прыгажуню ўзяў. А ён на іх асабліва не глядзеў, намі займаўся. Прыносіў на базу часопісы польскія, «Юность». Калі ішоў дождж, мы чыталі там Вазнясенскага і Еўтушэнку», — расказвае Багінская.

Павялічыць

Праўда, з будучым мужам сышлася яна не адразу. Падчас вучобы ў Івана-Франкоўскім інстытуце нафты і газу былі іншыя кавалеры.

«Сватаўся да мяне Вася Нікаровіч, дагэтуль жывы. Ён закахаўся ў мяне, і я, калі шчыра, у яго закахалася. Але я не падабалася яго маме. Я па раніцах бегала міма іхняй хаты крос у шортах — у шортах тады было не прынята.

А потым Вася яшчэ спытаў: «А на якой мове будуць размаўляць нашы дзеці?» І мяне гэта завяло. Да таго ж у мяне былі пэўныя прымхі: я не магла сабе дазволіць выходзіць замуж за малодшага.

А потым прыехала ў Мінск. Прыйшла сяброўка, кажа: пайшлі да Багінскага, на каток. Пакаталіся. Ён бярэ нас за ручкі: «Ну што, птушкі, не акальцаваліся?» Я кажу: «Не. А вы?» — «І я не акальцаваўся». Гляджу на яго: «Халера, такі прыгожы мужчына, не п’е, не курыць, па бабах не шастае». Спакойны — а мне такі і трэба.

Свякроў мяне на руках насіла. Яна была радая, што яе пярэстарак знайшоў такую жвавую, разумную, спакойную дзеўку. І я адразу нарадзіла дзяцей, адно за адным — я ж неспрактыкаваная была, не ведала нават, як берагчыся».

Удавой Ніна стала 12 год таму.

Павялічыць

***

Сын Багінскай Павел зарабляе рамонтам электратэхнікі. Плюс аформлены сацыяльным работнікам. 

«Тут праз два дамы жыве яго сябар, які аслеп у 21 год. Мама яго адна не можа даць рады. Паўлік дапамагае, навучыў сябра працаваць з камп'ютарам. Увесь заробак сацыяльнага работніка аддае ім».

Дачка працуе бухгалтаркай у МТС. 

«Алеся завуць. Хоць па пашпарце Аляксандра. Мне ў ЗАГСе сказалі: «Жанчына, вы што? Вы ж адукаваны чалавек. Алеся — шматок імя, поўнае — Аляксандра». Я ўзяла і запісала яе так, на жаль.

У дачкі двое дзяцей: Яня і Уладак. Уладак працуе за стырном у нейкай фірме. Унучка вучыцца ў Вільні ў ЕГУ, рана выйшла замуж, нарадзіла. Затое мой сын ні разу не быў жанаты, а 42 гады. Перажываю вось». 

«Дзеці не папракаюць, што на акцыі ходзіце?»

«Не, але самі не бяруць удзелу. Лічаць, што гэта марная трата часу. Мяне ў міліцыі пужаюць, што ў турму пасадзяць. Кажу: «Адпачну ад усіх. Будзеце мяне карміць вашай кашай».

***

Штрафаў у Багінскай, па яе падліках, назбіралася на 15 тысяч даляраў. 50 працэнтаў пенсіі ўтрымліваюць на іх пакрыццё. Астатняе — 200 рублёў — выплачваюць Ніне.

Павялічыць

Ад дапамогі яна заўсёды адмаўляецца.

«Ну якая дапамога? Я афіцыйна не хачу браць нічога ў праваабаронцаў. Хай грошы ідуць на развіццё, на моладзь. У вас, маладых, няма пенсіі, а выганяць з вучобы, работы — дык вымушаны будзеце з’язджаць. А я пражыву і за 200 рублёў.

Улетку я іду ў лес, збіраю ягады і прадаю. Гэта таксама мой даход.

Я плачу толькі за тэлефон. А астатняе ідзе на ежу. За кватэру плацяць дзеці — так разам і выжываем. Я эканомлю, з дзяцінства крошкі не выкіну. Унучка сабе можа дазволіць яечню на сметніцу адправіць, калі яна прастаяла. А я не. Людзі кажуць: колькі хлеба выкінеш у маладосці, столькі потым будзеш галадаць».

Часам дапамогу ёй прапаноўваюць проста на вуліцы.

«На Курапацкіх сходках падыходзіць маладая пара. «Вы Ніна Багінская? Гэта вам». Бяруць мне грошы ў паліто сунуць. Я ўпершыню ўбачыла гэту купюру — 100 рублёў»,

— успамінае актывістка адзін з выпадкаў.

У 2016-м за нявыплату штрафаў у Ніны арыштавалі два лецішчы. Ніводнае так і не прадалі.

«Езджу туды. Усё гэта маё. Калі па мар’інагорскім званілі, я сказала: «Прадавайце як хочаце. Але я папярэджваю пакупнікоў: гэта прыватная ўласнасць. Улады вечнай няма. На той свет я нічога не забяру. А прыйдзе іншая улада, убачыць дакументы — і мае дзеці ці ўнукі выставяць свае правы. Савецкі Саюз разваліўся — было ж такое, маглі вярнуць маёмасць. 

У мяне на лецішчы грушы хворыя. Вось што мяне хвалюе — не палітыка, мне дрэвы трэба лячыць», — смяецца актывістка.

***

Цяпер жанчына афармляе інваліднасць: стала часта страчваць прытомнасць. Дактары паставілі посттраўматычную эпілепсію. 

Павялічыць

Ніна калекцыянуе капакарані (наросты на дрэвах).

«Мне ж у сувязі з той даўняй траўмай забаранілі чытаць, у кіно хадзіць, працаваць. Я паўгода паслухалася, а потым думаю: што я, дурная? І пайшла ў кіно, на працу. Я пачувала сябе нармальна, не было ніякіх прыступаў. А млосці пачаліся з 2008 года. 

Спачатку я проста як засынала. Што дзіўна: калі ачуняю, памятаю ўсё роўненька да прыступу. Зацямненне проста. Адзінае што — расслабляюцца рукі: я пашпарт губляла, ключы, гадзіннік.

Я заўважыла, што некалькі ёсць прычын, чаму страчваю прытомнасць: калі доўга не ем, не п'ю, мала сплю. Учора зноў самлела дома. 

Я баялася, што гэта Альцгеймер. У таты маёй сяброўкі такое. Гэта так страшна! 

Але буду браць удзел ва ўсіх акцыях, пакуль ногі ходзяць», — запэўнівае Ніна.

***

«Я свой дзень народзінаў правяла ў судах, — дзеліцца Багінская. — Наогул, не люблю адзначаць. Лічу, што працаваць у дзень народзінаў не грэх. Наадварот, калі ёсць вольны час — працуй. Піць гарэлку грэх».

«Не п’яце?»

«Не. І бацька мой, між іншым, не піў. Нават ад віна крывіўся. Што любіў — у спякотны дзень піва выпіць аксамітнае. Вось тое савецкае было лепшае, чым зараз. І я люблю піва. Але цяпер не п’ю, бо сын сказаў, што яно шкоднае — хімію дадаюць».

Павялічыць

Па горадзе пенсіянерка рэдка шпацыруе. Толькі ў Курапаты і да сясцёр: адна жыве за ЦУМам, другая — каля Інстытута культуры. А вось чытаць дома любіць.

«Перачытвала Купалу, Геніюш. Пачала Севярынца «Беларусалім», але кніга знікла: ці ўнучка забрала, ці Алеся. А больш, канечне, газеты. «Новы час» і «Наша слова» выпісваю. Раней і «Нашу Ніву» купляла. Часам бяру «Народную волю», але там шмат рускамоўных тэкстаў. Я нават ім ужо сказала пра гэта».

Багінская бядуе: з-за палітыкі ёй няма калі займацца яе хобі.

Павялічыць

Худзі моладзевага брэнда LSTR з выявай Ніны Багінскай.

«У мяне ёсць раскроеная кашуля, у беларускім традыцыйным стылі — дагэтуль не магу давышываць, ужо 30 год ляжыць. А яшчэ абрус «Вясёлка», на вялікі стол, з 21 сурвэткай. Цэнтр — сонца, на сурвэтках — зоркі, сімвал чалавека.

Я так падумала: калі скончу вышываць гэты камплект, улада зменіцца. Каюся: і ў мінулым, і ў пазамінулым годзе ніводнай сурвэткі не вышыла».

Наталля Лубнеўская, фоты Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30