Знайсці
20.01.2020 / 16:2320РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Тое, на што імперыям спатрэбіліся стагоддзі, у Беларусі дасягнута за няпоўныя 30 гадоў

president.gov.by

Віктар Марціновіч для budzma.by разважае на канкрэтных прыкладах пра заняпад сучаснай беларускай культуры.

Камусьці можа падацца, што конны красавец Саладуха ў «гусарскім строі» (насамрэч не) на цырымоніі «Песня года» — сведчанне толькі асабістых густаў людзей, якія рыхтавалі шоу.

Вельмі проста на гэта не зважаць ці звесці да зубаскальства на тэму радыкальных формаў, якія не стамляецца прымаць аграгламур.

Але я ў тым, што адбываецца на сцэне, у эфіры і ў горадзе, бачу праявы прынцыпова новага настрою. Уласцівага хіба што апошнім месяцам.

Бо «Песня» ж стаіць не асобна.

Да «Песні» быў абсалютна феерычны «Венскі баль» — мерапрыемства з «гісторыяй», якое пачыналася як умоўна адкрытая вечарына для прыхільнікаў Штраўса ў Купалаўскім (sic!), а скончылася вяртаннем квіткоў і «перафарматаваннем» у рэжымны баль высокай арыстакратыі і «двара» ў Палацы Незалежнасці.

Я звяртаў увагу на тое, як прымала мерапрыемства бачная ў сацыяльных сетках публіка: палова не запрошаных на баль дам кпіла з недасканаласці строяў (там нешта смешнае было пра пальчаткі, пра абавязковасць іх наяўнасці ў дрэс-кодзе), іншыя прыцішана ўздыхалі на тое, як «красіва» атрымалася, якія прыгажуні атачалі нашых губернатараў і паліцмайстраў.

І выглядала ўсё спрэчна.

Пакуль тыя, хто змагаўся за права нашага «двара» кружыць мазуркі ў Палацы Незалежнасці ў статусе суверэнных уладароў нашай зямлі, выклікаліся ў суды і рыхтаваліся сустрэць Новы год у палоне, гусары пстрыкаліся фужэрамі і белазуба ўсміхаліся ў камеры. А ФБ турбаваўся тым, ці можна танчыць без белых пальчатак, гэта, здаецца, было асноўнай праблемай.

Дэкаданс ужо здараўся двойчы: упершыню — на сконе Рымскай імперыі, для абазначэння заняпаду нораваў якой і быў прыдуманы тэрмін. Другі раз — падчас fin de siècle, калі Еўропа і Расія рыхтаваліся да непазбежнасці краху спрадвечных імперый і формаў уладання ды самых крывавых войнаў у гісторыі чалавецтва. Тое, што Тэафіль Гацье называў «мастацтвам для мастацтва», крытыкуючы рымскі «дэкаданс» з пазіцый французскага Асветніцтва, было насамрэч жаданнем тых, хто фінансава дапамагаў рымскаму мастацтву схавацца ад любых праяваў рэальнасці — у распусце, віне і оргіях.

У тых, хто адказвае ў Беларусі за хлеб і відовішчы, няма свайго Поля Верлена і Шарля Бадлера. У іх няма Дабужынскага, Гіпіус, Салагуба і Бальманта. Зрэшты, тут ёсць толькі красавец Саладуха на кані.

Але як на мяне, дык нават паўсюдныя «Табакеркі» (якія, бы тую Пагоню, не разбіць, не спыніць, не стрымаць) — гэта новы дэкаданс.

Мастацтва для мастацтва.

Прыкмета абсалютнага адрыву замоўнікаў відовішчаў не толькі ад тых, хто відовішча глядзіць, але і ад усялякіх там нормаў і забабонаў этыкі. Рэстарацыя ў Лябяжым (і кавярня ў Курапатах) — гэткі ж самы салодкі, прыгожы і абыякавы дэкаданс. Сынкі гэтай эліты, якія адкрыта выхваляюцца тым, як рэзка паводзяць сябе за стырном, падзел «зламыснікаў» на «чужых», якім па ўсёй строгасці, і «сваіх», якія выходзяць з залаў суда не паспеўшы нават як след спужацца, — вось усё гэта, усё гэта.

І мяне ўражвае, як хутка гэта разгарнулася: тое, на што папярэднім імперыям патрэбныя былі стагоддзі, дасягнута тут за няпоўныя 30 гадоў. Вы ж глядзіце: пад сцягам змагання з карупцыяй, «багацеямі», пабудовы дзяржавы для народа з’яўляюцца ўжо паўнавартасныя арыстакратычныя салоны, кшталту тых, у якіх збіралася дэкадэнцкая багема. Ім толькі белых пальчатак не стае, ага.

І так, некалі я пісаў, што ўнікальнасць Беларусі ў тым, што жаночае хараство тут не манетызуецца, што, у адрозненне ад Масквы ці Прагі, у Мінску можна лёгка пабачыць асляпляльную прыгажуню за рычагамі трамвая, што ідзе з плошчы Якуба Коласа ў Зялёны Луг. Дык вось, няма таго, што раньш было.

Цяпер прыгажуні запрашаюцца службай пратаколу і ўключаюцца ў адносіны ўлады і геапалітыкі.

І ясна, што ў іншых краінах тое самае, але там гэта сарамліва хаваецца. У нас жыццё гетэр з высокіх лож, пры адсутнасці іншага тыпу легальных герояў і гераінь, робіцца публічнай мадэллю для пераймання. Гэтаксама як у Парыжы часоў заняпаду стагоддзя, калі імпрэсіяністы малявалі заўсёдніц закрытых клубаў, што абумоўлівала ўзаемную цікавасць улады да мастацтва і мастацтва да арыстакратыі.

У Расіі дэкаданс скончыўся прыходам «левага мастацтва», у Францыі — авангардам, у Італіі — футурызмам. На змену ўздыхам, сімвалізму і задушлівай ляноце набеглі пацанчыкі, якія крычалі са сцэны коратка і важка. І скінулі з парахода сучаснасці не толькі заўсёднікаў салонаў, але і Пушкіна, і Дастаеўскага з Талстым.

Паглядзім, ці пратрывае даўжэй наш дэкаданс.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера