Даслаць навіну
Знайсці
18.01.2020 / 01:16

Кандыдат у прэзідэнты Чэрачань распавёў, як быў камуністам, дэмакратам і афіцыянтам у Крыме. Вялікая гутарка

Павялічыць

34-гадовы мінскі прадпрымальнік Сяргей Чэрачань абвясціў, што будзе спрабаваць стаць кандыдатам у прэзідэнты ад партыі «Грамада», заснавальнікам якой быў яшчэ Станіслаў Шушкевіч. Чэрачань з’явіўся на палітычнай арэне зусім нядаўна і адразу выклікаў шмат пытанняў: былы член Камуністычнай партыі, які раптам далучыўся да «Грамады» і амаль адразу ж стаў яе кіраўніком, сябар сумна вядомага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Цярэшчанкі, заснавальнік незразумелага партала spektr.by…

Каб зразумець, хто такі Сяргей Чэрачань, «Наша Ніва» пагаварыла з ім самім.

«Наша Ніва»: Вам 34 гады. Вы жывяце ў Мінску, але самі з Магілёва. З якой сям’і?

Сяргей Чэрачань: Бацька інжынер, мама медык. Звычайная сям’я, жылі, як і ўсе ў 90-ыя. Заўсёды былі пэўныя фінансавыя праблемы, як і ў любой сярэднестатыстычнай сям’і, дзе бацькі не займаліся бізнэсам, а жылі і працавалі для дзяржавы.

З 9-га класа я вучыўся ў ліцэі, і ў нас была такая агітацыя, што пасля вучобы думаў ехаць ці ў Мінск, ці ў Маскву. У мяне было запрашэнне ў маскоўскі ўніверсітэт, але на той момант сям’я не магла забяспечыць мне хоць нейкае існаванне ў Маскве. Я гэта выдатна разумеў, таму выбраў Мінск. Паступіў у БДУІР, на бюджэт: па выніку экзаменаў я трапіў у тройку найлепшых абітурыентаў па ўсім універсітэце.

Я быў актыўным заўсёды. Яшчэ студэнтам думаў, як адкрыць більярдны клуб. А пасля хацеў зарэгістраваць грамадскую арганізацыю, якая б дапамагала студэнтам з іншых гарадоў. Бо для тых, хто прыязджаў вучыцца ў Мінск, жыллё было вялікай праблемай: здымаць дорага, інтэрнат давалі вузкаму колу. Я сам тры гады бадзяўся па здымных кватэрах: першыя гады ўтрох яшчэ з магілёўскімі сябрамі наймалі кватэру, пасля я здымаў пакойчык…

А калі спрабаваў зняць праз агенцтвы, то агенцтвы нерухомасці не дапамагалі, а бралі грошы і прадастаўлялі ліпавыя базы. Колькі бралі не памятаю, здаецца, 70-80 даляраў — для студэнта гэта вельмі вялікая сума. Я памятаю, як працаваў у Феадосіі афіцыянтам улетку, вярнуўся позна, амаль 1 верасня — і не змог хутка знайсці жыллё, усё разабралі. Атрымалася, што месяц жыў амаль на вуліцы: то ў сяброў, то ў нейкіх начлежках, нават пару разоў ночыў на вакзале.

І я хацеў стварыць структуру, якая б на грамадскіх пачатках дапамагала студэнтам неяк выратавацца ад такіх праблем з жыллём. Але мы тры разы выходзілі на камісію Мінюста і тры разы атрымлівалі адмову.

«НН»: А як вас у Крым занесла, у Феадосію? Сваякі там?

СЧ: Не, сябры-студэнты былі адтуль. Пасля чацвёртага курса запрасілі, маўляў, хочаш падзарабіць — паехалі. Там былі кафэшкі на ўзбярэжжы, і мяне адразу ўзялі афіцыянтам. Тыдні два я прыціраўся, а пасля «ўзмужнеў» і быў адным з тых, хто затрымаўся на гэтай працы. Бо афіцыянтам было цяжка: шмат людзей, замоваў, усё запісваецца на паперках, яны губляюцца, штосьці ты не заўважыў, пра штосьці забыўся… Першы тыдзень афіцыянт без вопыту быў увогуле ў мінус — бо заробак складаўся з чаявых. Ну і шмат хто прыходзіў і праз тыдзень проста сыходзіў з такой працы. Але я затрымаўся, у мінус не сышоў. І праз месяцы паўтара я стаў… як гэта называецца, «дырэктарам афіцыянтаў» ці першым афіцыянтам? Карацей, тым, хто размяркоўвае працоўныя змены. І ў выніку я прывёз адтуль каля 1500 даляраў за два месяцы працы. Пасля бацькі мне трошкі дадалі і я купіў сваё першае аўто за гэтыя грошы — «Мерсэдэс 190». Ён, праўда, быў увесь дзіравы, там ламалася ўсё, я напакутаваўся з ім нармальна.

 Павялічыць

«НН»: Пасля вучобы ва ўніверсітэце чым займаліся?

СЧ: Працаваў у холдынгу «Атлант-М». Спачатку мы праходзілі двухгадовае навучанне ў бізнэс-школе, пасля нас уладкоўвалі на працу. Апошняя мая пасада там — менеджар па продажы аўтамабіляў. Пасля я сышоў працаваць на сябе.

«НН»: А як пачыналі ўласны бізнес? Вы ж кажаце, што з простай сям’і. Першыя грошы пазычалі, бралі крэдыты?

СЧ: Не, тут усё як ва ўсіх: паціху, штосьці дзесьці купіў, дзесьці прадаў…

Сёння я разумею, што палітыка ў нашай краіне — цяжкая і няпростая сфера, таму цягам апошніх двух гадоў я практычна адышоў ад камерцыйнага сектара. Прымаю ўдзел толькі ў пытаннях планавання працы арганізацыі.

«НН»: Дык а чым зарабляеце на жыццё?

СЧ: Гандаль, скажам так. Гандаль, вытворчасць і сфера паслуг.

«НН»: Чаму так агульна, гэта нейкі сакрэт?

СЧ: На сёння, калі ўзяць афіцыйную частку пытання, у мяне ёсць кампаніі, якія ў стадыі ліквідацыі.

«НН»: А нейкая інвестыцыйная кампанія?

СЧ: Яна таксама ў стадыі ліквідацыі.

«НН»: Дык а за якія грошы вы жывяце?

СЧ: За тыя, якія зарабіў да таго, як сышоў у палітычную сферу. У мяне ёсць пэўныя актывы… Пасіўны даход, скажам так.

«НН»: І колькі мае на месяц будучы кандыдат у прэзідэнты, 34-гадовы Сяргей Ч.?

СЧ: Ну, ёсць даход, я не скарджуся. Ёсць жа і сям’я — жонка таксама зарабляе, яна працуе ў сферы моды. Сям’я не пакутуе, карацей кажучы.

«НН»: Цесць дапамагае? [Бізнэсмен Андрэй Ходзіч хадзіў на парламенцкія выбары — 2000 у якасці кіраўніка спраў саюза «Айчына». Гэта аб’яднанне актывістаў, якія выступаюць за далучэнне Беларусі да Расіі — «НН».]

СЧ: Не.

«НН»: Як у вас увогуле з ім зносіны?

СЧ: Мы бачымся вельмі рэдка, ён не жыве ў Беларусі. Ужо даўно ён у Расіі, гадоў 15 як. А ўсе фэйкавыя навіны, што цесць мяне падтрымлівае — усё не так. Я абсалютна самастойны персанаж і лічу, што гэта мой вялікі плюс.

Часам мы з цесцем спрачаемся, бо я добра ведаю, што адбываецца ў Расіі. У мяне там таксама ёсць бізнэс…

«НН»: Які?

СЧ: Гандаль.

«НН»:?

СЧ: Няважна.

Я скажу так: я выдатна разумею, як адбываюцца ў Расіі ўсе працэсы. І я разумею, што калі мы жорстка інтэгруемся з Расіяй, то нам будзе дупа. Я супраць інтэграцыі. У Расіі няправільна пабудаваная сістэма для нізка абароненых грамадзянаў. Тое, што там адбываецца, не лезе ані ў якія вароты. Усё вельмі кепска.

«НН»: Дарэчы, а на нядаўнія пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй вы хадзілі?

СЧ: Не. Амаль увесь час тады я быў за мяжой. 

***

«НН»: Малады спецыяліст, пасля бізнэсмен… Як вас занесла ў Камуністычную партыю?

СЧ: Гэта пачыналася з універсітэта, з той самай арганізацыі, якую я хацеў стварыць. З тых часоў засталася жылка актывізму. Пасля праца, недахоп часу… Але калі я выйшаў на пэўную стабільнасць, то вырашыў заняцца тым, што мяне заўсёды цікавіла.

«НН»: І ўступілі ў КПБ?

СЧ: Атрымліваецца, што так. Гэта быў 2016 год. На той момант… ну, была пэўная спадчына, шмат хто з нас быў акцябронкам…

«НН»: Вам 34, мне 33. Якім акцябронкам? У нашым дзяцінстве гэтага, на шчасце, ужо не было.

СЧ: Было! У першых класах школы нас прымалі ў акцябраты, наколькі я памятаю. Можа, я штосьці і наблытаў, але такая карцінка ў галаве захавалася.

Але ж мы ўсе з Савецкага саюза, і Камуністычная партыя была адзінай партыяй, якая аказвала ўплыў на палітычнае жыццё ў краіне. І я рос у тыя часы і нейкі ўплыў падсвядома адчуваў.

«НН»: У якія «тыя часы» вы раслі, прабачце? У 1991 годзе, калі СССР ужо разваліўся, вам было 6 гадоў.

СЧ: Дык усё роўна — я сябе выдатна памятаю з чатырох гадоў! А пасля савецкая спадчына ўсё роўна ж мела вельмі моцны ўплыў на маладое пакаленне!

«НН»: Ладна. То бок вы ўступілі ў Камуністычную партыю, бо, здаецца, у першым класе былі акцябронкам?

СЧ: Не. Скажу шчыра, я павярхоўна вывучыў «сітуацыю на рынку». Яшчэ спытаў у адных знаёмых: як лічыце, якая партыя сёння можа хоць штосьці зрабіць? Ну, адказваюць, камуністычная. Спытаў у іншых знаёмых. Тыя таксама кажуць: здаецца, Камуністычная партыя хоць нешта робіць.

Павялічыць

«НН»: Гэта вам у 2016 годзе людзі такое казалі?

СЧ: Так. Ну я не стаў асабліва правяраць інфармацыю. Прыйшоў у адно з іх аддзяленняў, кажу, вось я, актыўны, малады, маю жаданне штосьці рабіць. Мяне адразу прынялі, сказалі: «Маладыя і актыўныя нам патрэбныя заўсёды». Адзіная ўмова была — плаціць унёскі.

«НН»: А вам як маладому чалавеку ўся гэтая ідэалогія не муляла вока? Сталін, Ленін, камсамол…

СЧ: А я не разглядаў партыю як ідэалогію, я разглядаў яе як інструмент для рэалізацыі ідэй, якія будуць папулярныя ў грамадстве. І на той момант Камуністычная партыя падалася мне найбольш перспектыўнай. І мне ж не было ў каго спытаць, што адбываецца ўнутры гэтай партыі. Гэта я даведаўся ўжо на ўласным вопыце.

Пасля, праўда, мае ініцыятывы і актыўнасць падтрымкі ў гэтай партыі не знайшлі. Напрыклад, я гаварыў з [другім сакратаром ЦК КПБ Георгіем] Атаманавым наконт арганізацыі моладзевага радыё. Каб партыя праявіла ініцыятыву і дапамагла сваімі адміністратыўнымі рэсурсамі — не фінансавымі! — атрымаць хвалю, запусціць радыё, якое б цікавіла моладзь. Але я выслухаў лекцыю на 50 хвілін пра гісторыю партыі, пасля чаго Атаманаў кудысьці збег. На тым маё знаёмства з кіруючым актывам партыі ў мяне фактычна і скончылася. Пасля гэтага на мне паставілі крыжык, сказалі сядзець ціха і не вылазіць.

«НН»: Але ж вы балатаваліся ў парламент ад камуністаў?

СЧ: Гэта было да таго, як мне сказалі, што актыўнасць не патрэбная.

Тады раённы камітэт вылучыў маю кандыдатуру, Цэнтральны камітэт падтрымаў. Я не сам выступіў. Райкам спытаў: у каго ёсць цікавасць паўдзельнічаць ад партыі ў выбарах? Я сказаў, што мне было б цікава. Ну і мяне ўнеслі ў спіс, пасля ўзгаднілі, сказалі, давай паспрабуем.

«НН»: І як уражанні ад выбараў?

СЧ: Ніяк. Я паглядзеў на працэс знутры, пагаварыў з людзьмі, быў на пікетах.

Мне не спадабалася. Сумная карціна. Навошта гэта ўсё? Усё было тухла, а я не люблю, калі працэс чэзлы. Водгукаў ад людзей амаль няма. Калі ідуць людзі, то толькі з дэструктывам, са скаргамі. Не было дыялогу з тымі, хто б падышоў і прапанаваў падтрымку і дапамогу. Такія людзі не падыходзілі.

«НН»: Ваш вынік быў тады прыкладна 20% галасоў. Як лічыце, ён справядлівы?

СЧ: Не. Гэты вынік намалявалі для Камуністычнай партыі, а не для мяне. Каб паказаць КПБ: 20% — гэта прыкладна столькі ў вас электарату. Насамрэч за мяне прагаласавала, я думаю, менш.

***

«НН»: Вы ўвайшлі ў КПБ, расчараваліся, выйшлі. Што было далей?

СЧ: Я зразумеў, што пасля размоваў з Атаманавым мяне на мясцовыя выбары вылучаць не хочуць, і ў 2017 годзе выйшаў з партыі. Я не бачыў сэнсу знаходзіцца ў структуры, дзе я ізгой. Выйшаў спакойна, без скандалаў, застацца мяне ніхто не прасіў. На той момант я быў непажаданым членам у іх арганізацыі проста таму, што хацеў хоць нешта зрабіць.

І пасля гэтага я хацеў самастойна працаваць у грамадска-палітычным полі. І так атрымалася, што праз агульных сяброў я пазнаёміўся з Віктарам Цярэшчанкам. Мы знайшлі з ім агульную мову, і я ўзначаліў грамадскае аб’яднанне «Рэспубліканская дыпламатыя» [насамрэч «Народная дыпламатыя — «НН»].

«НН»: Што гэта за арганізацыя? Чым яна займаецца?

СЧ: Яна была зарэгістраваная яшчэ ў 1990-я. Сёння мае пэўны актыў сяброў, але ж калі я ўзначальваў арганізацыю, яна ўдзелу ў жыцці краіны не прымала. Была ў спячцы на той момант.

«НН»: Выглядае так, што «Дыпламатыя» і сёння спіць.

СЧ: Але мы спрабуем падцягнуць на яе некалькі цікавых моладзевых праектаў.

«НН»: Я пацікавіўся, за апошні год, здаецца, прадстаўнікі «Дыпламатыі» з’ездзілі ў Маскву на адкрыццё мемарыяльнай дошкі міністру абароны СССР Сакалову. І ўсё. Так сабе моладзевы праект.

СЧ: Я шукаю рознага роду магчымасці. Карыстаюся тым, што ёсць. І я лічу, што выкарыстоўваю магчымасці, якія трапляюцца мне, на поўную. Мы паехалі на адкрыццё той дошкі, бо нам даслалі запрашэнне. Сядзець і чакаць, што нешта будзе само сабой — не варыянт. Я хачу стварыць арганізацыю, якая будзе мець сур’ёзную вагу ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Таму прыходзіцца рабіць тое, што атрымліваецца, і глядзець на вынік.

«НН»: Які вынік ад паездкі на адкрыццё дошкі?

СЧ: Змерзлі вельмі моцна. Зіма была, я шапку не ўзяў… Гэта адзіны вынік, калі шчыра.

«НН»: Але вось цягне вас да нейкіх палітычных трупаў пастаянна: то камуністы, то Цярэшчанка і «Дыпламатыя»…

СЧ: А якія варыянты? Я самастойны і незалежны чалавек, які мае ідэі і праекты. Так, можа, трэба, каб хтосьці распавёў, што дзе адбываецца, хто і што з сябе ўяўляе. Але куды ісці, да каго звяртацца? Я не ведаю. Публікуецца паўсюль толькі «патрэбная» інфармацыя, а не тая, якая адпавядае рэчаіснасці.

І калі я пазнаёміўся з Цярэшчанкам, то сказаў, што хачу працаваць. Віктар Іванавіч адказаў, што мае арганізацыю, якая доўгі час не была актыўнай, і што я магу паспрабаваць узначаліць яе.

Павялічыць

«НН»: Як вам Цярэшчанка ўвогуле?

СЧ: Ён чалавек, які шчыра распавёў, як праходзілі выбары ў 2010 годзе з пазіцыі ўдзельніка, які не скажае інфармацыю. Віктар Іванавіч у параўнанні з іншымі дастаткова талковы палітык. Ён своеасаблівы чалавек, але як палітык — ён неблагі.

«НН»: Маркоўны сок не баіцеся піць?

СЧ: Я не п’ю яго ўвогуле, таму не баюся.

«НН»: А хто вам сімпатычны з нашых палітыкаў? З апазіцыі ці з чыноўнікаў.

СЧ: З тых, з кім я меў зносіны, гэта толькі Шушкевіч.

Ёсць яшчэ шмат палітыкаў, як той жа Сяргей Румас, па якіх відаць, што яны хлопцы талковыя. Па іх відаць, што яны гатовыя мяняць краіну, будаваць сваю мадэль дзяржавы. Але гэтае жаданне ў іх вельмі хутка прападае, і мы разумеем, па якой прычыне. І вылучыць кагосьці цяжка, бо няма вынікаў. А вынікаў няма, бо ў гэтых людзей няма магчымасці рэалізаваць ініцыятывы.

«НН»: Вы сочыце за палітычным жыццём, атрымліваецца. Прынамсі, ведаеце, што Румас — прэм’ер-міністр.

СЧ: Канечне!

«НН»: А хто да яго быў прэм’ерам?

СЧ: Там у іх такая хуткая ратацыя… Не адкажу на гэтае пытанне.

«НН»: А што вам падабаецца ў сённяшняй Беларусі? І адпаведна, што не вельмі?

СЧ: Добра тое, што мы намагаемся адстаяць суверэнітэт. Гэта галоўны і адзіны плюс на сёння.

Усё астатняе… Мы жывём у краіне з цалкам ручным кіраваннем, і калі талковыя людзі не могуць ні на што ўплываць і прымаць рашэнні — гэта сумна. Бо мы мусім неяк рухацца наперад, а не стаяць на месцы.

***

«НН»: Цяпер вы лідар партыі «Грамада». Як туды трапілі?

СЧ: Сябры сяброў пазнаёмілі мяне са Станіславам Станіслававічам Шушкевічам. Мы некалькі разоў сустракаліся, і я распавёў яму, што намагаюся хоць нешта рабіць — самастойна без уплыву аднекуль. І сказаў, што мне б хацелася паспрабаваць ад партыі займацца патрэбнымі для краіны рэчамі. Станіслаў Станіслававіч разумее, што людзей, якія будуць выдаткоўваць свой час і грошы, няшмат. Ён сказаў: ёсць партыя, што можаш прапанаваць? Я адказаў, што магу ўзначаліць партыю і прапаноўваць свае рашэнні па яе развіцці. Калі гэта задаволіць яе сяброў, мы разам будзем паціху рухацца наперад. Бо да гэтага партыя, ізноў жа, была ў спячцы.

Станіслаў Станіслававіч сказаў: ініцыятыва добрая. Паспрабуй, атрымаецца — будзе добра. Не атрымаецца — мы цябе хуценька выключым, на тым усё і скончыцца.

Таму я максімальна сканцэнтраваўся на партыі і лічу, што сёння ў нас неблагія паказчыкі.

«НН»: Колькі ў вас актыўных членаў сёння?

СЧ: Трыста чалавек будзе. Толькі штаб чалавек 30, гэта людзі, якія штодзень працуюць. Большасць астатніх, канечне, гэта не тыя, хто заняты справамі партыі штодня. Але іх я магу арганізаваць цягам тыдня для ўдзелу ў мерапрыемствах.

«НН»: Але за год вашага кіравання партыяй пра яе ўсё так жа нічога не чуваць. Ну хіба вось змена назвы і вашыя заявы пра кандыдацтва ў прэзідэнты.

СЧ: Усё не так. Быў удзел у парламенцкіх выбарах, не забывайцеся. Мы выставілі 24 чалавекі, гэта добры вынік [па інфармацыі ЦВК, у выбарах удзельнічалі 13 чалавек ад «Грамады» — «НН»].

І мы ўвесь час працуем, намагаемся зацікавіць як мага больш людзей з нашага апалітычнага грамадства, гэта вельмі няпроста. Плюс усё ж трэба перакультываваць, зноў займацца рэгіёнамі, сустракацца з людзьмі, наладжваць зносіны з дыпмісіямі… Шмат працы, вельмі шмат.

Я раней думаў, што 20% свайго часу буду аддаваць партыі. Але сёння я аддаю ёй 80% — і нічога не паспяваю.

«НН»: Вы казалі, што ў партыю вы толькі ўкладваеце грошы, прыбытку ад яе не маеце.

СЧ: Так і ёсць. Гэта невялікая сума, каля $2500 штомесяц. Гэта арэнда офіса, бягучая дзейнасць, паездкі.

«НН»: Але ж вы як бізнэсмен пакуль укладваеце, а пасля плануеце атрымліваць нейкі прыбытак ад дзейнасці партыі?

СЧ: Зусім неабавязкова. У кожнага ёсць тое, чым ён зарабляе, і тое, ад чаго ён атрымлівае задавальненне. І грамадска-палітычнае жыццё — гэта тое, ад чаго я атрымліваю задавальненне, калі нейкімі сваімі дзеяннямі магу атрымаць нейкі вынік. Гэты вынік — не грошы, гэта маральнае задавальненне.

«НН»: Ходзяць чуткі, што вы яшчэ дапамаглі Станіславу Станіслававічу фінансава.

СЧ: У плане ўтрымання арганізацыі — канечне.

«НН»: А ў плане ўтрымання Станіслава Станіслававіча?

СЧ: Не, Станіслаў Станіслававіч — вельмі самастойны і незалежны чалавек. Такая прапанова яго б пакрыўдзіла. Партыя — гэта калектыў людзей. Каб я прапанаваў за гэты калектыў Станіславу Станіслававічу грошы, то ён бы пакрыўдзіўся, бо гэта людзі, а не яго маёмасць.

***

«НН»: Я чуў, што вы ўкладвалі грошы ў «Белгазету». Гэта так?

СЧ: Я падтрымліваю арганізацыі, якія лічу неабходнымі для нашай краіны. Іх не так шмат, фактычна тры газеты, калі яны ляснуцца, будзе яшчэ адна сур’ёзная параза апазіцыі.

«НН»: А пра якія сумы ідзе гаворка?

СЧ: Я лічу, галоўнае тое, што газета яшчэ існуе. У яе былі цяжкія моманты, калі яна магла проста перастаць выходзіць. А сёння яна працуе, развіваецца, людзі адзначаюць, што фармат і кантэнт палепшыўся. Гэта вельмі важна.

«НН»: То бок лічбы не будзеце называць?

СЧ: (Пасміхаецца і адмоўна качае галавой)

«НН»: Таксама вы заснавальнік парталу spektr.by. Даволі незразумелы сайт, што гэта?

СЧ: Так, гэта мой сайт. Агрэгатар навінаў, не зарэгістраваны як СМІ.

«НН»: Навошта яно вам?

СЧ: Гэта адна з пляцовак. У кожнай арганізацыі мусіць быць свая пляцоўка, інфармацыйная стужка.

«НН»: А калі вы стварылі той «Спектр»?

СЧ: У 2017 годзе.

«НН»: Пад патрэбы «Дыпламатыі», атрымліваецца, я правільна разумею?

СЧ: Так. Публікуем навіны і заадно свой парадак, свае думкі выказваем.

«НН»: І як з наведнікамі?

СЧ: Прыкладна 4 тысячы штодня. Гэта сапраўдная лічба, завышаць яе няма сэнсу — мы не просім гранты пад гэтую пляцоўку. Гэта чыста наш рэсурс, каля 4 тысяч прыходзяць праз пошукавікі. Калі выходзілі нейкія навіны, якія траплялі ў топ Яндэкса, бывала і больш, па 7 тысяч.

***

Павялічыць

«НН»: Вашае кандыдацтва ў прэзідэнты. Навошта гэта ўсё?

СЧ: Чым мацней у нас каманда, чым мацней у нас уплыў на працэсы ў краіне, тым бліжэй вынік, які мы хочам атрымаць — новая Беларусь, якую хочуць бачыць людзі.

«НН»: Вы самі верыце, што зможаце сабраць подпісы? Верыце ў перамогу?

СЧ: На гэтых выбарах я данясу да людзей сваю пазіцыю. Подпісы я збяру, я ўпэўнены. Ці дапусцяць мяне да саміх выбараў — гэта 50 на 50.

Пра перамогу… Уявім ідэальную сітуацыю, калі большасць прагаласуе за мяне. Тэарэтычна мы можам гэта атрымаць. Але ж галасы лічым не мы. І на гэтых выбарах я ўпэўнены, што мы прайграем. Толькі Плошча — пры падтрымцы людзей — можа прынесці вынік і перамогу на гэтых выбарах. Інакш — не.

«НН»: Калі будзеце мець упэўненасць, што за вас прагаласавала большасць, то будзеце заклікаць людзей на Плошчу?

СЧ: Калі ўбачым вынікі апытанак, даследаванняў, што мы перамаглі — то я прыйду на Плошчу, і я думаю, што людзі, якія мяне падтрымаюць, таксама прыйдуць на Плошчу.

«НН»: Перадвыбарчую праграму маеце? Можна пачуць дзве-тры канструктыўныя прапановы?

СЧ: Сёння мы яшчэ займаемся эканамічным блокам. Давайце мы апублікуем праграму, сваю канцэпцыю, і тады можна будзе правесці грамадскае абмеркаванне.

«НН»: Але ж калі вы ведаеце, што перамогі не ўбачыце, навошта ўсё ж ісці на выбары? Бо вы выглядаеце такім Гайдукевічам 2.0, кандыдатам, які дапамагае стварыць уражанне канкурэнцыі. У мінулы раз Улаховіча выкарыстоўвалі ў гэтай ролі, сёлета, можа, вас запросяць.

СЧ: Але якія варыянты? Людзі пачуюць пра нашу партыю, пра мяне. Нельга нічога зрабіць, калі людзі пра цябе не ведаюць. Трэба максімальна прыкласці намаганні, каб атрымаць пазнавальнасць, падтрымку, вопыт. Гэта комплекс працы. Калі мы гэтага не зробім, хто зробіць іншы? Як мы прыйдзем да выніку, калі не будзем рызыкаваць? Іншых варыянтаў у мяне няма.

Гайдукевіч, не Гайдукевіч… — выбары пройдуць усё роўна. Якім чынам апазіцыя штосьці змагла зрабіць на мінулых выбарах? Яна ўпусціла ўсе магчымасці па папулярызацыі, згубіла людзей. Калі ты кажаш людзям, што ёсць мэта і ты да яе ідзеш — няважна колькі ідзеш, год, два ці дзесяць — людзі разумеюць, што ёсць мэта, ёсць тэрмін і ўвесь гэты час трэба працаваць. І вырашаюць, могуць яны быць у камандзе ці не. А калі ты зусім не ўдзельнічаеш у палітычным жыцці, то сходзіць Улаховіч, а мы проста не атрымаем той сацыяльны капітал, які маглі б. І сёлета, я спадзяюся, людзі ўбачаць нас і, можа быць, пачнуць нам сімпатызаваць. Бо без падтрымкі насельніцтва мы пшык, нас няма. 

Улад Швядовіч, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31