Даслаць навіну
Знайсці
20.01.2020 / 12:40 18

«Не разумею, чаму нашы жанчыны ездзяць нараджаць у Літву». Вядучая акушэр-гінеколаг Мінздароўя — пра платныя палаты і візіты святароў

Пра роды ў Беларусі адгукаюцца па-рознаму. Хапае жанчын, якія едуць нараджаць за мяжу, бо не давяраюць айчыннай медыцыне. «Наша Ніна» вырашыла расставіць кропкі над і. Гутарым з намесніцай дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» па акушэрстве і гінекалогіі Аленай Гашкевіч. Пра платныя палаты, амерыканскія клінікі, групу студэнтаў на родах, кесарава па жаданні пацыенткі і забароненыя прыёмы — у нашым інтэрв’ю.

Павялічыць выяву

«Пяць год таму радзільні былі вельмі закрытымі ўстановамі»

«Наша Ніна»: Што змянілася ў беларускіх радзільнях за апошнія гады?

Алена Гашкевіч: У адміністрацыйным плане радыкальнымі зменамі з’яўляецца тое, што дазволены наведванні радзільняў. Гэта ва ўсёй краіне, не толькі ў вялікіх цэнтрах. Наведванні дазволены і ў пасляродавых палатах, і ў рэанімацыі, дзе знаходзіцца пацыентка і дзіця. Сваякі могуць прыйсці пагутарыць з доктарам і сваімі блізкімі.

Набіраюць папулярнасць партнёрскія роды. Мы, акушэры-гінеколагі, гэта вельмі вітаем.

Адзінае што — маё асабістае меркаванне — на партнёрскіх родах павінен прысутнічаць менавіта бацька дзіцяці.

Гэта мае вялікае значэнне і псіхалагічнае, для фарміравання бацькоўскага інстынкту, і эпідэміялагічнае, бо дзіця, якое нараджаецца стэрыльным, павінна максімальна хутка скантактаваць з флорай сваёй сям’і, каб быць абароненым ад варожай флоры. У прысутнасці доўлы я не бачу вялікага сэнсу.

У большасці мінскіх радзільняў ёсць палаты сямейнага тыпу, дзе пары могуць знаходзіцца разам да выпіскі. Канечне, пакуль мы не можам прапанаваць іх усім, бо архітэктурна нашы бальніцы, якія будаваліся даўно, не прыстысаваны нават проста да наведвання сваякоў.

Калі пяць год таму гэта сапраўды былі вельмі закрытыя ўстановы, дзе жорстка прытрымліваліся санэпідрэжыму, то цяпер усё значна больш лаяльна.

«НН»: Некаторыя спрэчна ставяцца да таго, што ў палаты пускаюць святароў.

АГ: Гэта можна вырашыць — дзіця перавесці ў іншае месца і зрабіць усе патрэбныя абрады. Мы павінны ўлічваць і меркаванні суседзяў па палаце. Але на маёй памяці не было актыўных канфліктаў па гэтым пытанні. Мне здаецца, беларускі народ наогул вельмі лаяльны.

«НН»: Чым платныя палаты адрозніваюцца ад звычайных?

АГ: У іх абсалютна бясплатныя медыцынская дапамога і медыкаменты, адзінае — больш камфортнае размяшчэнне. Гэта аднамесныя ці двухмесныя палаты, у якіх абавязкова асобны санвузел і набор сэрвіснага дабрабыту: халадзільнік, тэлевізар, электрачайнік. Мяняюцца ручнікі штодзённа.

Павялічыць выяву

Калі гэта платныя роды, то яны вядуцца доктарам першай ці вышэйшай катэгорыі.

Усе астатнія вядуцца сумесна — дзеянні маладога доктара кантралюе больш дасведчаны. У любым выпадку лекарам з маленькім стажам працы такую адказную рэч ніхто не даверыць рабіць у адзіночку.

«НН»: Наколькі платныя палаты папулярныя? Ці расце попыт?

АГ: Для жыхароў Мінска і Мінскага раёна гэта вельмі актуальна. Асабліва палаты сямейнага тыпу. Але ёсць новыя радзільні, якія і так дастаткова камфортныя, дзе санвузел можа быць на блок, а ў блоку — дзве палаты па два-тры чалавекі. Там, канечне, менш папулярныя платныя паслугі.

У «Маці і дзіця» такія палаты якраз асабліва не карыстаюцца попытам, бо ў нас блочнае размяшчэнне. Плюс цэнтр мае спецыфіку — ён створаны для тых, каму патрэбна высокваліфікаваная дапамога: гэта пацыенткі з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, цукроўкай, вялікі працэнт кесарава, бо шмат неданошаных дзяцей. За мінулы год у нас было 3600 родаў, з іх 985 платных. 29 пацыентак — замежныя грамадзянкі.

«Не падтрымліваю негатыўнае стаўленне пацыентаў да прыходу студэнтаў на роды»

«НН»: У адрас беларускіх радзільняў часта гучыць негатыў. Напрыклад, расказваюць, што падчас родаў можа зайсці група студэнтаў-медыкаў і назіраць, што адбываецца. Як пракаментуеце?

АГ: Многія радзільныя дамы, асабліва ў Мінску і абласных цэнтрах, з’яўляюцца клінічнымі базамі медуніверсітэтаў. І навучэнцы, якія ўжо лічацца медработнікамі, могуць прысутнічаць на родах. Яны не шумяць, не смяюцца, не перашкаджаюць жанчыне.

Не магу сказаць, што гэта бывае часта. Студэнцкая група знаходзіцца ў бальніцах, як правіла, у дзённы час, а большасць родаў — так прыродай заведзена — адбываецца ўвечары і ноччу.

Я ведаю, што выкладчыкі медыцынскіх устаноў вельмі засмучаныя, што рэдка могуць трапіць на роды. І пагадзіцеся, вы б не хацелі, каб да вас прыйшоў доктар-інтэрн, які іх у вочы ні разу не бачыў.

«НН»: Але я разумею жанчын, якія падчас родаў не хочуць пабачыць групу студэнтаў.

АГ: Да гэтага трэба ставіцца па-філасофску. Гэта не студэнты радыётэхнічнага інстытута, а медыкі. У іх на першым курсе ёсць прадмет біяэтыка менавіта для таго, каб яны вялі сябе этычна, знаходзячыся побач з пацыенткай, не выносілі ніякую інфармацыю за межы медустаноў. Паняцце медыцынскай таямніцы распаўсюджваецца ў тым ліку на студэнтаў.

Акт родаў трэба пабачыць, каб зразумець, што гэта такое, разабрацца, ці хочаш ты быць акушэрам-гінеколам, бо гэта прафесія спецыфічная. Таму я не падтрымліваю негатыўнае стаўленне пацыентаў.

Я ў многім гатова пайсці насустрач жанчынам, каб яны адчувалі сябе камфортна пры родах. Але тут, лічу, мусіць быць разумны кампраміс, а не толькі эгаістычнае жаданне.

«НН»: Апошнім часам жанчыны выкарыстоўваюць такі тэрмін, як акушэрская агрэсія. Ці вы бачыце ў гэтым праблему?

АГ: Ёсць пэўныя нарматыўна-прававыя акты, якіх мы, як дактары, абавязаны трымацца. Мы не можам рызыкаваць ні жанчынай, ні дзіцем, асабліва калі гэта ідзе ўразрэз з нашымі пратаколамі.

Калі пацыентка, напрыклад, інтуітыўна адчувае, што можна паспрабаваць не ўскрываць воды, яшчэ пачакаць, — гэта падстава пагутарыць. Доктар павінен знайсці 10 хвілін і расказаць жанчыне, навошта ёй гэта трэба. Яна не лекар.

А калі яна адмовілася, не бачу праблемы ў тым, каб яна проста паставіла подпіс — доктар таксама павінен быць юрыдычна абаронены.

Ніхто яе не выганіць праз гэта з радзільні, мы працягнем весці роды. Але будзем разумець, што могуць быць ускладненні. А можа, жанчына якраз мела рацыю. У некаторых выпадках сапраўды бывае так.

Павялічыць выяву

Тут крыўдзіцца адно на аднаго бессэнсоўна. Дыялог магчымы на любым этапе родаў.

Тыя ж Радзіны.бай гіпертрафуюць сітуацыю, насамрэч усё не так крытычна. На жаль, абсалютны давер паміж пацыентам і акушэрам-гінеколагам на нейкім этапе быў страчаны. Мы спрабуем яго аднаўляць.

У напісанні дагавораў я вялікага сэнсу не бачу. Дапамагае эмацыйны кантакт, а не лісты на пяць-шэсць старонак. Лагічней, калі ўсе праблемы вырашаюцца ў працэсе родаў. Жанчына дзеяздольная ў гэты момант. Пацыенткі, якія баяцца, што нейкае рашэнне прымуць няправільна, заўсёды прыходзяць з партнёрам.

Роды наогул мала прадказальныя па сваім цячэнні. Колькасць ускладненняў дастаткова вялікая. Цяпер працэнт кесарава сячэння дасягае 30 па краіне. Так, ёсць рэчы відавочныя. Калі дзіця важыць пяць кілаграм, ляжыць дупай уніз, ужо ў 36 тыдняў ясна, што зробяць кесарава сячэнне. А часам бываюць рэчы, якія мы не можам дыягнаставаць — ні па УГД, ні па адчуваннях жанчыны.

«НН»: Чула, што дактары могуць ціснуць падчас родаў на жывот, каб паскорыць працэс. Гэта ж траўматычна?

АГ: У большасці краін свету не існуе прававых актаў, якія забараняюць прыём Крыстэлера. Ён не вітаецца ў акушэрстве, але і не праводзіцца руцінна. У ЗША, напрыклад, ён заканадаўча дазволены са згоды пацыенткі. Выпадкаў для яго выкарыстання можа быць некалькі: слабасць патужной дзейнасці і крытычны стан дзіцяці. У Расіі ёсць загад міністэрства, які забараняе гэты прыём на тэрміне да 36 тыдняў. У Францыі ён наогул забаронены.

Асабіста я супраць гэтага прыёму. Але разумею, што ніводзін доктар проста так яго не прымяняе. У першародзячых жанчын часта не атрымліваецца нармальна патужыцца.

Канечне, калі змяняецца сэрцабіццё, гэты прыём ужо не выкарыстоўваюць.

«Мы не выдзяляем акушэрак для родаў дома. Лічу гэта правільным»

«НН»: Некаторыя беларускі ездзяць нараджаць у Літву, Амерыку, бо там, па іх словах, лепшае стаўленне дактароў. Чым еўрапейская і амерыканская сістэмы адрозніваюцца ад нашай?

АГ: Амерыка — краіна супердэмакратычная, там шмат варыянтаў па вядзенні родаў, у тым ліку роды дома. Там гэта ўзаконеная практыка.

Мы не выдзяляем акушэрак для родаў дома, і я лічу, што гэта правільна. Калі палічыць працэнт дзяцей, загінулых у такіх родах і ў радзільнях, то лічбы адрозніваюцца ў сотні разоў.

Рызыкі для жанчыны таксама высокія. Але, як правіла, жанчыну можна паспець давезці да стацыянара. Пра дзіця гэта сказаць нельга.

У Беларусі можна ўсё тое ж самае атрымаць, што ў Амерыцы. Другое пытанне, як псіхалагічна настроена жанчына. Калі яна думае, што толькі ў Амерыцы ў яе ўсё будзе добра, гэта яе права, дзе нараджаць. Але, на мой погляд, вялікага сэнсу ў гэтым няма. Адзінае, што ў іх ёсць паслугі кшталту «роды пад шум прыбою» — гэтага мы, канечне, запяспечыць не можам (смяецца).

Павялічыць выяву

У еўрапейскіх бальніцах больш шырока выкарыстоўваецца вертыкалізацыя ў родах. У іх колькасць партнёрскіх родаў сярод сямейных пар набліжаецца да 100%. А ў астатнім яны працуюць па такіх жа нарматыўна-прававых актах, што і мы.

Чаму нашы жанчыны ездзяць у Літву, мне наогул незразумела. Дастаткова ўстаноў у нашай краіне, дзе з гэткім жа камфортам можна нарадзіць, але за грошы значна меншыя, чым яны плацяць там.

«НН»: За мяжой да партнёрскіх родаў татам не трэба рыхтавацца і прыносіць даведкі. Чаму ў нас праходзіць курсы абавязкова?

АГ: Думаю, вы не маеце рацыю. У іх проста сертыфікаты не выдаюцца. Але там абавязкова рыхтуюцца сем’ямі. Гэта асаблівасці менталітэту. А нашы ж могуць не хадзіць, а сказаць, што былі.

У нас ёсць мужчыны, якія ў інтэрнэце раздрукоўваюць сертыфікат і з ім прыходзяць на роды. Але па іх адразу зразумела, што нідзе не былі. Калі патрэбна дапамога, ад іх карысці нуль. Такое ўражанне, што прыходзяць з цікаўнасці.

Думаю, мы гэта ўсё перажывём. І неабходнасць у сертыфікатах праз два-тры гады адпадзе, бо будзе разуменне ў насельніцтва, што трэба падрыхтавацца.

«НН»: Ці часта жанчыны баяцца нараджаць?

АГ: Так, першародзячыя жанчыны — практычна ў 100% выпадкаў. Яны нам расказваюць тыя страхі, якія ім распавялі мамы. Няма такой мамы, якая пазітыўна адгукаецца пра свае роды (усміхаецца). Жанчыны баяцца, што будзе балюча, не разумеюць, што гэта такое. Гэта насамрэч незвычайныя адчуванні — трэба прама сказаць. Іх ні з чым не параўнаць.

Павялічыць выяву

Таму тут мае вялікае значэнне ўплыў сям’і. Ім трэба патлумачыць, што гэта ўсё не страшна, можна перажыць, што гэта не хвароба.

«НН»: Кажуць, у нас дактары да апошняга адмаўляюцца прымяняць анестэзію, нават калі жанчына просіць. Ці так гэта?

АГ: Для анестэзіі ёсць паказанні і супрацьпаказанні. Гэта першае. Акрамя адчуванняў жанчыны, ёсць больш рэальныя методыкі для ацэнкі актыўнасці родавай дзейнасці. Гэта запіс КТГ, агляд радавых пуцей, напрыклад — калі схопкі ледзь заўважныя, то там яшчэ няма чаго абязбольваць.

Па-другое, патрэбны профільны спецыяліст. Не ва ўсіх радзільнях краіны ёсць кругласутачны анестэзіёлаг-рэаніматолаг, які выдзяляецца для абязбольвання родаў.

«НН»: А калі жанчына хоча кесарава?

АГ: Не, у нашай краіне гэта забаронена. Кесарава робіцца толькі па медыцынскіх паказаннях. Па жаданні пацыенткі — не. І так, між іншым, не толькі ў нашай краіне, а ва ўсім свеце. Бо гэта цяжкая аперацыя па колькасці ўскладненняў. Напрыклад, рызыка тромбаэмбалічнага ўскладнення пры кесаравым сячэнні ўзрастае ў два разы.

Адзіная краіна, якая робіць кесарава па пажаданні жанчыны, — Злучаныя Штаты Амерыкі. Але за вялікія грошы.

Калі глядзець на краіны з прагрэсіўным развіццём акушэрства і гінекалогіі, той жа Ізраіль, то там пераважная большасць жанчын нараджаюць самі.

«У беларускіх бальніцах можна нараджаць у вадзе, але гэта не надта запатрабавана»

«НН»: Зараз модныя вертыкальныя роды. Ці сапраўды яны так праходзяць лягчэй?

АГ: Апраўдана вертыкальнае вядзенне першага перыяду родаў — прымяненне фітболаў, актыўная пазіцыя жанчыны: каб яна хадзіла, прымала любую позу, у якой ёй камфортна, вісела на канаце, каб расслаблялася паясніца. Гэта сапраўды дапамагае. У тым ліку і ў актывізацыі радавой дзейнасці без прымянення медыцынскіх сродкаў. Але не ўсе пацыенткі настроены на актыўнасць самі. Але гэта зноў жа, лічу, звязана з непадрыхтаванасцю.

Што тычыцца другога перыяду родаў, магчымасць вертыкальнага вядзення ў залах ёсць. Наколькі гэта мае сэнс? Для паўторна родзячых жанчын так. Бо ў іх ўсё праходзіць хутчэй. У тых, хто нараджае першы раз, гэты перыяд цягнецца да гадзіны. Не кожны вытрымае гадзіну сядзець на кукішках.

«НН»: А нараджаць у вадзе ў нашых медустановах магчыма?

АГ: У ванне маеце на ўвазе? Дзесьці так. Вось душавыя кабіны ў многіх радзільнях ёсць — каб памасіраваць паясніцу вадой. Але сказаць, што ванны карыстаюцца шалёным поспехам, то не, гэта якраз такая опцыя, якая не надта запатрабаваная. Я, як доктар, лічу, што гэта абсалютна бессэнсоўная маніпуляцыя. А масаж душам так, карысны, ён аблягчае роды.

«НН»: Зараз яшчэ становіцца модна фатаграфаваць і здымаць роды на відэа. Вы як да гэтага ставіцеся?

АГ: На маёй практыцы прафесійных фатографаў не было. Прысутнасць старонняга чалавека пры родах немэтазгодна, маё такое меркаванне. У радзале гэта дакладна лішняе. Разумееце, гэта не вяселле, не паказальны выступ. Якую флору дзіця ад гэтага фатографа атрымае? Бо паветрана-капельных інфекцый вельмі шмат. Я лічу, што ў родах побач з дзіцем павінны знаходзіцца людзі, якія або аказваюць дапамогу, або яго сям’я.

Павялічыць выяву

«НН»: Што рабіць, каб роды прайшлі максімальна камфортна?

АГ: Схадзіць на добрыя курсы, каб быць псіхалагічна і адукацыйна да гэтых родаў гатовай. Там прачытаюць лекцыі, як роды працякаюць, як трэба сябе паводзіць. І нам сапраўды працаваць з гэтымі пацыенткамі нашмат лягчэй.

Калі жанчыне, для таго каб яна была спакойная, патрэбна платная палата (я з такім сутыкалася), не пытанне. Бо калі яна спакойная і давярае, вынік родаў будзе дакладна добры.

Не трэба ісці на роды, загадзя лічачы, што гэта барацьба. Канфрантацыя перашкаджае, ад яе не лягчэй нікому.

Вынік родаў залежыць не толькі ад таго, як паводзім сябе мы, але і наколькі нас чуе пацыентка.

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

0
хамса / адказаць
26.01.2020 / 17:34
магу шчэ трошкі [)].. разумею канечне, што ў нашых радзільнях брутальны канвеер, і ніхто ніякія споведзі чытаць не будзе.. ну але.. ну а раптам.. усё-ткі нейкая гуманізацыя вядзення цяжарнасці ды і родаў пэўна адбылася.. раней было горш) дык вось.. пра прысутнасць студэнтаў.. я дарэчы, калі думала пра радзільню, у тым ліку баялася і прысутнасці вялікай колькасці “левых” людзей на інтымным (так-так) працэсе.. ясна, што ўсе людзі розныя, і некаму будзе ўсё адно.. дык вы б хаця б пыталіся ў “пацыенткі”, як вы называеце парадзіху, можна ці не?.. у мяне студэнты былі на УГД, і тое мне гэта вельмі не спадабалася.. я ішла на гэта УГД, як на свята.. гэта і быў трошкі так бы мовіць святочны дзень - мой дн.. муж падарыў мне тады мой першы фоцік, якім я збіралася сфатаграфаць экран і паказаць яму.. і шчэ мы мусілі даведацца пол дзіцяці.. а замест гэтага атрымала талпу студэнтаў, якім тая дзяжурна тлумачыла: “вось тут то-та, тут то-та” (але вызначыць пол “спецыялістка” не змагла).. і на маё: “а пакажыце і мне”.. груба (так-так - груба) кінула: “а што вам там глядзець..”.. ну нармальна, не? канечне - я ж проста кавалак мяса) так сябе і адчуваеш (а ў жанчыны ў гэты перыяд жа асаблівая адчувальнасць з-за гармонаў) вось пасля такіх “лекараў”.. але такія далёка не ўсе канечне.. з тымі, хто вёў цяжарнасць, мне пашанцавала - былі далікатныя
0
хамса / адказаць
26.01.2020 / 21:00
і шчэ.. пры вертыкальных родах ніякае гэтае ідыёцкае “тужся-тужся”, як у амерыканскіх камедыях паказваюць, не патрэбна.. усё адбываецца само сабой пад уздзеяннем гравітацыі.. увогуле не разумею, як пры тых нязручных умовах, у якія ставяць нашых жанчын у радзільнях, можна нарадзіць?
0
Vic / адказаць
07.02.2020 / 00:41
Никогда не забуду как нам ротный рассказывал в 80-х про роды в Казахстане. Там его жена рожала. Сначала ее завлекали делать кесарево. На вопрос "А зачем?" был ответ "Ну это сейчас так модно!" Когда она уже была в родильной палате в схватках, рядом уборщица пол мыла. Жена ротного никак разродиться не могла. Тогда акушерка попросила уборщицу помочь. Уборщица кинула тряпку в ведро, встряхнула руки и пошла к столу. Роженица как увидела это, так сразу и родила!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29