Знайсці
16.01.2020 / 11:56РусŁacБел

Краўдфандынгам збіраюць грошы на пастаноўку інклюзіўнага спектакля на сцэне Купалаўскага. Сярод лотаў — чаяванне са Святланай Алексіевіч

15 студзеня на краўдфандынгавай платформе Ulej.by быў апублікаваны незвычайны праект. У ім сышліся нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў, рок-гурт NIZKIZ, а таксама два тэатры: сямейны інклюзіў-тэатр «і» ды Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

Мэта нечаканай калабарацыі — прадставіць першы ў гісторыі інклюзіўны спектакль на галоўнай сцэне Купалаўскага і падарыць юным акцёрам, у тым ліку дзецям з аўтызмам, адну з найважнейшых тэатральных сцэн Беларусі.

— Для любога дзіцяці выступаць на сцэне — вялікая падзея і нагода для гонару, — кажа мастацкі кіраўнік сямейнага інклюзіў-тэатра «і» Ірына Пушкарова. — Выступ жа на такой значнай у маштабах краіны пляцоўцы, як галоўная сцэна Тэатра імя Янкі Купалы, пакуль успрымаецца нашымі выхаванцамі як смелая мара ці амаль недасяжная казка. Вельмі хочацца, каб гэтая казка стала для іх рэальнасцю.

 

«Аднойчы ў вялізным горадзе» — беларускамоўная пастаноўка, заснаваная на сюжэце апавядання Ф.М. Дастаеўскага. Адмысловыя 3D-дэкарацыі дапамагаюць эмацыйна адчуць гісторыю хлопчыка, які страціў сваю сям'ю і застаўся зусім адзін на халодных вуліцах вялікага горада без шансаў на выратаванне…

 

Удзельнікі краўдфандынгу могуць абраць лот на свой густ: проста падрымаць ініцыятыву, набыць квіток на спектакль або абраць больш эксклюзіўную опцыю. Сярод апошніх — адмысловая трэніроўка па муай-тай ад Віталя Гуркова, запрашэнне на прэзентацыю новага альбома гурта NIZKIZ, магчымасць наведваць усе прэм’еры Купалаўскага цягам 2020-га года, а таксама запрашальнік у VIP-ложу са Святланай Алексіевіч і чаяванне з пісьменніцай у тэатральным буфеце.

— Любыя інклюзіўныя ініцыятывы неверагодна важныя для сучаснага грамадства, — каментуе лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч. — У прыватнасці, удзел у тэатральных пастаноўках разнявольвае і вучыць камунікаваць любых дзяцей, у тым ліку дзяцей з аўтызмам. Я з задавальненнем паўдзельнічаю у гэтым добрым праекце, і як краўдфандар, і як запрошаная госця. З не меншай радасцю сустрэнуся з неабыякавымі аматарамі мастацтва, пагутару з імі за кубкам гарбаты.

Гэта не ўсе лоты ад беларускіх зорак, але астатнія арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце — яны будуць з’яўляцца на працягу ўсёй краўдфандынгавай кампаніі.

 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера