Знайсці
15.01.2020 / 15:225РусŁacБел

У Белаазерску ляжыць у коме музыка Генік Лоска, які калісьці перамог на польскім «X-фактары»

У чэрвені 2011 года 36-гадовы беларус Генік (Генадзь) Лоска стаў пераможцам музычнага тэлевізійнага конкурсу X-factоr у Польшчы. Лоску абралі гледачы праграмы шляхам sms-галасавання. На ТБ ён пераспяваў Чэслава Немэна — яшчэ аднаго ўраджэнца Беларусі, які праславіўся ў Польшчы.

У выніку Лоска атрымаў права на запіс альбома, а таксама 100 тысяч польскіх злотых (больш за 30 тысяч даляраў).

Сам Генік паходзіць з Белаазерска Брэсцкай вобласці, але яшчэ ў пачатку 1990-х з’ехаў у Польшчу, зарабляў (і някепска) як вулічны музыка, нават пабудаваў сабе трохпакаёўку ва Уроцлаве.

Здавалася, вось яна — ідэальная гісторыя поспеху. Але ў маі 2018 года Геніка разбіў інсульт, ужо больш за паўтара года ён прыкаваны да ложка, а даглядае яго мама. З Людмілай Паўлаўнай Лоска «Наша Ніва» і пагаварыла пра сына.

«Ён у 1993 годзе паехаў на «Басовішча» тое. Потым праз год зноў, так і не вярнуўся, застаўся там жыць. На жыццё ён зарабляў тым, што спяваў на вуліцах ва Уроцлаве. Мне неяк не па сабе было: як так, спяваць на вуліцы? У нас у Беларусі гэта і не прынята. Неяк у 2008 годзе Гена зладзіў тут, у Белаазерску, канцэрт на вуліцы, столькі людзей сабралася, моладзі. Запалілі свечкі, слухалі. Але нехта з суседніх дамоў выклікаў міліцыю, што шумяць. Моладзь так абурылася, што тую міліцэйскую машыну разгайдала, ледзь адгаварылі іх.

Калі прыязджалі з мужам да Геніка ва Уроцлаў, то ён нам паказаў, што і тут іграюць, і тут спяваюць. Там гэта нармальна. Мы ўжо тады супакоіліся. Ён жа і трохпакаёвую кватэру пабудаваў ва Уроцлаве, добра зарабляў на гэтым», — расказвае Людміла Паўлаўна.

Ва Уроцлаве Генік ажаніўся. Цяпер у яго там жыве 13-гадовая дачка Алеся. Людміла Паўлаўна ўнучку не бачыла з 2-гадовага ўзросту. Зрэшты, шлюб доўгім не быў.

«Першая жонка дужа раўнівая была, усё шкамутала яго, то ён тут з кімсьці сфатаграфаваўся, то там. Так і развяліся», — кажа мама музыкі.

Пасля перамогі на «X-factоr»-ы Генік пераехаў жыць у Варшаву. Жыў разам з Агнешкай Ставіцкай, афіцыйны шлюб не заключалі. «Яна па чатыры разы на год прыязджае сюды, дапамагае і грошы там збірае», — расказвае жанчына.

У 2016 годзе з Генікам Лоскам здарыўся мікраінсульт, паралізавала частку сківіцы і язык. Вядома, што ў такіх умовах ні пра якія спевы гаворкі весціся ўжо не магло. У Польшчы ён атрымаў групу інваліднасці.

У Беларусь Генік вярнуўся ў снежні 2017 года. «Хацеў аформіць від на жыхарства. У яго ж толькі польскае грамадзянства, а хацеў сюды прыязджаць часцей. Так і пражыў у мяне пяць месяцаў.

6 мая збіраўся ўжо ехаць назад у Польшчу, мы і білеты купілі на аўтобус Брэст — Варшава, а 5 мая адбыўся яшчэ адзін удар. Ён тады па вуліцы ішоў, моцна галавой стукнуўся, цяпер у яго яшчэ і мазжачок пашкоджаны», — гаворыць маці музыкі.

На аперацыю мужчыну завезлі ў Баранавічы. «Мне ўжо там сказалі дактары, што шанцаў на тое, што ён узновіцца, няма. Прапаноўвалі адтуль у хоспіс яго ўжо накіраваць. Я сказала, што не. Пакуль я жывая, то буду Генку глядзець».

Людміла Паўлаўна вельмі зычліва адгукаецца пра дактароў, якія дапамагаюць ёй і Геніку.

«Неўролаг Галіна Леанідаўна Грыцук, калі яго прывезлі ў Белаазерск, то не адыходзіла ад койкі. Дапамагала, чым магла. І рэаніматолаг Мікалай Свірыд шмат дапамог. У Генкі было дзве пнеўманіі, але неяк далі рады з яго дапамогай. Усім дактарам хачу дзякуй сказаць. І цяпер, калі трэба ці хірурга выклікаць, ці аналізы здаць, то няма праблем».

Не забываюць Геніка і прадстаўнікі Польшчы. Да маці мужчыны прыязджаў консул гэтай краіны ў Брэсце Кшыштаф Расінскі. «Дапамог, каб Геніка агледзелі ў Брэсце. Мы ўжо нават дакументы збіралі, каб павезці яго ў Польшчу, але аказалася, што завезці мы яго можам, а ўжо назад вярнуць не атрымаецца. У яго ж няма беларускага грамадзянства, а, каб уехаць сюды, ён павінен размаўляць. Я сказала, што не пушчу, хай ён лепш са мной будзе. Спадар Расінскі запрашаў мяне да сябе, казаў, каб звярталіся па любую дапамогу, але якая дапамога, калі ўсё пакуль ёсць».

У Польшчы праходзіў збор сродкаў на дапамогу ў лячэнні Лоску. Кожны месяц сям’я музыкі атрымлівае 400 даляраў, але хутка гэтыя грошы могуць скончыцца.

Стан Геніка — цяжкі. Ён прыкаваны да ложка. Ён не тое, што не можа хадзіць, але нават і размаўляць. Ён не можа сам есці. У Брэсце яму зрабілі аперацыю, уставілі ў страўнік гастрастому (спецыяльную трубку для харчавання). Купляю яму галандскую ежу «Нутрыцыю», яна багатая на бялок, але ўсё адно Генка ўсё худне і худне».

Але ён у прытомнасці.

«Мы з ім размаўляем па вачах. Я бачу, што вочы затуманеныя, то пытаюся: «Генка, у цябе галава баліць?» Калі так, то ён міргане, а калі не баліць, то не будзе.

А бывае такое, што ўпадае ў поўную кому, і тады ніяк не рэагуе. Па паўгадзіне такое бывае, па гадзіне. Ён, што добра, не блытае ў мяне дзень і ноч. Спіць толькі ноччу».

Людміле Паўлаўне Лоска ў красавіку споўніцца 69 гадоў. «Не тое, каб я такая ўжо старая, але цяжкавата. Я і сардэчніца, і цукровы дыябет у мяне». Муж у жанчыны памёр у 2015 годзе, а ў 2012 — другі сын. Яму быў усяго 41 год — сэрца.

«Дапамагаюць Генку глядзець ягоныя пляменнікі, сын і дачка іншага сына. Унук пасля працы прыйдзе, пераверне яго на іншы бок, а ўнучка і раней можа», — расказвае мама Геніка.

«Пакуль, дзякуй Богу, у нас усяго хапае. Няма на што скардзіцца. Здаецца, шмат усяго добрага было, ёсць што ўспомніць, а цяжка на гэта ўсё глядзець. Слёзы самі наварочваюцца».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930