Даслаць навіну
Знайсці
24.01.2020 / 11:32 4

Сям’я з Вілейшчыны захоўвае вясельныя сукенкі трох пакаленняў жанчын сваёй сям’і ФОТЫ

У першай сукенцы ў 1932 годзе выходзіла замуж бабуля нашай гераіні, у другой — мама. Пра сваё вяселле Ірына Белановіч сказала толькі: «Было і было», — але сукенку тым не менш захоўвае.

Так хацела замуж, што выламала дзвярны вушак

Лідзія Міхайлаўна Кур’яновіч нарадзілася ў вёсцы Мільча, што на Вілейшчыне, у 1916 годзе.

Павялічыць выяву

Бацькі Лідзіі Кур'яновіч Міхаіл і Юлія Цагалкі. 

Ліда была дзяўчынкай прыгожай і адной з нямногіх у вёсцы, хто быў пісьменны. Дзяўчынка скончыла чатыры класы польскай школы.

На вясковых танцах — першая танцорка. Лідзія Міхайлаўна неяк успамінала, што, калі ўпершыню збіралася на вясковыя танцы, недзе дастала памаду. Паняцця тады не мела, як ёй карыстацца, і пафарбавала сабе… нос. 

Але праводзіць дзяўчынку да дому ніхто з кавалераў не наважваўся. Калі які залётны кавалер з’яўляўся на парозе, бацька і двое старэйшых братоў Ліды хутка паказвалі кавалеру зваротную дарогу.

Але калі Лідзе споўнілася 16 гадоў, на танцах яна пазнаёмілася з 22-гадовым Алёшам, мясцовым хлопцам. Хоць Аляксей і быў з заможнай сям’і, дзе на сям’ю яго бацькі і яго пяцёх братоў прыходзілася 190 гектараў зямлі, але быў слабы здароўем, хварэў на сухоты. Але штосьці ў ім было такое, што зачапіла дзяўчынку. Ён папрасіў яе руку і сэрца. І дзяўчына пачала рыхтавацца да вяселля. Употайкі ад бацькоў з’ездзіла ў Даўгінава, дзе купіла адрэз белай тканіны для вясельнай сукенкі.

Павялічыць выяву

Ірына Белановіч у вясельнай сукенцы сваёй бабулі.

Днём сама ткала сабе пасаг, 11 тых посцілак Ірына Белановіч захоўвае і сёння. А ноччу, употайкі, шыла сабе вясельную сукенку.

Калі прыйшлі сваты, бацькі Ліды адмовілі ім у вяселлі, але дзяўчына так была закаханая, так бегла за жаніхом, што, каб дагнаць яго, аж выламала ў дзвярах хаты вушак. Бацькі толькі развялі рукамі — пусцілі замуж.

Павялічыць выяву

Лідзія і Аляксей Кур'яновічы.

Жыла маладая сям’я тут жа, у Мільчы. Перад вайной нарадзілася мама нашай гераіні, Таццяна Аляксандраўна.

Ірына Белановіч расказвае, што яе дзеда праз слабое здароўе ў армію не ўзялі.

Павялічыць выяву

Ірына Белановіч і сёння захоўвае посцілкі, якія сабе ткала і вышывала ў пасаг яе бабуля. А таксама іконы, з якімі ішлі замуж яе і бабуля, і прабабуля Юлія. 

Павялічыць выяву

«Вайну тут і перажылі. Прадзед, бацька дзеда, расказваў, што да немцаў ставіліся нармальна, бо яны «табакай частавалі». Калі ў Мільчу прыйшло нямецкае войска, сям’я перасялілася на хутар у лесе непадалёку: так было бяспечна. Але дзед хадзіў па вёсцы, не баяўся. І нехта з немцаў палічыў, што прадзед мае дачыненне да партызан і стрэліў у яго. Ад таго ранення прадзед памёр. Немцы тады не дазволілі пахаваць прадзеда ў Мільчы, так і ляжаць прадзядуля і прабабуля на розных могілках».

Дзед жа Ірыны, Аляксей, сябраваў з паліцаям.

«Да вайны ж разам на танцы бегалі, з адной вёскі былі. Падчас вайны мама захварэла на трахому. І той паліцай, па просьбе дзеда, вазіў маму нямецкім дактарам, якія лячылі яе», — расказвае Ірына.

Замуж выйшла на трэці дзень пасля знаёмства

Таццяне Аляксандраўне, маці Ірыны, зараз 83 гады. Але і сёння жанчына памятае сваё першае каханне, якое, на вялікі жаль, скончылася трагічна. Яе першага кавалера павесілі бандыты.

Павялічыць выяву

Таццяна Мацкевіч (Кур'яновіч) сёння.

Таццяна Аляксандраўна ўспамінае, што яе першага хлопца звалі Віктар Кароль, ён быў святаром, адвучыўся ў духоўнай семінарыі. Бацькі Таццяны не пусцілі дачку за яго замуж. Ён з’ехаў служыць ва Узду. Там ажаніўся. Каб пабудаваць сабе дом, зняў вялікую суму грошай. Пра гэта даведаліся бандыты. Грошай пры ім не знайшлі, бо Віктар перадаў іх жонцы. Бандыты пра гэта, канечне ж, не ведалі. За адмову аддаць ім грошы яны Віктара павесілі», — прыгадвае Таццяна Аляксандраўна.

Павялічыць выяву

Таццяна з братам у дзяцінстве.

Таццяна Аляксандраўна скончыла філалагічны факультэт БДУ. Па размеркаванні трапіла ў Будслаў.

«У Будславе я яшчэ заспела Паўліну Мядзёлку. Мой аднакурснік, Слава Рагойша, часта прыязджаў да яе. І прыязджаў як правіла не адзін. Як сёння памятаю, што сядзелі ў Паўлінкі і пілі гарэлку разам з Караткевічам. Ён сядзеў справа ад мяне. Напіліся хлопцы так, што засталіся ночыць у школьнага завуча», — смяецца Таццяна Аляксандраўна.

У Таццяны ў Будславе быў каханы. Маладыя рыхтаваліся да вяселля, калі раптам Таццяна захварэла на менінгіт.

«Хвароба цяжкая, ды для вёскі яшчэ і ганебная. Запаленне мозгу. Бацькі майго каханага тады адразу сказалі, што ніякага вяселля не будзе», — успамінае Таццяна Аляксандраўна.

Але лёс склаўся так, што аднойчы ў Будслаў да сваякоў прыехаў хлопец з Віцебшчыны, Уладзіслаў Мацкевіч. Адна з яго цётак тады жыла ў Калмыкіі, увесь час клікала Славу да сябе. У сям’і Мацкевічаў не хацелі, каб сын застаўся працаваць у вёсцы, каб быў калгаснікам. Хлопец вырашыў ехаць у далёкую Калмыкію, але з умовай, што адзін не паедзе, яму патрэбная жонка.

Так яму на вочы трапілася Таццяна. Ён сказаў тады, што хоча з ёй ажаніцца, бо ў яе ногі прыгожыя. На трэці дзень пасля знаёмства Таццяна і Уладзіслаў распісаліся. Вяселля не было, на роспіс у сельсавеце Таццяна апранула сукенку, якую шыла сабе на выпускны.

Павялічыць выяву

Вясельная сукенка Таццяны Мацкевіч.

У 1967 годзе пара з’ехала у далёкую Калмыкію. І, відаць, засталіся б там жыць назаўсёды, але трагічны выпадак змяніў планы настаўніцы рускай мовы і літаратуры і яе мужа.

Жылося ўдалечыні ад дому няблага, успамінае Таццяна Аляксандраўна. Яны з мужам атрымалі там двухпакаёвую кватэру. Таццяна зацяжарыла першынцам.

«Адначасова са мной нараджалі яшчэ дзевяць жанчын, уявіце сабе. І майму дзіцяці пры родах занеслі інфекцыю. Хлопчык, якога мы назвалі Віцем, пражыў усяго дзевяць месяцаў. Я вырашыла пахаваць яго на сваёй радзіме, у Мільчы. Памятаю, як селі ў самалёт, самалёт падняўся ў паветра, пасля, гляджу, садзіцца. А на каламажцы да самалёта вязуць маленькую труну. Яны забыліся пагрузіць майго сына», — кажа Таццяна Аляксандраўна.

Пасля таго, як Таццяна прыехала на радзіму, яна сказала свайму мужу, што ў Калмыкію больш не вернецца.

Павялічыць выяву

Уладзіслаў яшчэ раз злётаў туды, сабраў усе рэчы. І вярнуўся да жонкі. Спачатку ў Мільчу, затым пара купіла дом у Крывічах.

Пасля ў Таццяны нарадзіўся сын Юрка, а калі Таццяне Аляксандраўне споўніўся 41 год, у яе нарадзілася дачка Ірына.

«Так і пражылі разам душа ў душу 46 гадоў, пакуль муж не памёр у 2013 годзе», — уздыхае Таццяна Аляксандраўна.

Павялічыць выяву

Ірына пра сваё вяселле гутарыць не захацела. Але сукенку ўсё адно захоўвае.

Павялічыць выяву

«Сукенка — гэта памяць. І, магчыма, калісьці і мая ўнучка дастане яе з шафы, каб уявіць сябе нявестай», — адказала Ірына Белановіч. 

Наталля Тур, фота Яўгена Сухаверха і з архіва гераінь

4
Прохожий / адказаць
24.01.2020 / 17:49
Цудоўная матэрыяльная памяць!!!!!
3
Чытачка / адказаць
25.01.2020 / 20:35
Мне таксама спадабалася, дзякуй!
1
хамса / адказаць
26.01.2020 / 16:26
кранальна.. а сукенкі такія міла простыя)
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29