Знайсці
13.01.2020 / 16:063РусŁacБел

Беларуса падазраюць у гучных заказных забойствах ва Украіне

Следчыя Нацыянальнай паліцыі Украіны падазраюць грамадзяніна Беларусі Антона А. у датычнасці да ўдзелу ў злачыннай групоўцы, якая выконвала заказныя забойствы, паведамляе Радыё Свабода.

Мяркуючы зь некалькіх судовых рашэньняў, беларус Антон А. падазраецца ў датычнасьці да забойства дырэктара ўкраінскай кампаніі нямецкага канцэрну Сaparol Паўла Зможнага, якога расстралялі ў 2016 годзе пад Кіевам у час ранішняй прабежкі, і начальніка аддзелу рэклямы Кіеўскага мэтрапалітэну Паўла Міленькага. У 2019 годзе яму нанесьлі тры нажавыя раненьні ў сьпіну, ад якіх ён памёр на месцы нападу.

У нядзелю, 12 студзеня, Міністэрства ўнутраных справаў Украіны заявіла, што гэтая ж групоўка датычная да арганізацыі і забойства ў 2017 годзе Аміны Акуевай, якая ваявала на ўсходзе Ўкраіны ў складзе чачэнскага добраахвотніцкага батальёну імя Джахара Дудаева.

Як паведаміла Свабодзе адвакатка беларуса Вольга Міралюбава, пакуль што яе падабароннаму інкрымінуюць два эпізоды — забойствы Паўла Зможнага і Паўла Міленькага: «Учора я зь ім размаўляла, яго не затрымлівалі ў справе Акуевай».

«Антон быў затрыманы ў верасьні мінулага году — спачатку яго трымалі пад хатнім арыштам, потым пэўны час — у сьледчым ізалятары, але зноў вызвалілі, цяпер ужо пад так званы «начны арышт». Ён у шоку ад гэтай сытуацыі і не прызнае сваёй віны. Я таксама ня бачу пакуль цьвёрдых доказаў з тых матэрыялаў, якія нам далі на азнаямленьне. Але пакуль адбываецца дасудовае расьсьледаваньне мы ня маем доступу да ўсіх матэрыялаў справы», — паведаміла Вольга Міралюбава.

Паводле адвакаткі, прынамсі ў адным эпізодзе яе падабаронны мае алібі, і праваахоўныя органы павінны яго праверыць.

«Сьледзтва не дае дакладнага азначэньня ролі Антона ў інкрымінаваных эпізодах. Апроч таго, у адной справе (пра забойства дырэктара ўкраінскай кампаніі нямецкага канцэрну Сaparol. — РС) адзначаецца, што ён разам зь іншаю асобаю страляў у ахвяру. На курок націскалі адразу два чалавекі? Гэта магчыма?», — дадала юрыст.

Вольга Міралюбава таксама паведаміла, што грамадзянін Беларусі знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны легальна — ён мае від на часовае жыхарства, жонку і дачку. Адвакатка дадала, што пакуль што Антон А. не зьвяртаўся ў амбасаду Беларусі ва Ўкраіне па консульскую дапамогу.

Паводле паліцыі, у злачынную групоўку ўваходзіла сем асобаў. Яна была створаная ў жніўні 2016 году і праіснавала да верасьня 2019-га, калі большасьць яе ўдзельнікаў былі затрыманыя. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што асаблівасьцю арганізацыі была «спэцыялізацыя» на выкананьні наўмысных забойстваў на заказ, якія яны грунтоўна рыхтавалі. Паводле сьледзтва, Антон А. быў нібыта выканаўцам забойстваў.

У выпадку, калі сьледчыя давядуць у судзе датычнасьць беларуса да гэтай групоўкі і забойстваў, яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў альбо пажыцьцёвае зьняволеньне.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера