Знайсці
09.01.2020 / 22:031РусŁacБел

Скульптар расказаў, як будзе выглядаць мемарыяльная дошка Васілю Быкаву

Наступная мастацкая рада па пытанні мемарыяльнай дошкі пісьменніку Васілю Быкаву, верагодна, адбудзецца ўжо на наступным тыдні, расказаў «Нашай Ніве» аўтар дошкі, скульптар Ігар Засімовіч.

«Дзякуючы таму, што цяпер актыўна абмяркоўваецца аздабленне новых станцый метро, мастацкая рада збіраецца часта. Так што, мяркую, на наступным тыдні пытанне і з усталяваннем шыльды Быкава будзе разгледжанае», — расказвае Ігар Засімовіч.

Да прагнозаў, што дошку паспеюць усталяваць да Дня Роднай Мовы, які адзначаецца 21 лютага, скульптар ставіцца скептычна.

«Хутчэй за ўсё, не. У лютым дошку ніяк не ўсталююць. Таму што нават з яе месцам узнікаюць спрэчкі і пытанні. Тое, што яна з’явіцца на доме № 10 па вуліцы Танка, дзе жыў і працаваў Васіль Быкаў, гэта бясспрэчна. Іншых варыянтаў проста быць не можа. Калі б была вуліца Быкава, тады б варыянтаў было болей. Месца ў двары, якое я прапанаваў, рада не ўзгадніла. А на фасадзе дома паўсюль прыбудаваныя шкляныя кавярні, месца размясціць шыльду амаль няма. Але, здаецца, пасярод дома, мы падабралі больш-менш прыдатнае месца. Калі яго ўзгодняць, неабходна будзе мяняць эскіз дошкі: рабіць партрэт пісьменніка больш буйным, сама дошка таксама стане больш доўгай», — кажа скульптар.

Як будзе выглядаць дошка Ігар Засімовіч паказваць адмовіўся.

«На словах раскажу, а паказаць выяву пакуль будзе памылкай. Таму што канчатковы выгляд праца атрымае толькі тады, калі я буду ведаць, дзе яна канкрэтна будзе ўсталяваная. Магу сказаць, што па задумцы мемарыяльная дошка Быкаву будзе падобная на дошку Рыгора Барадуліна»,— тлумачыць аўтар.

Фота Глеба Лабадзенкі.

«Будзе вялікі партрэт, надпіс, што гэта народны пісьменнік Беларусі. Указаная інфармацыя, што ў гэтым доме жыў і ствараў з 1978 па 2003 Васіль Быкаў. А сама шыльда будзе нестандартнай формы», — падзяліўся Ігар Засімовіч.

НТ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930