Знайсці
10.03.2009 / 11:051РусŁacБел

Франц Сіўко. З Індыі з любоўю

Апавяданне.

Апавяданне.

— Вось смаката, цэлы дзень, здаецца, ела б гэтую страву, — кажа Альдзя i раптам робiць кiслую, быццам праглынула неўпрыцям штосьцi надзвычай брыдкае, мiну. — А гэта праўда, што iндусы не хаваюць сваiх нябожчыкаў у зямлю, а спальваюць iх на вогнiшчы? Раскладаюць вогнiшча на плыце i пускаюць той плыт па цячэннi. I што з парэшткаў не згарыць на агнi, тое трапляе ў ваду... Уяўляеш? Жах!

Прамаўляецца ўсё напаўголаса, бо ў суседнiм пакоi знаходзяцца Надзя з Ашрытаю, а дзверы ў пакой ледзь прычыненыя, то крый Бог iндуска пачуе... Але i гэткае перасцярогi здаецца Альдзi недастаткова, i яна зусiм пераходзiць на шэпт:

— А то во яшчэ, кажуць, нясуць памерлага на гару, каб там птушкi яго расклявалi. Здараецца, каторая не дасць рады ўтрымаць кавалак у дзюбе, паляцеўшы, дык то скуры шматок, то яшчэ што на дол, на галовы людзям скiне. Во якая ў iх там дзiкая завядзёнка.

Альдзя адстаўляе ўбок пiялу з недаедзеным галiбджамам, тупа глядзiць праз вакно на абсаджаны дубцамi маладзенькiх каштанаў голы — канец лiстапада — двор, у дальнiм куце якога шпацыруе з сабакам мой сусед па пляцоўцы Мартын Савельевiч. Суседу за восемдзесят, ён удзельнiк Вялiкай Айчыннай, да выхаду на адпачынак шмат гадоў выкладаў у iнстытуце замежную лiтаратуру. Пасля смерцi жонкi жыве бабылём, а да Ашрыты ўбiўся ў ласку пасля таго, як неяк у размове працытаваў ёй штосьцi з Рабiндраната Тагора.

— Дарэмна ты не згадзiўся на абмен. Жыў бы цяпер у новым доме, а то во бруд усюды ў гэтым прычыгуначным мiкрараёне, як у занядбанай вёсцы, — кажа Альдзя i дадае праз хвiлiну: — Суседка кватэру на пляменнiцу днямi перапiсвала, дык зусiм нядорага, кажа, абышлося ўсё тое перапiсванне.

Яна выслiзгвае ў калiдор, i тае ж хвiлiны туды выскокваюць, чуючы, што яна збiраецца адыходзiць, Надзя i Ашрыта. Надзя цалуе матку ў шчаку, Ашрыта схiляе голаў у ветлiвым паўпаклоне. Затым абедзве зноў знiкаюць у пакоi.

Альдзя вяртаецца да мяне i, перш чым я паспяваю адарвацца ад газеты, прамаўляе:

— А што нi кажы — дзiўныя яны, гэтыя iндусы. Баба ў дзеўкi канае, а ёй хоць бы што... Наадварот, яшчэ, здаецца, цi не павесялела.

Альдзя — мая былая, першая i пакуль што адзiная жонка. Мы разышлiся з ёю даўно, неўзабаве па маiм вяртаннi з Афгана. З маёй iнiцыятывы, дарэчы. Бачыць штодня, як жанчына ўпотай пераадольвае гiдлiвасць да цябе, хай сабе i ВI, ды ўсё ж аднаногага калекi, было невыносна, i я вырашыў скончыць усё аднойчы i назаўсёды. Што маральна не так i проста аказалася пасля шасцi гадоў сумеснага жыцця, якое колiсь гэтак рамантычна пачыналася пасля паспяховага пераадолення супрацiву Альдзiных бацькоў, звязанага з рознасцю (у яе — тэхнiкум за плячыма, у мяне — ПТВ) нашага адукацыйнага ўзроўню. З таго часу я жыву адзiн. Праўда, два гады таму да мяне перайшла жыць Надзя, дачка. I хоць арганiзавалi яны, матка з дачкой, той пераход неяк падазрона паспешлiва, пасля таго, як я жартам сказаў, што маю намер ажанiцца, Надзiн прыход для мяне, iнвалiда, — найлепшае выйсце. Тым больш што яна доктар i калi што якое — без дапамогi не застанешся. А цяпер у доме аб’явiлася i другая доктарка, iндуска Ашрыта. Яна вучылася разам з Надзяй ва ўнiверсiтэце i месяц таму вярнулася ў горад дзеля працягу вучобы ў ардынатуры. Iсцi жыць у iнтэрнат не захацела i вось да часу кантуецца з Надзяй у яе пакойчыку. Ураннi, акурат у той момант, калi прыйшла Альдзя, Ашрыце патэлефанаваў з Iндыi брат, сказаў, што памiрае iх васьмiдзесяцiгадовая бабуля. Маўляў, ужо зусiм слабая i з хвiлiны на хвiлiну сканае.

Ашрыта раз‑пораз выходзiць у калiдор, то нервова сунецца з мабiльнiкам у далонi з аднаго кута ў другi, то прыхiнецца плячыма да сцяны, то застыне слупам ля шафы з вопраткай. А то возьмецца набiраць па мабiльнiку нумар, i тады бачна, як дрыжаць яе знябожаныя чаканнем рукi. Званкi, аднак, не дасягаюць мэты, i на цёмным, з колцамi густой чарнявiнкi абапал вачэй i рота твары дзяўчыны — спрэс расчараванне. Расчараванне, але — не адчай, хутчэй насамрэч, як сказала Альдзя, — радасць. Радасць уперамешку са смуткам, — тандэм пачуццяў, нiводнаму з якiх, як пiльна нi ўзiрайся, не дасi рады нi аддаць першынства, нi знайсцi больш‑менш прыстойнага тлумачэння.

— А маму мы галiбджамам на адыход i не адарылi, забылiся,— кажа, выходзячы з пакоя, Надзя i цягне сяброўку ў кухню. — То мусiм цяпер самi даядаць. Тата, ты будзеш?

Альдзiн расповед пра абкладзеных дровамi нябожчыкаў на плытах прыходзiць мне ў голаў, i я, хоць нiшто пра iх у той апетытнай, залiтай нектарападобнаю слодыччу iндыйскай страве i блiзка не нагадвае, адмаўляюся ад пачастунку.

— Ну, як сабе хочаш, — кажа Надзя.

— Як сабе хочаце, — падтаквае дачцэ Ашрыта i шырока, ажно агаляецца добрая палова яе прадаўгаватых цукрова‑белых зубоў, усмiхаецца, адстаўляе на край стала адну з пiял. — Хай будзе для Мартына Савельевiча.

— Дарэмна ты адмовiўся есцi. — Надзя выцягвае лыжкаю са слодычы круглую, велiчынёй з грэцкi арэх, клёцку, са смакам глытае. — Ты не будзеш супраць, калi мы з нашага хатняга патэлефануем у Маскву ў аэрапорт, замовiм Ашрыце на заўтра квiток?

— Я аддам грошы, не хвалюйцеся, — кажа Ашрыта i слiзгае паглядам па сцяне, на якой вiсiць рэпрадукцыя з выяваю каровы — яе ж падарунак Надзi з нагоды нейкага свята.

Бацька Ашрыты — бiзнэсовец, штосьцi там мудруе ў сябе на радзiме з валютай, i, падобна, фiнансавых цяжкасцяў для дзяўчыны не iснуе.

— Перастань, Ашрытка, — адмахваецца Надзя i набiрае нумар. — Так, квiток да Дэлi, на дваццаць пятае, — кажа ў слухаўку i яшчэ раз спраўджвае на ўсялякi выпадак пашпартныя звесткi сяброўкi: — Ашрыта Сусай Вiкторыя. Су‑сай... Аш‑ры‑та...

У дзеўкi напалову хрысцiянскае iмя, яна паходзiць з ваколiцаў Веланканi, вядомага на ўвесь Iндастан цэнтра хрысцiянскага жыцця дзесьцi паблiзу Бенгальскае затокi. Мне карцiць спытаць, цi датычыць тамтэйшых хрысцiян тое, што распавяла пра iндускi пахавальны абрад Альдзя, але я не паспяваю. Ашрыцiн мабiльнiк дробна трэнькае, i яна знiкае ў пакоi.

Яна вяртаецца ў калiдор праз колькi хвiлiн, i ўсхваляванасць на яе твары ды валiза ў руках (i калi паспела спакаваць?) сумненняў не пакiдае: бабулi горш.

— Выклiчам таксi? — пытаецца Надзя i зноў садзiцца на тэлефон.

Ашрыта дастае з кiшэньчыка кофты фотку, падае мне.

— Бабуля, — кажа i торкае пальцам у паставу жанчыны ў сары, што стаiць у абдымку з нейкiм маладзёнам на фоне кустоўя.

— А побач хто? — больш з жадання падтрымаць размову, чым з цiкаўнасцi, пытаюся я.

— Так, адзiн чалавек, — адказвае яна i апускае вочы долу. Яна робiць гэта з такiм вясёлым бляскам у паглядзе, што мне робiцца не па сабе.

— Таксi? Так хутка? — Надзя зiркае праз акно ў двор, iмклiва падхоплiваецца з месца.

Ашрыта кажа «да пабачэння», дзеўкi выходзяць на пляцоўку, i вось ужо абедзве ў двары, ля таксi.

Iх развiтанне такое доўгае, быццам яны развiтваюцца сама меней на дзесяць гадоў.

Мартын Савельевiч падыходзiць да аўто, загаворвае з Ашрытай. Яна штосьцi прамаўляе старому ў адказ, затым цалуе Надзю ў шчаку, нырае ў чэрава аўто. Машына вырульвае з двара, знiкае за рогам дома.

Сусед тузае сабаку за ашыйнiк, паказвае мне на мiгi, што пара выходзiць. Шэсць гадзiн, звыклы час нашых штодзённых абавязковых прагулянак, i я цягнуся ў двор.

— Што нi край, то завядзёнка, — кажа Мартын Савельевiч i засяроджана глядзiць у кiрунку знiклага з поля зроку аўто.

— У смерцi адна завядзёнка: сканаў — i бывайце, — кажу я не без разлiку выклiкаць старога — зазвычай ён занадта маўклiвы — на больш працяглую размову.

Бровы суседа iмклiва паўзуць угору, агаляюць неўразуменне ў бляклых, запарушаных друзам ад застарэлага кан’юнктывiту вачах.

— Пры чым тут смерць? Вяселле хоць дзе вяселле. Хоць у нас, хоць у Iндыi, хоць яшчэ дзе...

— Якое вяселле? У дзяўчыны бабуля канае... Вы штосьцi блытаеце, Савельевiч.

— Нiчога не блытаю, — кажа ён i шматзначна хмыкае. — У маiм узросце блытаць — занадта, ведаеце...

— То пра якое вяселле вы кажаце?

— Пра якое... Хлопец у яе там, у Iндыi. Але не хрысцiянiн. Вось яе бацька i ўпёрся: маўляў, няма чаго з не адзiнаверцам брацца... I выправiў дзеўку ў замежжа вучыцца, далей ад граху. Дык вось цяпер, можа, як прыедзе, знойдуць там якое паразуменне. А не знойдуць — без бацькавага блаславення ажэняцца. Так яна мне сказала.

— То, значыць, бабулiна хвароба для яе — толькi нагода, каб пабачыцца з каханкам?

— Ну дык што, калi нагода? Што тут кепскага? — кажа Мартын Савельевiч, i дакор у ягоным голасе на хвiлiну збiвае мяне з тропу. — Каб толькi такiя злачынствы i былi на свеце, як гэтае! Ну, ведаеце...

Ён яшчэ штосьцi хоча дадаць да сказанага, але не паспявае. Надзя высоўвае голаў у акно, клiча суседа на пачастунак.

— Смачна то смачна, але на гэткiм харчы, на пожнi, цi ля статку, цi на тым жа заводзе пазавiхаўшыся, доўга не працягнеш, — Мартын Савельевiч дапiвае юшку, адстаўляе пiялу ўбок. — Вось людзi гэтыя iндусы: на вулiцах спрэс ялавiчына ў iх, а яны не каб наесцiся ад пуза дармовага — салодкiм перабiваюцца.

Стары падымаецца з‑за стала, iдзе да дзвярэй. Iдзе не сказаць каб ахвотна, але трэба: пакiнуў сабаку ў двары, i той цяпер раз‑пораз агалошвае наваколле роспачным енкам, клiча гаспадара.

Надзя праводзiць госця да дзвярэй, здымае слухаўку тэлефона, што акурат у гэтую хвiлiну адзываецца з калiдора.

— Тата, цябе...

— Гэта я зноў, — Альдзiн голас гучыць засяроджана, нават сурова. — Я ўсё пра тое ж... Тут вось распытала ў суседкi наконт кватэры... Дык, аказваецца, i паперак не так шмат збiраць на афармленне. За тыдзень можна ўсё ўправiцца зрабiць... Як ты, надумаўся што‑небудзь? Надумаешся — адразу скажы, чуеш? Чуеш ты мяне? Што маўчыш?

Мне хочацца паслаць яе куды падалей, i я ўжо ледзьве тое не раблю, як на вочы мне трапляе пакiнутая дачкою побач з апаратам пiяла з недаедзеным галiбджамам.

Я вывуджваю са слодычы клёцку, не зважаючы на нектар, што плыве па пальцах ды з пальцаў на падлогу, похапкам глытаю.

— Прывiтанне з Iндыi, — кажу затым i кладу слухаўку.

Ажыўленая гульнёю святла i ценю карова на рэпрадукцыi весела падмiргвае мне i зноў сцiнаецца ў паважнай самавiтасцi ў прагалку памiж вушаком i люстэркам.

Звязда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930