Знайсці
09.01.2020 / 19:19РусŁacБел

«Сяджу на гаршку, а тата мяне фатаграфуе». Прэм'ера ў Купалаўскім — дакументальны спектакль «Першы»

У свой юбілейны 100-ы сезон Купалаўскі тэатр рашыўся на эксперымент — упершыню звярнуўся да жанра вербацім, ці дакументальнага тэатра. Спектакль «Першы» — пра загадкавы свет дзяцінства. Рэжысёрам стаў Раман Падаляка. Пасля яго паспяховага дэбюту з касмічным «Радзівам «Прудок» ад гэтай прэм'еры многага чакаеш.

Прэм'ера спектакля «Першы» адбылася 8 снежня.

Пару слоў пра жанр вербацім. У ім асновай пастаноўкі становяцца рэальныя маналогі і дыялогі — падслуханыя выпадкова ці запісаныя падчас інтэрв’ю. Для беларускага тэатра жанр не часты, але не новы. Напрыклад, спектакль «Жывёла» Беларускага свабоднага тэатра, «Мабыць?» ад РТБД, докпастаноўкі Лабараторыі сацыяльнага тэатра (адна з іх — «11 красавіка», пра тэракт у метро).

Купалаўцы матэрыял для пастаноўкі пачалі збіраць у мінулым кастрычніку. Прапанавалі ўсім ахвотным даслаць свае гісторыі — пра першае сяброўства, першае каханне, першую здраду. Толькі Раману Падаляку прыйшло каля 50 электронных лістоў. Частка гэтых успамінаў і стала п’есай.

На сцэне быццам мінімалістычнае чорна-белае кіно. Дзіцячы дрэс-код — гольфы да калена, кашулі з шырокімі нязграбна-нямоднымі рукавамі, адколькавыя туфлікі з зашпількай. Два хлопчыкі (акторы Павел Астравух і Іван Кушнярук) і дзве дзяўчынкі (Валянціна Гарцуева і Крысціна Дробыш) расказваюць гісторыі, якія часам падаюцца вельмі блізкімі.

Можа, таму, што ўсе дарослыя любяць размаўляць штампамі, а ўсе дзеці пакутавалі ад рыбных катлет у садку і выношвалі план пабегу?

Некаторыя ўспаміны настолькі камічныя, што немагчыма стрымацца ад смеху. «Сяджу на гаршку, а тата мяне фатаграфуе». «Мама кажа, што, калі кепска буду сябе паводзіць, аддасць трактарысту. Я баюся трактарыстаў». Ці пра тое, як прымушалі даядаць абед: «у нас свінняў няма!» А легендарнае мамчына «таму што я так сказала»?

І як жа міла і адначасова смешна выглядае першае школьнае каханне. Дзяўчаты з кавалерамі, якія на дзве галавы ніжэйшыя (ідзеш дугой, затое ў абдымку), хлопцы, якія рысуюцца так, быццам хочуць спадабацца не аднакласніцы, а журы чэмпіянату свету па фігурным катанні…

У нейкі момант у дзяцей пачынаецца свой «клуб ананімных алкаголікаў» — па чарзе сядаюць на гаршок і пад апладыменты дзеляцца адкрыццямі, перажываннямі і скаргамі на дзівакоў-дарослых.

Іншыя ўспаміны кранаюць. Пра тое, што любімая цацка — гэта партрэт дзеда. Пра тое, як чакаеш сустрэчы з татам, якога ніколі не бачыў, а потым баішся, бо ён — гэта незнаёмы дзядзька. І гэты страшны шум халадзільніка, які нарастае і трывожна запаўняе ўвесь пакой.

З рэквізіту на сцэне — толькі некалькі прадметаў, якія лоўка абыгрываюцца. Куфар пераўтвараецца ў стол, экран для праектара — у абрус і коўдру. Частку маналогаў акторы расказваюць, трымаючы вялікую літару «Я». Дзіцячы эгаізм? Магчыма, але гэта дэталь — і пра адметнасць кожнага з нас (гераіня Крысціны Дробыш кажа, што не верыць ў смерць, бо не можа знікнуць тое, што ўнікальна).

У Падалякі атрымаўся цёплы, хатні спектакль, які вяртае ў дзяцінства і нагадвае, якімі мы хацелі быць і якімі не. Пра простыя рэчы, якія робяць нас шчаслівымі, і грубасць, ад якой балюча.

Драматычныя сцэны, сказаць па праўдзе, не так запалі ў душу, а вось гумар… Калі акцёры ладзяць бязлітасны дэнс падчас ціхай гадзіны ў садку ці патрабуюць свабоды, размахваючы чырвонымі сліняўчыкамі, здаецца, што яны проста кайфуюць на сцэне, забыўшыся на гледачоў.

Цікавая дэталь: адны з галоўных словаў — «я люблю цябе» — герой чуе ад плюшавага мядзведзіка. Ці не таму, што дарослыя на іх забываюць?

А вось яшчэ адзін прагноз, які прымусіў задумацца: «Калі ты станеш дарослым, то не зможаш ужо займацца тым, што любіш». Шкада, калі ён спраўдзіцца.

Наталля Лубнеўская, фота Купалаўскага тэатра

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930