Знайсці
06.01.2020 / 12:152РусŁacБел

Што мы слухалі ў снежні — восем найлепшых альбомаў месяца АЎДЫЯ

Апошні месяц мінулага года выдаўся не самым багатым на музычныя навінкі сусветнага маштабу, але ў беларускіх гуртоў выйшла адразу тры рэлізы, вартыя нашага традыцыйнага агляду.

Каста — Об изъяне понятно

Каста з'яўляецца адным з найбольш паважаных калектываў у расійскім хіп-хопе і адначасова вельмі нетыповым для гэтага жанру. Яго ўдзельнікі — не праблемныя хлопцы, якія чытаюць рэп пра дзяўчын і грошы, а паспяховыя сем'яніны з добрай адукацыяй і без праблем з законам.

Адгэтуль і іншы ўзровень творчасці: пра актуальныя праблемы расійскага грамадства з вельмі тонкім гумарам. Як дваццаць гадоў таму, так і цяпер.

NaviBand — NAVIBAND

Новы альбом гурт рабіў у Кіеве разам з прадзюсарам Віталем Цялезіным, вядомым па супрацы з Акіянам Эльзы і Ляпісам Трубяцкім.

У выніку атрымаўся цёплы альбом, у якім NaviBand паспрабавалі пашырыць сваё гучанне і адначасова замацавацца ў сваім стылі, які надоўга паляпшае настрой і захоўваецца ў галаве.

The Who — WHO

Першы за 13 год альбом культавых брытанцаў, які Роджэр Долтры і Піт Таўнсэнд запісвалі асобна адзін ад аднаго.

Чаго можна чакаць ад легендарнага гурта, калі ўдзельнікам пераваліла за 70, а найлепшыя хіты былі напісаныя больш за 40 гадоў таму? Але новы альбом паказвае былы спрыт The Who, які дазволіў альбому дасягнуць топавых пазіцый чартаў у Велікабрытаніі, ЗША і Германіі.

Yann Tiersen — Portrait

Адзін з найбольш вядомых сучасных кампазітараў вырашыў перазапісаць свае найлепшыя трэкі і выдаў іх разам з трыма новымі пад назвай Portrait. 

Intelligency — Renovatio

Тэхнаблюзмэны з Intelligency новым альбомам спрабуюць пашырыць гарызонты і захапіць новыя аўдыторыі. Іх новы альбом — гэта 12 трэкаў на трох мовах і фіты з вядомымі ў Беларусі выканаўцамі: Аняй Жданавай, Groove Dealer і Palina.

Duster — Duster

Тым, каму будзе не даспадобы першы за 19 гадоў альбом амерыканскага слоўкор-гурта, змогуць ацаніць коціка з яго вокладкі. У гэтым плане Duster вылучаюцца ва ўсім нашым топе.

Музыкі запісвалі альбом ужывую ў гаражы, спрабуючы вярнуць нас у музычныя 90-я. Яны ясна разумеюць, што аматары іх першых альбомаў могуць не ацаніць цяпер іх камбэк, але яны гатовыя чакаць. Столькі, колькі чакалі ад іх новага альбома.

NIZKIZ — Сомнамбула

Магілёўцы выпусцілі свой новы альбом у пятніцу 13-га у час апошняй поўні 2019 года. «Сомнамбула» — гэта набор гісторый інтраверта, у якім стала менш гітары і больш новых фішак, крыху нетыповых для аднаго з топавых беларускіх гуртоў.

Sunday Service Choir — Jesus Is Born

Расказваючы пра новы альбом Канье Уэста, мы не абмінулі ўвагай ягоны госпэл-хор. І вось на Раство Sunday Service Choir выпусцілі альбом рэлігійных песень.

Яго сустрэлі, канечне, неадназначна. Некаторыя называюць яго адзінай рэччу, што Канье зрабіў своечасова, а некаторыя лічаць «Jesus is born» найлепшым саўндтрэкам да аднаго з самых любімых святаў.

Нашы папярэднія агляды:

Піліп Каваленка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера