Знайсці
05.01.2020 / 13:3755РусŁacБел

Як сон розуму ў беларускай правінцыі спараджае страх

Піша Кастусь Шыталь.

Параф’янава. Фота Кастуся Шыталя.

Я баюся сваіх землякоў.

Мае землякі не цікавяцца палітыкай і не ведаюць, што дзеецца ў міжнародных адносінах і ў айчыннай эканоміцы. Мае землякі не чытаюць Біблію, і не ведаюць, што напісана ў Евангеллі паводле Яна і ў 1-м лісце Паўла да Карынцянаў. Мае землякі не цікавяцца культурай, яны не ведаюць ні пра мульт «Будзьмы» пра гісторыю, ні пра кнігу Андруся Горвата.

Але чалавек не можа не цікавіцца нічым. Правінцыйны чалавек таксама цікавіцца навакольным светам, і гэта ператвараецца ў падвышаную цікаўнасць да жыцця сваіх суседзяў.

Людзі на правінцыі актыўна абгаворваць адзін аднаго, актыўна сплятаюць адзін пра аднаго розныя плёткі, дадаючы да іх часам самыя фантастычныя дэталі. Вось расказвалі, напрыклад, што мяне на суткі за тое, што збіраў подпісы за прыпынак цягніка, пасадзілі.

Ці вось, пераехаўшы ў Параф'янава, хадзіў я па вуліцы, а да мяне раз ці два грамадкі дзяцей падыходзілі, і пыталіся: «А ты наркотики употребляешь?» Пэўна ж, ад старэйшых такую бздуру пачулі.

Людзі на правінцыі актыўна ацэньваюць адзін аднаго. Ацэнка залежыць ад асобы таго, хто ацэньвае. Хто добры чалавек — той будзе добра казаць пра іншага. Хто злы — той будзе абгаворваць. Бадай што наплявузгаць на суседа — гэта найбольш пэўны спосаб падняць хаця б у сваіх вачах сваю значнасць.

Таму людзі на правінцыі заўсёды баяцца «а што скажуць людзі?» Зрэшты, людзі часцей за ўсё кажуць у вочы адно, а за вочы — што думаюць.

Але, хто смялейшы, часам кажа ў вочы. І дыктуе: табе трэба рабіць так і так. Аднойчы я атрымліваю паведамленне, даволі доўгае. Жанчына мне даводзіць, што я не маю права дабівацца ад уладаў добрых дарог і ліхтароў, бо я не маю працы і сям'і, а «сяджу на шыі ў маці і цёткі». Такую дробную дэталь, як маю няздольнасць працаваць яна, вядома, не ўлічвала — ды й навошта аналізаваць дэталі, калі трэба асудзіць бліжняга?

Людзі на правінцыі маюць абмежаваны светапогляд і слабое інтэлектуальнае развіццё. Ксёндз-пробашч кажа, што нават настаўнікі адмаўляюцца купляць каталіцкі часопіс для інтэлігенцыі «Наша вера». Яны кажуць, што яго змест занадта складаны для іх.

Людзі на правінцыі з насцярожанасцю ўспрымаюць усіх, хто інакш жыве, хто інакш думае. Хто разумнейшы, хто багацейшы, хто прыехаўшы са сталіцы. Маці і бабуля адной маёй параф'янаўскай знаёмай кожны раз выносілі ёй мазгі, калі яна заязджала да мяне на гарбату, да слёз дзяўчыну даводзілі. За што выносілі? — то загадка для мяне.

Я не ведаю, што пераважае ў гэтай насцярожанасці і недаверы. Варожасць да таго, хто іншы — ці боязь?

Магчыма, мае землякі проста баяцца мяне — чалавека, які жыве іначай чым яны, які не баіцца адкрыта ісці ў контры з уладай.

А я баюся іх.

Магчыма, мы проста баімся адзін аднаго. Калі не дэталізаваць усё напісанае вышэй, мы проста адзін аднаго баімся, бо не разумеем.

Чытайце таксама: Вёска выглядае як чалавек, якому павыбівалі зубы

Кастусь Шыталь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера