Знайсці
25.12.2019 / 00:456РусŁacБел

Забаронена не значыць нельга. Як жыве Іран — неліберальная, але плюралістычная дзяржава

Варону абдурвае амерыканская ліса. Але час лісы сыходзіць, на што ўказвае пясочны гадзіннік, у якім замест пяску — зоркі ЗША. Графіці ў Тэгеране. Фота аўтара.

Ісламская рэспубліка робіцца ўсё больш адкрытай, але адстае ў развіцці, піша доктар паліталогіі Сяргей Богдан.

Іранскае грамадства заўважна змянілася за апошнія гады. У Тэгеране сёння сустрэнеш дзяўчат і жанчын без хустак — яшчэ дзесяць гадоў таму такога не было. Гэта з’ява не масавая, але і не экстраардынарная. Больш масавай стала іншая новая мода — насіць хусткі на самай макаўцы, выпусціўшы касу. Тое ж і з іншай вопраткай: расхрыстаная і ледзьве зашпіленая накідка, пад якой кашуля з адкрытай шыяй, — відовішча не паўсюднае, але і не рэдкае. 

Цікава, што і кансерватыўныя слаі, і дзяржаўныя органы, што некалі ганялі за неналежны выгляд ды іншыя распуснасці, сёння спрабуюць лішне не злаваць больш «распушчаных» суграмадзян і суграмадзянак сваімі ўшчуваннямі. На службу то ўсе з’яўляюцца апранутымі як прадпісана, але не больш за тое.

Персідскі дыван. Фота Shutterstock.com, by Yayha.

Або іншы прыклад — фармальна забароненае спадарожнікавае тэлебачанне, па якім глядзяць зусім не набожныя каналы. Яшчэ ў пачатку 2010-х талеркі ставілі, старанна маскіруючы ад паліцыі. Сёння яны проста не асабліва выстаўляюцца напаказ, але на іх улады заплюшчваюць вочы.

Падобнае і з інтэрнэтам. Ён стаў маруднейшым, фармальна пазакрываныя і ютубы з фэйсбукамі, але лёгкадасяжныя тэхнічныя сродкі дазваляюць грамадзянам рабіць што ўздумаецца. Усе пра тое ведаюць. Зайшоўшы запісацца ў бібліятэку, я пабачыў пры канцы фармуляра запрашэнне далучыцца да тэлеграм-канала, каб быць у курсе будучых імпрэз. На маё пытанне, ці ж тэлеграм не забаронены, бібліятэкарка шматзначна пасміхнулася.

Вядома, у правінцыі, нават буйных гарадах кшталту Ісфагана, усё стражэй.

Дзявочая мода ў кансерватыўным Яздзе. Фота Shutterstock.com, by Efired.

Іран — вялізная краіна з тэрыторыяй, у 8 разоў большай за Беларусь, і насельніцтвам 81 млн чалавек, размешчаная паміж Турцыяй і Пакістанам, Каспійскім морам і Індыйскім акіянам. Дзяржаўны лад Ірана — ісламская рэспубліка, у якой важную ролю грае духавенства. Так стала пасля Ісламскай рэвалюцыі 1979 года, якая зрынула ўладу шаха Пехлеві.

Межы секулярызму

Гледзячы на шматлікія кавярні ў заходнім стылі або на налепкі I love gaj на тэгеранскай плошчы Ісламскай рэвалюцыі (Gajmarket — гэта сетка крамаў, але гумар у тым, што гучыць двухсэнсоўна), можна падумаць, што Іран ужо не той, які быў у часы Хамейні. Але ўсё складана. Бо многія іранцы застаюцца вельмі рэлігійныя. Улады суседняга Ірака падлічылі, што ў сёлетняй галоўнай шыіцкай пілігрымцы, Арбаіне, удзельнічалі больш за чатыры мільёны замежнікаў, бальшыня — з Ірана. Яны ідуць у пякельна спякотны Ірак, які толькі што перажыў крывавыя беспарадкі. І праходзяць дні за тры 90 км пешкі! 

Праўда, паломнікі могуць мець самыя розныя погляды на свет і грамадства. Адны падтрымліваюць сённяшнюю іранскую «дзяржаву Імама часу» — своеасаблівага шыіцкага збаўцы, які, паводле падання, схаваўся ад пераследу ў ІХ стагоддзі, але нябачна апякуецца нашым светам і вернецца пад Судны дзень. Але нямала і тых, каго прыхільнікі Ісламскай рэвалюцыі лічаць «апалітычнымі масамі» ці, таго горай, «дрэсіраванымі амерыканскімі мусульманамі» ды «закамянелымі рэакцыянерамі» — то-бок абыякавых ці варожых да ісламскай рэспублікі, створанай прыхільнікамі аяталы Хамейні пасля 1979 года.

Рост іранскага ўплыву ў рэгіёне і выхад Трампа з ядзернай угоды Захаду з Іранам спрычыніўся да ўзнікнення цікавага нацыяналістычнага кансэнсусу ў іранскім грамадстве. У прыватнасці, Касэм Сулеймані, камандзір т. зв. «Іерусалімскага корпуса» Вартавых рэвалюцыі, які праславіўся ў Сірыі, Іраку і Емене, стаў папулярнай фігурай. Яго постаць звязваюць з абаронай краіны больш, чым з рэлігійнымі каштоўнасцямі. СМІ, вядома, паказваюць Сулеймані і на калектыўнай малітве, але побач з тым раскручваюць яго як героя-патрыёта ды проста мясцовага супермэна.

«Праамерыканскія мусульмане-«саўдыты» захапілі Мекку, але правільныя мусульмане яе вызваляць». Графіці ў Тэгеране ля будынка былога ізраільскага, а цяпер палесцінскага пасольства. Фота аўтара.

Мадэрнізацыя пад санкцыямі

Іран ужо амаль чатыры дзесяцігоддзі жыве ва ўмовах эканамічнай блакады і немагчымасці легальнага ўвозу больш-менш прасунутага абсталявання ці тэхналогій. Перш гэта была блакада з боку ЗША, пазней шырэйшага Захаду, а ў апошнія гадоў з пятнаццаць у ёй па сваёй ці не па сваёй волі бяруць удзел амаль усе краіны свету. Таксама і Беларусь.

Тым не менш старажытная Персія за апошнія гады яшчэ больш асучаснілася. У вялікіх гарадах пабудаваны метрапалітэн, па ўсёй краіне пракладзена і электрыфікавана так шмат новых чыгуначных ліній, што адмыслоўцы нават кажуць пра «чыгуначную рэвалюцыю», якая ажыццяўляецца збольшага кітайскімі кампаніямі. Абноўлены грамадскі транспарт, з’явілася даступная сотавая сувязь, а сістэма электронных плацяжоў стала паўсюднай і нават у напаўпісьменных гандляроў на разнос, што швэндаюцца па вагонах, ёсць тэрміналы для аплаты карткай.

І ўсё ж вялікага дабра няма, асабліва калі параўнаць з суседнімі арабскімі нафтавымі дзяржавамі. У Іране сёння людзі зарабляюць ад 200 да 400 даляраў. Нярэдка грошы ім не выплачваюць месяцамі, бо і самі працадаўцы пакутуюць ад крызісу неплацяжоў. За часы прэзідэнцтва Хасана Рухані (з 2013 года) курс нацыянальнай валюты ўпаў з прыкладна 3 180 туманаў (так ад нядаўна завецца іранская валюта) за даляр у 2013 годзе да прыблізна 11 400 цяпер. Інфляцыя прывяла да таго, што нават афганскія эмігранты, якіх у Іране жыло мільёны тры з 1980-х гадоў і якіх доўга і беспаспяхова іранскі ўрад выганяў на радзіму, пачалі масава ад’язджаць у Афганістан. Там ліецца кроў, але зарабіць прасцей.

Перасоўная кавярня ў Ісфахане. Фота Shutterstock.com, by Leshiy985.

Да таго ж па Іране б’юць наступствы змянення клімату. У апошнія гады выпадае менш дажджоў і снегу. Сімвалам стала высыханне вялізнага Урмійскага возера — прыстанішча птушак фламінга. Да гэтага, праўда, спрычыніліся і людзі. Папярэдні кіраўнік краіны Махмуд Ахмадзінежад загадаў выдаць дазволы на свідраванне вады ўсім ахвотным. Гэта было шчасцем для бяднейшых сялян і дазволіла павялічыць вытворчасць таннай садавіны ды гародніны ва ўсёй краіне і вакол Урміі. Але возера пачало знікаць, і толькі вялікімі намаганнямі ўрад крыху адкаціў назад маштабы выпампоўвання падземных водаў у рэгіёне.

Едучы цягніком «Тэгеран — Мешхед», я разгарнуў пакладзеную на столік купэ свежую газету і пабачыў вялізны артыкул «Прасяданне глебы пагражае катастрофай на чыгунцы «Тэгеран — Мешхед»». Вялізнае прасяданне адбылося, бо на адным з участкаў сяляне таксама выпампавалі падземныя воды.

Затое перавытворчасць вадалюбнай садавіны, кшталту кавуноў, абумоўлівае самыя нізкія цэны на яе.

Загнаны ў кут Іран

Сённяшні прэзідэнт Хасан Рухані прыйшоў да ўлады, абяцаючы зняць з краіны санкцыі і тым самым палепшыць эканамічнае становішча. Спачатку гэта ўдалося, і ў 2015-м была падпісаная з Захадам дамова па ядзернай праграме. Яна гарантавала, што Іран не створыць ядзернай зброі ў найбліжэйшыя пятнаццаць гадоў.

Але амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп летась разарваў дамоўленасці і дамогся спынення экспарту іранскай нафты. Гэтыя дзеянні Вашынгтона падарвалі ў Іране пазіцыі тых, хто выступаў за пошук паразумення з Захадам. Горш за ўсё тое, што Іран не можа доўга трываць такую сітуацыю. Нафта — асноўны артыкул ягонага экспарту, і калі яе не прадаваць, грошы элементарна скончацца. Такая сітуацыя, на думку апанентаў іранскага рэжыму, прымусіць Тэгеран капітуляваць.

Так, можа, і было б, але тут на першы план выйшаў Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) — вайскова-палітычная структура, звязаная з мноствам палітычных рухаў, узброеных груп і эканамічных інтарэсаў у Іране і рэгіёне. Рост уплыву КВІРа ў іранскай дзяржаве звязаны не толькі з тым, што вартавыя перамаглі ў Сірыі, але і з гучнымі сёлетнімі падзеямі. Напрыклад, аперацыі КВІР дазволілі вызваліць іранскі танкер, захоплены брытанцамі ля Гібралтара. Улетку КВІР падарваў два замежныя танкеры і збіў амерыканскі беспілотнік. Баланс усіх гэтых аперацый для Тэгерана быў станоўчы — з ім сталі больш лічыцца.

Таму і не дзіва, што Корпус вартавых здолеў пераканаць іранскае кіраўніцтва, найперш правадыра ісламскай рэвалюцыі аяталу Алі Хаменэі, даць яму магчымасць сілай прабіць іранскай нафце шлях вяртання на сусветны рынак праз удар па нафтавых аб’ектах Саудаўскай Аравіі ў верасні. Маўляў, не пускаеце нашу нафту, дык мы нікому не дазволім яе экспартаваць.

Нядаўна высветлілася, што Іран не далучыцца да Палермскай канвенцыі супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці і Канвенцыі па супрацьдзеянні фінансавай падтрымцы тэрарызму. Парламент быў прагаласаваўшы за ратыфікацыю абодвух дакументаў, але працэс прыняцця спыніла Рада наглядальнікаў — такі сабе канстытуцыйны суд краіны.

Гэтыя канвенцыі маглі прывесці да спынення фінансавання Іранам яго замежных хаўруснікаў — як узброеных груп, так і цэлых дзяржаў (як Сірыя) ці шырокіх палітычных рухаў. Тое, што парламент спачатку прагаласаваў за далучэнне да гэтых канвенцый, сведчыць, што сур’ёзныя палітычныя сілы ўнутры іранскай дзяржавы разглядалі магчымасць кампрамісу. Для таго ім патрабавалася штосьці ўзамен ад Захаду, але яны таго не атрымалі.

Мяркуючы па ўсім, Тэгеран не будзе спяшацца ісці на кампрамісы.

***

Ці дазволенае ў Іране хрысціянства?

Прапаведаваць хрысціянства нельга. Забаронены і пераход з ісламу ў хрысціянства. Калі ты гэта афішуеш, цябе пасадзяць у турму ці абвесцяць вар’ятам, каб не караць смерцю, як патрабуе шарыят. У той жа час хто ў хрысціянскай сям’і нарадзіўся, той ім можа заставацца, існуюць цэрквы.

Увогуле, улады на многае заплюшчваюць вочы, калі няма «асаблівай патрэбы». Нават на сужэнскую здраду, за якую па строгай інтэрпрэтацыі шарыяту належыць смерць. Адвакаты і суддзі знаходяць выхад — абвяшчаюць, што няма такіх сведкаў здрады, якія «адпавядалі б патрабаванням шарыяту».

Ці ёсць у Іране школы на мовах нацыянальных меншасцяў?

У 2000-х пачалі выкладаць курдскую мову ў пары правінцыйных ВНУ і невялічкай колькасці школ, але ў апошнія гады большасць зноў пазачынялі. Яшчэ гадоў дзесяць таму ў Тэгеране можна было знайсці курдскую кніжку, гэтым разам аўтару артыкула не ўдалося купіць нават слоўніка. Тое ж і з іншымі меншасцямі.

Што ўяўляюць сабой цэнтры іранскай эміграцыі? 

Найбольш вядомая структура «Маджагедзін-э хальк» нарадзілася як марксісцка-ісламісцкая арганізацыя і актыўна выкарыстоўвае метады тэрору. Прыхільнікаў у яе ў Іране мала, любая супраца з ёй строга караецца.

У розных іранскіх апазіцыйных арганізацый — ад мааістаў да манархістаў — ёсць свае спадарожнікавыя тэлеканалы, але іх мала хто глядзіць. Бо нецікава, аднастайныя размовы і скайп-інтэрв’ю, адарвана ад іранскай рэчаіснасці. Некаторыя апазіцыйныя сайты ў Іране вельмі радыкальныя, аж да заклікаў майстраваць самаробныя бомбы і падрываць супрацоўнікаў дзяржбяспекі.

У Іране квітнее таксама Тэлеграм, у якім шмат інтэлектуальна цікавых каналаў.

Колькі каштуюць у Іране прадукты?

Фота Wikimedia Commons.

Дзякуючы субсідыям і кантролю цэн большасць звычайных прадуктаў у Іране каштуе зусім танна.

Маленькі пляскаты лаваш — каштуе у субсідзіраваных крамах у пераліку на беларускія грошы 15 капеек, у свабодным продажы — 24. Смачнейшы і большы па аб’ёме «хлеб з каменьчыкамі» (іх трэба ўласнаручна выкалупаць з бліна пры пакупцы ў пякарні) — каштуе 60 капеек у субсідзіраваных крамах і 90 капеек у свабодным гандлі адпаведна. 

Але якасць «субсідзіраваных» прадуктаў у апошнія гады моцна ўпала, бо вытворцы пачалі ўсё разбаўляць. Таннае малако цяпер піць немагчыма, хоць яшчэ гадоў 10 таму яно было смачнае. 

Кіло кураціны, самага таннага і папулярнага ў Іране мяса, цяпер каштуе каля 2,4 рубля.

Вось што ў Іране зусім капеечнае, дык гэта розная садавіна.

Варта адзначыць, што сярэдні заробак у Іране цяпер — каля 600 рублёў на нашы грошы.

Як у Іране арганізаваная служба ў арміі

Cлужаць усе, але па-рознаму.

18 месяцаў — калі служба праходзіць у рэгіёнах, дзе страляюць, напрыклад на паўднёвым усходзе, дзе ўвесь час вайна з наркамафіяй і суніцкімі ісламістамі. 21 месяц — у ціхім месцы, але «ў ботах». 24 месяцы — калі гэта служба ў нейкай дзяржарганізацыі, а фактычна праца пад выглядам службы. Знаёмы авіяінжынер так і служыць — проста працуе там, дзе і раней, у Аэракасмічнай арганізацыі, толькі часам ходзіць на зборы.

Ці ёсць у Іране сэкс? 

Ёсць, і іслам ніколі так яго не абмяжоўваў, як хрысціянства. Палігамія цяпер амаль не практыкуецца — найперш таму, што гэта дорага.

Для ўзаконьвання прастытуцыі заўсёды існаваў інстытут «часовага шлюбу». Яго ж выкарыстоўваюць для адносін з каханкамі. Але гэта пашырана толькі сярод заможных пластоў грамадства.

А вось гомасэксуальныя адносіны між мужчынамі строга караюцца.

Зноў жа, улады ў апошнія гадоў з дваццаць усё менш лезуць у такое.

Што ўяўляюць сабой парламенцкія, а што непарламенцкія сілы ў Іране?

У парламенце цяпер раўнавага розных сілаў, цяперашні прэзідэнт і яго ўрад з цяжкасцю праводзяць патрэбныя законы. Па-за парламентам значную вагу маюць Корпус вартавых і звязаныя з ім палітычныя рухі і эканамічныя структуры. Прэзідэнт Рухані наракаў, што ён кіруе толькі «ўрадам без зброі», а ў краіне ёсць яшчэ адзін «урад са зброяй» — намёк на корпус. Кіраваць такой краінай складана, бо правая рука часам не ведае, што робіць левая.

Можна чакаць, што больш ліберальныя і празаходнія сілы на чале з Рухані і міністрам замежных спраў Махамадам Джавадам Зарыфам прайграюць наступныя выбары, бо іх стаўка на дамоўленасці з ЗША прайграла, а санкцыі падарвалі эканоміку. Наступным прэзідэнтам Ірана можа стаць цяперашні кіраўнік судовай сістэмы Ібрагім Раісі. Ён жа мае найбольшыя шанцы змяніць 80-гадовага Хаменэі на галоўнай у краіне пасадзе Рахбара, правадыра рэвалюцыі, якая важнейшая за прэзідэнта.

Від на Тэгеран з гары. Горы там пустынныя. Фота аўтара.

Лёс Мусаві і Ахмадзінежада

Зняволенымі застаюцца некаторыя ўдзельнікі спробы «Зялёнай рэвалюцыі» ў 2009 годзе. Тагачасныя кандыдаты ад апазіцыі Мір-Хасэйн Мусаві і Мехдзі Кярубі застаюцца пад хатнім арыштам. Але і многія паплечнікі Махмуда Ахмадзінежада, праціўніка Мусаві, таксама цяпер сядзяць. Напрыклад, яго віцэ-прэзідэнт асуджаны на больш чым шэсць гадоў турмы за «шкоду нацыянальнай бяспецы».

Чаму Амерыка і Ізраіль не наносяць па Іране авіяўдары?

Таму што Іран можа нават прымітыўным ракетна-артылерыйскім узбраеннем — умоўна кажучы, «Градамі» — заблакаваць суднаходства ў Армузскай пратоцы, праз якую ідзе значная частка сусветнага гандлю нафтай, а саюзныя Ірану хусіты (шыіцкая ваенізаваная групоўка ў Емене) могуць аналагічна атакаваць нафтавыя танкеры ў Чырвоным моры. Іран завялікі, каб яго можна было акупаваць.

Ці ёсць у Іране свабодныя выбары? 

У іранскай палітычнай сістэме мала ліберальнай дэмакратыі, але гэта ніяк не тыповая дыктатура. Гэта плюралізм у рамках «ісламскай рэспублікі».

На свабодных выбарах з непрадказальнымі вынікамі выбіраюць парламент і прэзідэнта. Але калі ты выступаеш супраць упісаных у канстытуцыю ісламскіх нормаў, у тым ліку нашэння жанчынамі хіджаба ці супраць ролі духавенства ў кіраўніцтве краіны, — цябе проста не дапусцяць да выбараў.

Сяргей Богдан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930