Знайсці
31.12.2019 / 11:4821РусŁacБел

Ідэя на навагодняе меню: курыны рулет з каштанамі або курагой

Ужо зусім хутка надыдзе чароўная навагодняя ноч. І людзі чакаюць гэтае свята не толькі таму, што спадзяюцца на здяйсненне ўсіх сваіх мараў і на пачатак новага жыцця з новага года. Шмат хто чакае менавіта навагодні стол, за якім можна пагаманіць са сваёй сям’ёй і сябрамі і пакаштаваць новыя цікавыя стравы. І кожнаму хочацца здзівіць сваіх гасцей, але пры гэтым не правесці ўвесь вечар на кухні.

Таму я параю дзівіць не колькасцю і складанасцю страваў, але ўжываннем незвычайных інгрэдыентаў. Напрыклад, можна зрабіць звычайны курыны рулет, але дадаць у яго такія нязвыклыя для нас каштаны, каб атрымаць абсалютна іншы смак. Смачна есці!

Каштаны тут надаюць своеасаблівы салодка-арэхавы смак. Можна паспрабаваць замяніць іх курагой, калі каштаны будзе складана знайсці.

На 4 рулеты:

  • 2 вялікія грудкі са скурай і косткай
  • 1 цыбуліна
  • 1 зубчык часнаку
  • палова морквіны
  • 50 грам рысу
  • 50 грам грэцкіх арэхаў
  • 100 грам каштанаў
  • аліўкавы алей
  • соль, перац

Пачнём з таго, што зварым каштаны. На скурцы кожнага каштана робім надрэз шырынёй сантыметр ці два. Апускаем каштаны ў каструлю з вадой і варым хвілін 30—40 да мяккасці (унутры яны павінны лёгка пракалвацца відэльцам). Каштаны чысцім і рэжам на сярэднія кавалкі.

Пакуль варацца каштаны, рыхтуем усё астатняе для начынкі. Рыс варым да гатоўнасці ў салёнай вадзе. Цыбулю, моркву і часнок дробна наразаем. У патэльні разаграём алей і смажым на ім агародніну да мяккасці. Арэхі рубім на кавалкі.

Змешваем рыс, агародніну, арэхі і каштаны, дадаём соль і перац — начынка гатовая!

Курыныя грудкі зразаем з косткі, скуру пакідаем. Спрабуем зрабіць грудку як мага танчэйшай і большай па плошчы: у тоўстых месцах грудку наразаем па гарызанталі, але не да канца, каб грудка заставалася цэлым кавалкам. Трохі адбіваем, солім і перчым.

На кожную грудку выкладаем начынку, загортваем рулетам і звязваем ніткай. Шмаруем рулеты аліўкавым алеем.

Запякаем рулеты ў духоўцы 40 хвілін пры 180 градусах. Потым падвышаем тэмпературу да 200 градусаў і пакідаем яшчэ на 10 хвілін, каб на рулетах з’явілася прыгожая залатая скарынка.

Вольга Чарнова, фота аўтара

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930