Знайсці
10.12.2019 / 09:4840РусŁacБел

«Заставацца ў Беларусі я не планую». Маладыя дактары шчыра расказалі пра зарплату, злых пацыентаў і магчымую эміграцыю

Беларускай медыцынай, здаецца, перманентна незадаволеныя ўсе: і пацыенты, і самі дактары, а часам і Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, нядаўна з’явілася яшчэ адна хвалюючая навіна: у Польшчы запрацавалі новыя правілы для дактароў з-за межаў Еўрасаюза. І цяпер медыкам, у тым ліку і беларускім, не прыйдзецца пацвярджаць свой дыплом, дастаткова толькі прайсці экзамен у клініцы.

Таму «Наша Ніва» вырашыла пацікавіцца ў тых дактароў, хто толькі прыйшоў у прафесію: як яны бачаць беларускую медыцыну знутры? Ці задавальняе іх заробак? Ці не шкадуюць маладыя дактары пра свой выбар? І галоўнае, дзе бачаць сябе ў будучыні?

Амаль усе суразмоўцы пагадзіліся на размову толькі пры ўмове ананімнасці (Рэдакцыі вядомыя сапраўдныя імёны і месцы працы медыкаў).

Ганна, 23 гады. Доктар-інтэрн агульнай практыкі

«Я паступала ў медыцынскі, бо хацела туды з маленства. Яшчэ калі я была маленькая, мне вельмі падабалася хадзіць да дактароў, хадзіць на медагляды. Ну і ў мяне сваякі медыкі, таму я ведала, чым яны займаюцца, і таксама хацела дапамагаць людзям, як яны.

Я выбірала спецыяльнасць доктара агульнай практыкі, бо той жа хірург, як мне здаецца, прафесія не жаночая. Для жанчын бліжэй тэрапія. Ёсць дзяўчыны-хірургі, але нярэдка калегі ставяцца да іх скептычна, маўляў, жанчына-хірург горшая за калегу-мужчыну. У тэрапіі такой праблемы няма.

Цяпер у мяне год інтэрнатуры ў Бабруйску. Я сама з маленькага гарадка, былі варыянты размеркавання туды, але хацелася ў большы горад. А ў Бабруйску якраз было шмат вакансій.

Першае маё нечаканае ўражанне ад працы: людзі вельмі жорсткія. Пацыенты сёння зусім не паважаюць дактароў. Я разумею, што чалавеку кепска, не той настрой, але ж пацыент не ўспрымае доктара як роўнага сабе чалавека. Ставяцца да медработнікаў нібыта яны абслугоўваючы персанал ці робаты, якія мусяць выконваць усе патрабаванні. Чаму так здарылася, я не ведаю. Можа, таму, што людзі сталі нейкія больш злыя, незадаволеныя па жыцці ў цэлым. Часам пацыенты, акрамя скаргаў на здароўе, пачынаюць скардзіцца доктару яшчэ і на жыццё.

Калегі ж наадварот, вельмі добра прымаюць маладых. Ну і інтэрны ім вельмі дапамагаюць, канечне.

Праца звычайная, руціна. Але ж быў выпадак, калі мы былі ў кардыялогіі: інтэрнам даводзілася рэанімаваць пацыентаў, у якіх спынілася сэрца. Рабіць непрамы масаж сэрца, штучнае дыханне… Я сама так адкачвала адну бабулю. Яе прывялі ў прытомнасць, пасля перадалі рэаніматолагам.

Самае непрыемнае ў маёй працы — гэта недахоп часу на прыём пацыента. Пакуль выслухаў чалавека, пакуль разбярэшся з паперамі… Сканчваецца абурэннямі пацыентаў у чарзе, маўляў, кепскі доктар, колькі мы тут будзем чакаць?! Часам пацыенты скардзяцца. На мяне скардзіліся, бо я не выпісвала тое, што чалавек хацеў. Я яму тлумачыла, што гэта немагчыма, але ён не слухаў.

Заробак у інтэрна невялікі: рублёў 400-500 прыкладна. Але самая вялікая праблема нават не грошы, а жыллё. Я адмыслова прыязджала загадзя, перад інтэрнатурай, каб дамовіцца пра месца ў інтэрнаце. Мне далі некалькі адрасоў, я прайшлася па іх… І ўжо з трэцяга інтэрната я выйшла са слязамі на вачах. Умовы для жыцця проста немагчымыя.

Мне здавалася заўсёды, што доктару мусяць прадастаўляць нармальнае жыллё, усё ж статусная прафесія… А ў выніку нават вахцёры ў тых жа інтэрнатах здзіўляліся, што мне, маладому спецыялісту, прапануюць жыць у такіх умовах. Гэта былі не пакоі, а бамжатнікі, яшчэ і з суседзямі-мужчынамі ў адным блоку.

Скончылася тым, што я зняла кватэру. Жыву адна. Плачу няшмат, бо здымаю праз знаёмых, але калегі выкладваюць па 70-80 даляраў за жыллё штомесяц. Плюс камуналка.

Я ў бацькоў грошы не бяру. У выніку зарплаты мне хапае ўпрытык. Адкладваць, праўда, не атрымліваецца аніяк. Я спрабавала ў паліклініцы знайсці нейкі варыянт падпрацоўкі, але мне адказалі, што інтэрны падпрацоўваць не могуць. Таму выбару няма.

Пасля, калі я буду ўжо працаваць доктарам, заробак будзе большы. Дакладна не магу сказаць колькі, кажуць, каля рублёў 800. Калі браць больш за стаўку, то і заробак трохі падрасце.

Калі я вучылася, пра заробкі ўвогуле ніхто не задумваўся: здавалася, што гэта яшчэ не хутка будзе, і, можа, штосьці зменіцца…

Але калі пачынаеш працаваць і разумееш, што табе трэба неяк пражыць за гэтыя грошы… Тады зарплата пачынае засмучваць. На маю думку, у сённяшняй Беларусі нармальны заробак для доктара маёй спецыяльнасці мусіць быць хаця б 1000—1200 рублёў. 

Нягледзячы на ўсё я не шкадую, што пайшла ў медыцыну. Але заставацца ў Беларусі я не планую.

Пакуль я не магу нічога зрабіць, бо інтэрнатура, адпрацоўка, але пасля я, напэўна, паспрабую з’ехаць у Чэхію, працаваць доктарам там. Наколькі я ведаю, там прасцей уладкавацца спецыялісту з Беларусі, чым у Германіі ці ЗША. Ну і мне вельмі падабаецца і сама краіна, і заробкі дактароў там большыя».

Васіль, 25 гадоў. Доктар-інтэрн у хірургіі

«Я сам з вёскі, адвучыўся ў Мінску, але цяпер прахаджу інтэрнатуру ў Брэсце, у бальніцы. Ужо самастойна праводзіў некаторыя аперацыі, канечне, пад наглядам старэйшых калегаў.

У мяне няма праблем ані з пацыентамі, ані з калегамі. Усё добра. Калектыў вельмі добры. Але агульны стан нашай медыцыны, структура бальніцы… Шмат што можна палепшыць. Часам некаторыя лекі недаступныя, іх прыходзіцца набываць самім пацыентам, гэта ж не сакрэт.

У маёй сённяшняй працы галоўны негатыўны момант — гэта грошы. Заробак у мяне — 550 рублёў на месяц. Абяцалі больш, але што ёсць, тое ёсць.

За здымную кватэру ў Брэсце я плачу палову зарплаты: 100 даляраў плюс камуналку за месяц. Варыянтаў з інтэрнатам няма. Дакладней, яны ёсць, але там прапануюць жыць па некалькі чалавек у адным пакоі.

Таго, што застаецца пасля аплаты кватэры, ледзь-ледзь хапае на жыццё. Пра нейкія дадковыя выдаткі ці ашчаджэнні і размовы не ідзе — такога я сабе дазволіць не магу. На жаль, бацькі мне дапамагчы таксама не могуць.

Таму я пакуль не ведаю, ці заставацца доктарам. Калі раптам трапіцца іншы варыянт, каб была цікавая праца з большым заробкам, то я сыйду з медыцыны. Бо праца медыка гэта вялікая адказнасць, за якую трэба адпаведна і плаціць».

Марыя, 24 гады. Акушэр-гінеколаг

«Быць доктарам я хацела ўсё жыццё, колькі сябе памятаю. Мая мама працавала медсястрой і часта брала мяне з сабою на працу, таму я з дзяцінства прывыкла да атмасферы бальніцы.

Акушэрства — не самая папулярная спецыялізацыя сярод студэнтаў: прадмет цяжкі, аб’ёмы інфармацыі вялікія. Але для мяне акушэрства заўсёды было на першым месцы, я заўсёды з задавальненнем рыхтавалася да заняткаў, і чым больш цікавілася, тым больш мне падабалася.

Размеркаванне прайшло нармальна, сёння я працую ў адносна буйным райцэнтры ў стацыянары бальніцы. Інтэрнатура прайшла шыкоўна, я ні разу не сутыкалася з грубасцю ці фанабэрыстасцю старэйшых калег.

Аднойчы, у пачатку яшчэ інтэрнатуры, атрымалася вельмі непрыемная сітуацыя. Падчас маніпуляцыі, якая заўсёды праходзіла добра і раней, і пасля, тут раптам здарылася ўскладненне, якое прывяло да аперацыі і пэўных наступстваў для пацыенткі. Я была проста маральна забітая. Прыйшла да той пацыенткі пасля аперацыі, плачу — а яна мяне супакойвае… А пасля мяне выклікаў начмед — і вам не перадаць, як мне было страшна! Але ён змог падабраць вельмі правільныя і важныя словы, каб у мяне не апусціліся рукі і не з’явіўся ўнутраны блок, які перашкаджаў бы працаваць далей. Я вельмі ўдзячная яму за гэта.

Праца складаная. Я вяду роды, прымаю, плюс аперацыі, і тое ж кесарава. Трэба ўмець самастойна прымаць рашэнні, і прымаць іх хутка. Плюс у акушэрстве ты адказваеш за два жыцці — і гэта яшчэ большы стрэс быў у першы час.

Заробак ва ўсіх розны. Я працую на 1,75 стаўкі, атрымліваю прыкладна 600 даляраў. Але ж ёсць яшчэ і начныя дзяжурствы, таму часам прыходзіцца працаваць па 30 гадзін запар. Я моцна стамляюся, і гэта мінус — пачынаеш часам ставіцца да пацыентаў як да канвеера, з эмацыйнай кропкі гледжання цябе ўжо нічога не цікавіць. І праз гэта таксама перастаеш атрымліваць задавальненне ад працы, хаця я вельмі яе люблю.

Хачу адзначыць яшчэ адзін момант. У нас даступная медыцынская дапамога і ў сукупнасці з нашым менталітэтам… Часам людзі пачынаюць лічыць, што ім усе вінныя, што яны самі ўсё ведаюць. У маёй спецыяльнасці часам бываюць праблемы з жанчынамі, якія паступаюць на медыкаментозныя аборты: яны кладуцца ў стацыянар, а пасля просяцца адпусціць іх дадому, маўляў, там дзеці, муж, куча справаў, якія без іх не вырашацца… Я кажу, што не магу адпусціць, не маю права — а ў адказ на мяне сыплюцца папрокі.

Асноўная праблема з цяжарнымі жанчынамі наступная. Часта іх кладуць у бальніцу праз лабараторныя паказчыкі, скаргаў у самой пацыенткі можа і не быць. І часта жанчына пачынае здзіўляцца, маўляў, яна ж сябе добра адчувае! Але ж калі цяжарная пачынае адчуваць сябе кепска, то гэта ўжо, найхутчэй, такая праблема, якая патрабуе рэанімацыі. І часам вельмі цяжка пераканаць жанчыну, што хоць і ёй добра, дзіця ўнутры яе можа пакутаваць. Некаторыя пацыенты паводзяць сябе так, нібыта іх дзіця больш патрэбнае доктару, чым ім самім.

Але ж я не шкадую, што выбрала медыцыну і не шкадую, што пайшла ў акушэрства. У цэлым, калі параўноўваць з водгукамі іншых людзей, то можна працаваць. Жыллё далі. Зарплата нядрэнная, хоць і прыходзіцца практычна жыць на працы. Начальства не кідае на волю лёсу, дапамагае і падказвае ў складанай сітуацыі. Вельмі вялікі плюс — развіваецца ўменне прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць у экстрэннай сітуацыі. Ёсць свае нюансы, але яны ёсць у любым калектыве. У медыцыне я хачу застацца, таму што гэта маё, і я атрымліваю задавальненне ад вынікаў сваёй працы.

Ці планую я з’ехаць з краіны? Адкажу так: мне яшчэ 1,5 гады адпрацоўваць, шмат што можа змяніцца. Але гэты варыянт я не скідаю з рахункаў. Ёсць вялікая верагоднасць, што так і будзе».

Артур Шпакаў, 25 гадоў. Хірург

«Спачатку я ўвогуле планаваў быць стаматолагам, але не прайшоў, і паступіў тады на лячэбную справу. Думаў, ці стаць кардыёлагам, ці пайсці ў судмедэкспертызу, але на трэцім курсе трапіў у аперацыйную і зразумеў, што вось гэта — маё.

Па размеркаванні я трапіў у Магілёў, адкуль я родам. Тут у мяне сваё жыллё, таму з гэтым пытанняў няма. Але я ведаю, што ў маладых калег з гэтым бывае няпроста. Хтосьці атрымлівае кватэры ці месцы ў інтэрнатах, а хтосьці атрымлівае дулю з маслам. Наколькі я чуў, усё залежыць ад канкрэтнай паліклінікі ці бальніцы.

Я працую ў мясцовай паліклініцы. Работа спецыфічная, я часам і тэрапеўт, і псіхатэрапеўт, бо людзям трэба ўцямна патлумачыць, што рабіць, як пазбегнуць праблем у будучыні. Бо нашы людзі вельмі часта прыходзяць да доктара толькі тады, калі не могуць больш цярпець, калі ўжо крайні выпадак. Можа, менталітэт у нас такі, бо так робяць і маладыя, і старыя.

Хапае пацыентаў, якія патрабуюць, каб іх абслужылі. Не дапамаглі, а абслужылі. Прыходзяць людзі з катэгорыі «быдла-гопнікі», якія могуць і абмацюкаць… Такіх людзей няшмат, але бываюць: калі за дзень прымаеш чалавек 50, праблемных будзе 5-7. Большасць, канечне, адэкватная, нармальныя людзі.

Калектыў у мяне вельмі добры: і старэйшы калега, і мядсёстры проста выдатныя. Я ведаю, што мне заўсёды дапамогуць, калі раптам будзе патрэба.

Зарабляю я няшмат. Тых «папяццот», што ўсё абяцаюць, не выходзіць. Мая зарплата «чыстымі» — рублёў 700. Я жанаты, у мяне малое дзіця, мы стараемся размяркоўваць сродкі, але яшчэ малому патрабуюцца памперсы, асобны рацыён… Скажу так: грошай хапае, але хочацца больш. Бо на хатнюю гаспадарку грошай дастаткова, але каб зводзіць жонку ў кафэ ці ў кіно, прыходзіцца адкладваць грошы.

Я лічу, малады спецыяліст мусіць зарабляць 1000 рублёў. Гэта быў бы добры старт.

Я люблю сваю працу, я ведаў, куды іду. У медыцыне хачу застацца і далей. Што будзе ў будучыні, залежыць ад умоў развіцця.

Калі будзе так, як сёння, калі доктару трэба неяк дамаўляцца, каб трапіць на працу ў бальніцу, дамаўляцца, каб яго паставілі на добрую аперацыю… Скажу так: залежыць ад сітуацыі. Калі будзе магчымасць развівацца толькі за мяжой, то я з’еду і перавязу сям’ю.

Калі будзе магчымасць развівацца ў Беларусі мне як спецыялісту, калі медыцына тут будзе развівацца, калі дактары перастануць быць абслугоўваючым персаналам, то навошта мне будзе кудысьці ехаць?»

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера