Даслаць навіну
Знайсці
08.12.2019 / 11:33 2

Кацярына Даманькова: Я навучылася дэлегаваць, у тым ліку і клопат пра трох дачок

Даманькова — бадай, самая паспяховая беларуская мадэль. Сваю кар'еру яна пачынала ў Мінску. А ў 2006-м выйграла ў Нью-Ёрку прэстыжны міжнародны конкурс «Супермадэль свету». За дзесяцігоддзе ў мадэлінгу працавала з многімі вядомымі дамамі моды і ўдзельнічала ў шматлікіх фэшн-праектах, супрацоўнічала з брэндам жаночай бялізны Vісtоrіа's Sесrеt. Пасля Кацярына скончыла МДІМА. Сёння яна мама трох дачок і заснавальніца паспяховага бізнес-праекта — інтэрнэт-рэсурсу Bеаutуhасk.ru, які расказвае пра прыгажосць, здаровы спосаб жыцця і мацярынства. Як сумяшчаць работу і выхаванне дзяцей, пры гэтым падарожнічаць, займацца спортам і знаходзіць час для сябе, а таксама пра што славутую мадэль пытаюць пры сустрэчах і што яе натхняе, мы распыталі Кацярыну.

Павялічыць выяву

«Тое, да чаго ты нераўнадушны, мае вялікія шанцы на поспех»

— Каця, чаму вырашылі стварыць праект менавіта ў інтэрнэце? Раскажыце, з чаго ён пачынаўся.

— Я скончыла МДІМА і не збіралася вяртацца ў мадэлінг. Мне для душы, для рэалізацыі ўнутраных амбіцый быў неабходны нейкі праект. Шчыра скажу, што было страшна пачынаць штосьці, не маючы досведу ў бізнесе, тым больш у СМІ. І таму я прыйшла да сваёй блізкай сяброўкі Маргарыты Ліевай. Кажу: «Рыта, трэба штосьці рабіць». У яе было такое ж жаданне. Першапачаткова пунктам уваходу для нас абедзвюх стаў праект, які не патрабуе пастаяннай прысутнасці ў нейкай адной геаграфічнай лакацыі. Адпаведна, мы вырашылі, што будзем працаваць у інтэрнэце. Тэмы прыгажосці, здароўя, здаровага спосабу жыцця вельмі лагічныя — гэта тое, што нас цікавіць. І, як правіла, тое, да чаго ты нераўнадушны, мае вялікія шанцы на поспех.

— Сёння штодзень сайт наведвае 400 тысяч унікальных карыстальнікаў. Рэсурс адразу стаў паспяховым?

— Яго развіццё не заўсёды было простае. На пачатковым этапе, канешне, у нас не хапала вопыту, правільнага разумення таго, як усё павінна быць выбудавана. Нельга сказаць, што ідэя сайта і яго аблічча нарадзілася ў нейкі канкрэтны дзень, — гэта працэс, які не завяршыўся і сёння. Мы ідзём да вельмі канкрэтнай мэты, якая мае і візуальнае ўвасабленне. Хутка нас чакаюць пэўныя змены, у тым ліку кантэнтныя: мы становімся лепшыя, цікавейшыя, больш узважлівыя, глыбейшыя. Мы сочым за трэндамі на рынку і не даём сабе паслабленняў. З аднаго боку гэта, несумненна, прыносіць задавальненне, з другога — пастаянны выклік, на які трэба адказваць.

Адназначна, былі моманты, калі мне хацелася ўсё кінуць. Думаю, што кожны ўладальнік бізнесу сутыкаецца на пэўным этапе з пунктам выгарання, калі не разумее, для чаго ён гэта робіць і якая канчатковая мэта. У мяне былі такія моманты, і я іх, на шчасце, пераадолела — і сама, і дзякуючы сваёй камандзе, і дзякуючы сваёй партнёрцы Маргарыце. І я рада, што не апусціла рукі, а пайшла далей. Цяпер я задаволена тым, як выглядае праект, і бачу для яго перспектывы.

— Вы скончылі МДІМА па спецыяльнасці «журналіст-міжнароднік». Памятаеце сваю першую публікацыю?

— Што датычыцца непасрэдна маёй спецыяльнасці, то такога вопыту ў мяне няма. Мне не давялося напісаць ніводнага артыкула на вострую палітычную тэму ці на тэму міжнародных адносін. І не думаю, што ўсё наперадзе. Усё ж мне больш па душы жыццёвыя тэмы, якія маюць водгук у сэрцах чытачоў. Мая галоўная мэта як заснавальніка СМІ — быць карыснай людзям, дапамагаць, дарыць ім добры настрой. Займаючыся той дзейнасцю, якой займаецца журналіст-міжнароднік, не заўсёды можна ўвасобіць гэтыя памкненні.

— Якая сёння ваша роля ў праекце? Колькі чалавек над ім працуе?

— Сёння ў нашым штаце каля 12 чалавек, і, канешне, шмат людзей на аўтсорсінгу. Гэта як аўтары, так і тэхнічныя падрадчыкі. Мая роля ў праекце ў большай ступені ментарская. Гэта пэўная лінія, якую я бачу і якую мы з камандай увасабляем. Зразумела, што ёсць вялікая колькасць бягучых пытанняў. Калі казаць пра размеркаванне абавязкаў паміж мной і Маргарытай, то я ў большай ступені адказваю за тэхнічны бок: узаемадзеянне па пытаннях SЕО, SMM, таго ж дызайну. А мая самая галоўная задача — кантакты з галоўным рэдактарам, камандай, нараджэнне новых ідэй, натхненне каманды, кантроль якасці — усё тое, ад чаго я атрымліваю вялікае задавальненне.

— Вы даволі актыўна ведзяце сваю старонку ў інстаграме. Гэта таксама прыносіць задавальненне?

— Зараз у мяне, дарэчы, перыяд пэўнага зацішша. Для мяне гэта не работа, не штосьці абавязковае. У мяне не пачынаецца паніка, калі я разумею, што некалькі дзён нічога не выкладвала. Часам мне сапраўды патрэбны сур'ёзны адпачынак ад гэтай сацыяльнай сеткі. Але ў большасці выпадкаў яна ўсё ж мяне натхняе. І, несумненна, гэта пляцоўка для кантактавання з маімі падпісчыкамі, я атрымліваю ад гэтага вялікае задавальненне, бо я адчуваю, што з многімі з іх у нас падобныя погляды. На старонцы вельмі станоўчая энергетыка — не толькі дзякуючы таму, што я друкую, але і праз зваротную рэакцыю ад маёй аўдыторыі. У мяне амаль ніколі не бывае негатыўных каментарыяў, усе вельмі па-сяброўску настроены адно да аднаго. Гэта падобна на маю дзейнасць з Bеаutуhасk.ru: галоўная мэта — быць карысным. Публікацыі ў «Інстаграме», безумоўна, гэта пэўнае задавальненне нашага эга, славалюбных пачаткаў. Але іншы асноўны парыў, калі я публікую свае гісторыі і пасты, — гэта жаданне быць карысным. І мне здаецца, гэта добра атрымліваецца.

— Вы адказваеце сваім падпісчыкам, што славутасці робяць нячаста…

— Вядома, што колькасць аўдыторыі такім чынам павялічваецца, але я раблю гэта не для таго, каб хайпануць на сваёй старонцы ці атрымаць большую колькасць падпісак. Мяне сапраўды цікавіць меркаванне людзей, і ў гэтай сітуацыі не адказаць ім будзе папросту несумленна. Мы ж кантактуем у двухбаковым, а не аднабаковым парадку.

— Для гэтага праводзіце і сустрэчы з падпісчыкамі? Хвалюецеся, ці запоўніцца зала?

— У мяне няма вялікага вопыту правядзення сустрэч з падпісчыкамі. Я рабіла такую сустрэчу толькі аднойчы — у Мінску. Канешне, хвалявалася, колькі людзей прыйдзе, ці будзе гэта камусьці цікава. Але, правёўшы яе, я адчуваю, што яна атрымала вялікі водгук у сэрцах людзей. Мне пасля прыходзілі вельмі глыбокія, шчырыя, душэўныя паведамленні, і разуменне таго, што ўсё не дарэмна, са мной засталося.

— Пра што часцей за ўсё пытаюцца ў вас пры сустрэчах?

— Наша кантактаванне пабудавана ў фармаце лекцый, калі я больш дзялюся сваім досведам. Пытанні, вядома, задаюць, але ўсе яны з плоскасці таго, як быць прыгожым, як быць шчаслівым, як радавацца жыццю. І вельмі прыемна, што ў людзей я асацыююся менавіта з такімі запытамі.

Павялічыць выяву

Дзеці.

«Я навучылася дэлегаваць, у тым ліку і клопат пра дзяцей»

— Ці ёсць у вас час удзельнічаць у здымках?

— Гэтая мая дзейнасць на паўзе ў дадзены момант якраз праз адсутнасць часу. Інтэрнэт-рэсурс — гэта мая асноўная пакуль работа. Ёсць і іншыя праекты, якімі я займаюся, у прыватнасці, супрацоўніцтва з ЮНІСЭФ у Беларусі. Гэта тое, што мяне вельмі натхняе. Зноў жа, гэта размова пра тое, што ты карысны. Маё ўзаемадзеянне з ЮНІСЭФ звязана з засяроджаннем увагі на праблемах падлеткаў, дзяцей-сірот. І ў хуткім часе будуць пэўныя маштабныя праекты.

— Падзяліцеся, як удаецца сумяшчаць работу і выхаванне трох дачок.

— На шчасце, мне ўдалося выбудаваць справу такім чынам, што яна не адбірае асноўную частку майго часу. Так, былі розныя перыяды, калі я знаходзілася ў некамфортным стане з-за таго, што яна займала занадта шмат. Але я, па-першае, навучылася дэлегаваць, а па-другое, спадзяюся, што стрэсавыя сітуацыі ў бізнесе засталіся ў мінулым. Гэта дазваляе мне сфакусіравацца на сям'і, дзецях і сабе. Пры гэтым займацца работай, укладаючыся ў зручныя для мяне часавыя межы. Несумненна, гэта было б немагчыма без памочнікаў. Мне дапамагаюць няні, і мая ўнутраная накіраванасць дэлегаваць ім клопат пра дзяцей. У мяне ёсць магчымасць удзяліць увагу не толькі дзецям, але і іншым рэчам, вызваліць час для заняткаў любімай справай.

Маім дзяўчынкам — шэсць, тры і паўтара года. Старэйшыя наведваюць дзіцячы садок, і гэтаму я вельмі рада. Ніколі не разглядала іншы варыянт, бо лічу, што дзіця абавязкова павінна ўзаемадзейнічаць з соцыумам. І канешне ж, у дзіцячым садку працуюць прафесіяналы сваёй справы, якія даюць дзецям веды і навыкі.

— Калі стаіць выбар, папрацаваць ці прысвяціць час дзецям, што робіце?

— Для мяне вельмі важны баланс паміж сям'ёй і маімі асабістымі інтарэсамі (а работа — гэта мой асабісты інтарэс). Таму што калі я не знаходжу для работы часу, я проста не атрымліваю энергіі, якую пасля магу аддаваць сваёй сям'і і дзецям. Таму гэта выключна пытанне правільнага размеркавання часавага рэсурсу і балансу.

— Вы паспяваеце і шмат падарожнічаць…

— …і часам, скажу шчыра, мяне гэта стамляе. Я вельмі дамашні чалавек, мне важны час, праведзены дома. Гэтак жа, як важны графік, калі лагічна ўсё выстройваецца, а не калі ты з'язджаеш і імкнешся за кароткі час знаходжання ў адным пункце зрабіць шмат спраў. Але тым не менш рух мяне таксама натхняе, і я стараюся вытрымліваць баланс паміж паездкамі і знаходжаннем дома.

Павялічыць выяву

«З цяжкасцю магу спыніцца, увесь час гэта ўнутраная гонка»

— Лічылі, колькі краін аб'ездзілі?

— Так, і іх аказалася не так шмат, як я думала, — каля 42. Мая любімая для падарожжаў краіна, напэўна, Італія. Мяне вельмі натхняе менталітэт італьянцаў, іх любоў да жыцця, магчымасць спыніцца, пасядзець за кубкам кавы ў кавярні, сузіраючы і атрымліваючы асалоду. Гэтага вельмі не хапае нашаму менталітэту. Асабіста я, напрыклад, з вялікай цяжкасцю магу спыніцца і атрымаць асалоду ад моманту. Увесь час гэта нейкая ўнутраная гонка, абдумванне таго, што павінна хутка адбыцца, будаванне нейкіх планаў.

— Ці заўсёды ўдаецца знаходзіць час для сябе?

— Гэта адзін з маіх прыярытэтаў, бо ў мяне ёсць дапамога — нашы няні. Але не заўсёды атрымліваецца, таму што трое дзетак, яны хварэюць, і мае чаканні і планы зусім не супадаюць з рэальнасцю. А вось калі ўсё ідзе гладка, я, безумоўна, знаходжу час для самой сябе. Гэта для мяне спорт, наведванне касметолага, чытанне, зноў-такі работа над маім праектам. Колькі часу варта прысвячаць сабе? Для кожнага гэта індывідуальна. Камусьці дастаткова гадзіну паляжаць і паглядзець серыял — і ён шчаслівы, хтосьці гадзіну пазаймаецца спортам ці прагуляецца, а камусьці трэба пяць гадзін.

— Што для вас здаровы спосаб жыцця?

— Гэта спалучэнне фізічнага і псіхалагічнага. Несумненна, у здаровым целе здаровы дух. І гэта не дэвіз, а інструкцыя да дзеяння. Я люблю займацца спортам. Гэта звязана не з нейкімі тэндэнцыямі, а выключна з маім самаадчуваннем. У зале я займаюся, як правіла, без трэнера, бо ў мяне дастаткова вялікі багаж, я ведаю шмат практыкаванняў. З трэнерам займаюся толькі пілатэсам на трэнажорах, мне вельмі падабаецца гэты від спорту. Перыядычна я плаваю, займаюся скандынаўскай хадой. У любым выпадку, для мяне спорт — гэта спалучэнне фізічнай нагрузкі і эмацыянальнага расслаблення. Здаровы спосаб жыцця — гэта і правільнае харчаванне: есці ў меру, ужываць карысныя прадукты ў правільны час, захоўваць інтэрвалы паміж прыёмамі ежы.

Яшчэ вельмі люблю чытаць, але не хапае для гэтага часу.

Павялічыць выяву

З бацькамі.

— Якія кніга і фільм вас уразілі?

— З нядаўніх фільмаў — «Джокер». Я ішла на яго, спецыяльна не чытаўшы водгукаў. Безумоўна, гэта адзін з тых фільмаў, да якіх хочацца вяртацца. Доўгі час маёй настольнай кнігай быў «Ідыёт» Дастаеўскага. Яна была мне вельмі блізкая: гэта незразуметасць, неадпаведнасць свайго ўнутранага ўладкавання ўсяму астатняму свету… Мне быў вельмі сімпатычны князь Мышкін. Гэта і цяпер адна з любімых кніг.

— Які найлепшы спосаб адпачынку?

— Напэўна, проста паляжаць, пажадана на сонцы. Калі гэта паездка, то ў цішыні і спакоі правесці пару дзён, каб расслабіцца, пераключыцца, зарадзіцца энергіяй сонца і падарыць яе сваім блізкім і навакольным. Калі казаць пра адпачынак у горадзе, то гэта лазня. Я яе люблю, але наведваю не часта, бо пасля лазні, дзе я максімальна расслабляюся, мне складана сабраць сябе і ўключыцца ў мацярынства. Таксама люблю спа-рытуалы — розныя праграмы па целе. У любым выпадку, усё, што не нагружае і не прыносіць дадатковага стрэсу, — выдатны варыянт пераключыцца і рэлаксануць.

Алена Кравец, «Звязда»

11
Матёрый / адказаць
08.12.2019 / 18:12
Хоть что то новое.
2
Туташнi / адказаць
08.12.2019 / 22:16
Да ничего нового. Проплаченный пиар.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31