Знайсці
03.12.2019 / 18:552РусŁacБел

Кліматычная канферэнцыя ААН: гэта дзесяцігоддзе будзе самым гарачым

Навукоўцы практычна не сумняюцца, што сярэдняя тэмпература ў свеце ў перыяд з 2010 па 2019 год стане самай высокай за ўвесь час назіранняў, піша bbc.com.

Паводле папярэдніх звестак, апублікаваных Сусветнай метэаралагічнай арганізацыяй (СМА) на кліматычным саміце ў Мадрыдзе, 2019 год будзе адным з двух або трох самых цёплых гадоў з моманту пачатку замераў тэмпературы на планеце.

Калі цяперашняя тэндэнцыя захаваецца, 2015—2019 гады стануць самым гарачым пяцігоддзем за ўвесь час назіранняў.

У справаздачы арганізацыі аб глабальным пацяпленні за 2019 год падаюцца звесткі ад пачатку года да кастрычніка. За гэты перыяд сярэдняя тэмпература перавысіла на 1,1° C аналагічны паказчык 1850 года.

У многіх частках свету ў гэтым годзе было незвычайна гарачае надвор'е. Цяплей чым звычайна было ў Паўднёвай Амерыцы, Еўропе, Афрыцы, Азіі і Акіяніі, а ў многіх частках Паўночнай Амерыкі было халадней, чым звычайна.

У чэрвені і ліпені Еўропа перажыла два перыяды анамальна гарачага надвор'я. 28 чэрвеня у Францыі была зафіксавана тэмпература 46°C, гэта рэкорд для краіны.

Тэмпературныя рэкорды былі пабітыя ў Германіі, Нідэрландах, Бельгіі, Люксембургу і Вялікабрытаніі. У Аўстраліі сярэдняя тэмпература была вышэйшая за сярэднюю амаль на градус.

Узровень лясных пажараў у Паўднёвай Амерыцы быў самым высокім з 2010 года.

СМА звязвае рэкордныя тэмпературы гэтага дзесяцігоддзя з выкідам парніковых газаў, якія з'яўляюцца вынікам чалавечай дзейнасці — аўтамабільных выхлапаў, высечкі лясоў, спальвання вугалю на электрастанцыях.

У 2018 годзе канцэнтрацыі ў атмасферы вуглякіслага газу (СО2), метану і аксіду азоту дасягнулі максімальнага ўзроўню за ўвесь час назіранняў.

Паводле інфармацыі СМА, пацяпленне, якое назіраецца апошнія 10 гадоў, уплывае на навакольны свет. Лёд растае на абодвух полюсах, а рост узроўню сусветнага акіяна з 1993 года, калі пачаліся спадарожнікавыя назіранні, паскорыўся.

Павышэнне сярэдняй тэмпературы ўплывае не толькі на прыроду, але і на людзей. У спякоту асабліва пакутуюць прадстаўнікі старэйшага пакалення.

Прыродныя катаклізмы, якія раней адбываліся раз у сто гадоў, становяцца ўсё больш частымі.

Справаздача была абнародаваны на кліматычнай канферэнцыі, якая праходзіць у Мадрыдзе. Яе ўдзельнікі на працягу двух тыдняў будуць абмяркоўваць шляхі па зніжэнні ўзроўню выкідаў у атмасферу CO₂.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера