Знайсці
02.03.2009 / 23:215РусŁacБел

Віталь Рыжкоў. ***тых, хто замахваўся на тыранаў...

Чорна-белы верш.

Чорна-белы верш.

тых, хто замахваўся на тыранаў ці аўтарытарных лідэраў,
далёка ня ўсе — і справядліва — лічылі героямі,
бо прапаганда зла не пакідае выбару,
як і любая зброя.

вядома, зло не адносіць сябе да зла,
але з думак пра мэты, сродкі, іх спалучэньні
вынікае старое: злу пастаянна трэба знаходзіць казла
адпушчэньня,
злом абвяшчаць яго і яму ствараць перашкоды,
зламваць, тлумачыць сьвет, як сьляпому.
дабру ўсе гэтыя гульні зь перацягваньнем коўдры
весьці бяз понту,
бо дабро робіцца злом пасьля перамогі над злом
аўтаматычна; параза дабра — перамога.
а праўда — гэта сумленьне, сьцягнутае вузлом
на шыі нямога.

праўда — тое, чым лупяць па твары, бы шэрай анучай.
праўда — рэклямны тавар, які надакучвае.
праўда — наіўная і патасная, са зьменлівай інтанацыяй.
праўда — зацюканая аднаклясьніца з прагаю падабацца.

і пакуль зло карыстае праўду, а дабро карыстаецца
праўдай, ёй не выпадае шанцаў на лідэрства,
праўда — твая паўсьляпая настаўніца,
што зрэдку бярэ рэпетытарства

і падцягвае па прадмеце тых, каму не хапае спрыту,
да выпускнога іспыту.

ryzhkou.livejournal.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера