Знайсці
02.12.2019 / 20:2815РусŁacБел

Не прынесла «даніну» — звольніў: экс-кіраўніка Браслаўскага раёна і яго жонку судзяць за карупцыю

У Віцебскім абласным судзе 2 снежня пачаўся рэзанансны працэс у дачыненні да мужа і жонкі, экс-чыноўнікаў Браслаўскага райвыканкама, піша tut.by.

Фота: Алесь Пілецкі, tut.by

Па справе праходзяць 42-гадовыя Уладзімір Дранеўскі, былы кіраўнік раёна, і яго жонка Алена — да арышту яна кіравала ў мясцовай адміністрацыі аддзелам эканомікі. Мужа і жонку абвінавачваюць у шэрагу карупцыйных злачынстваў.

Хабарамі Уладзімір Дранеўскі атрымаў амаль 28 тысяч еўра, паведамляла раней МУС.

Па версіі следства, кіраўнік мясцовай вертыкалі дзейнічаў з дапамогай сваёй жонкі — экс-начальніка аддзела эканомікі райвыканкама.

Ім выстаўленыя абвінавачанні па артыкулах за хабарніцтва, махлярства, перавышэнне ўлады і «адмыванне» грошай.

Мужа і жонку затрымалі летам 2018 года. Пад вартай яны ад 27 чэрвеня. Адно з апошніх з'яўленняў Уладзіміра Дранеўскага ў навінах краіны звязана з адкрыццём паруснай школы ў Браславе за амаль 100 тысяч еўра.

 

Дранеўскі заявіў, што падчас следства на яго «ціснулі»

Муж і жонка Дранеўскія — равеснікі, ім па 42 гады. У іх двое сыноў — 18 і 20 гадоў, абодва — студэнты БНТУ.

Уладзімір Дранеўскі нарадзіўся ў Чашніках. Яго жонка — з Віцебска. 

У 2010—2015 гадах Дранеўскі кіраваў ЖКГ у Чашніках. У гэтым жа горадзе ў райвыканкаме працавала яго жонка. Браслаўскі раён ён узначаліў у студзені 2015 года. Жонка заняла ў адміністрацыі пасаду начальніка аддзела эканомікі.

У залу суда мужа і жонку даставілі пад канвоем. Муж вонкава не праяўляе ніякіх эмоцый, Алена ж часта плача. Паміж сабой муж і жонка перад пачаткам працэсу не размаўлялі.

На пачатку працэсу Уладзімір Дранеўскі заявіў:

- Падчас следства мне паведамлялі аб дрэнным фізічным і маральным стане жонкі. І ў абмен на мае прызнальныя паказанні абяцалі змяніць ёй меру стрымання. Усе следчыя дзеянні ў дачыненні да мяне пастаянна праводзіліся пад псіхалагічным ціскам. Прашу далучыць гэтую заяву да матэрыялаў справы.

Суддзя задаволіў гэтую просьбу.

 

Браў туі, тарты і гародніну са школьнага ўчастка

Першы дзень працэсу сышоў на зачытванне абвінавачання Уладзіміру Дранеўскаму. Гэта рабілі па чарзе два дзяржабвінаваўцы. Да абеду паспелі агучыць толькі частку абвінавачвання.

Першыя тры эпізоды ў крымінальнай справе Дранеўскага тычацца яшчэ таго перыяду, калі ён кіраваў ЖКГ у Чашніках. Следства выявіла, што тады ён незаконна атрымаў больш за 3 тысячы рублёў. Хабару яму давалі іпэшнікі з Чашнікаў і прадстаўнікі двух фірмаў з Віцебска.

Далейшыя дзеянні абвінавачаны здзяйсняў ужо калі быў кіраўніком раёна.

Так, мясцовы аўтапарк запраўляў кіраўніку раёна дызельным палівам яго асабістае Audi (у адным эпізодзе прадпрыемства адпусціла не менш за 530 літраў, у другім — 640 літраў), а таксама бясплатна мяняў гуму на гэтым аўто.

У 2015 годзе аддзел адукацыі купіў для Браслаўскай гімназіі кампутарны стол за 344 рублі. Але мэбляй потым карыстаўся Дранеўскі.

Каледж у Відзах бясплатна вырабіў для кіраўніка раёна металічны плот і кветачніцы - і страціў на гэтым 1098 рублёў.

Райпо некалькі разоў па ўказанні экс-чыноўніка «частавалі» яго тартамі «Напалеон» (каштаваў ён 28 рублёў). А аднойчы ў «замове», акрамя салодкага прэзента, быў фаршыраваны шчупак.

З прышкольнага ўчастка Кансталінскай базавай школы кіраўнік раёна бясплатна браў гародніну: моркву, буракі, капусту. У адным выпадку прадукцыя каштавала 28 рублёў, у другім - 16 рублёў.

Сельсавет з Опсы аддаў Дранеўскаму, па яго загадзе, дзве туі — а дрэвы прызначаліся для добраўпарадкавання гэтага аграгарадка.

Але больш за ўсіх «шанцавала» мясцоваму ЖКГ. Камунальнікі не раз бясплатна або па ніжэйшай цане перавозілі грузы, якія належалі Дранеўскаму. Зрабілі яму прычэп для лодкі (і панеслі вытраты ў 1626 рублёў), лесвіцу (яна каштавала 201 рубель). Аддалі няновую металічную трубу (за 56 рублёў). «Падарылі» акумулятар для акварыума (за 91 рубель), два зімовыя касцюмы для рыбалкі і чаравікі (за 1113 рублёў).

Работнікі ЖКГ бясплатна добраўпарадкавалі магілу бабулі Дранеўскага: паставілі на могілках стол, лаўку, металічную абгародку, паклалі тратуарную плітку. Усё гэта абыйшлося б экс-чыноўніку ў 1539 рублёў.

 

Прысвойваў часткі прэмій падначаленых. Жанчыну, якая не прынесла «даніну», звольніў

У 2015-2017 гадах кіраўнікі некаторых гаспадарак у Браслаўскім раёне (у прыватнасці, КФХ «Міжазёрнае», КУСП «Відзаўскі») павінны былі аддаваць наяўныя грошы (замест залічэння на рахунак райвыканкама) нібыта на правядзенне міжнароднага фестывалю традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы». Грошы — у суме не менш за тысячу рублёў — перадавалі былой кіраўніцы спраў райвыканкама Людміле Цяцеры, а тая адносіла Дранеўскаму. Ён жа, на думку следства, іх прысвойваў.

Ад мая 2015 года да мая 2018-га Дранеўскі сістэматычна прысвойваў часткі прэмій сваіх намеснікаў, а таксама начальнікаў розных службаў у раёне. Напрыклад, работніку належыла прэмія ў 400 рублёў — і 100 з іх ён павінен быў аддаць кіраўніку раёна. «Даніну» з чыноўнікаў збірала кіраўніца спраў. Людміла Цяцера аддавала начальніку і частку сваёй прэміі.

Калі спачатку экс-кіраўнік прысвойваў 200-300 рублёў ад чужых прэмій, дык потым «агульны збор» з падначаленых стаў даходзіць амаль да 1,5 тысячы рублёў. У цэлым такім чынам ён прысвоіў амаль 6,2 тысячы рублёў.

Апроч таго, Уладзімір Дранеўскі распараджаўся, каб падначаленыя прыносілі падарункі — нібыта для іх далейшага ўручэння розным начальнікам, у тым ліку ў аблвыканкаме. Хтосьці перадаваў разьбянае драўлянае пано, хтосьці — каньяк, каву, садавіну, хтосьці — рыбу, хтосьці — цукеркі. Усё гэта, на агульную суму больш як 4,1 тысячы рублёў, кіраўнік раёна, на думку следства, прысвоіў.

Адпор Дранеўскі сустрэў толькі ад адной падначаленай — тагачаснага кіраўніка раённага аб'яднання музеяў. Яна павінна была аддаць яму сваю прэмію, а таксама пано, вырабленае рамеснікам. Аднак жанчына адмовілася зрабіць гэта. Тады Дранеўскі звольніў яе. А пазней зрабіў усё, каб яна не знайшла працу ў Браславе і раёне. Жанчыне давялося працаўладкавацца ў Полацкім раёне.

У 2018 годзе сілавікі арыштавалі таксама двух былых намеснікаў Дранеўскага.

Нядаўна суд Глыбоцкага раёна разгледзеў справу аднаго з іх — 36-гадовага Максіма Чагарына. Яго абвінавачвалі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Прысуд — 3 гады 3 месяцы пазбаўлення волі. Аднак былы чыноўнік атрымаў адтэрміноўку на 2 гады 3 месяцы. Па версіі следства, Чагарын дзяліў чужыя прэміі з Дранеўскім.

4 снежня ў судзе Глыбоцкага раёна заслухаюць апошняе слова другога былога старшыні Браслаўскага райвыканкама — Міхаіла Пліскі. Яго таксама абвінавачваюць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Ад красавіка 2016 года да студзеня 2018-га ён атрымаў хабар у суме 6,3 тысячы еўра за вырашэнне пытанняў у сваёй кампетэнцыі.

Таццяна Матвеева, tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930