Публічная сварка: былы памочнік Канапацкай паразітуе на яе імені і не аддае суполку ў тэлеграме
Чарговы вэб-скандал закруціўся вакол Дзяніса Ціханенкі, былога памочніка дэпутаткі Ганны Канапацкай.
Чытайце таксама: Памочнік Канапацкай кінуў моладзь, абураную законам аб прызыве. Невядома, дзе сабраныя грамадой грошы
Справа ў тым, што Ціханенка адміністраваў тэлеграм-чат з назвай «Ганна Канапацкая», куды прыхільнікі дэпутаткі прыходзілі задаць пытанне ці абмеркаваць нейкую рэч.
І тут аказалася, што хаця Канапацкая і разышлася з Ціханенкам, той не хоча аддаваць ёй кантроль над яе чатам, які так і называецца — «Ганна Канапацкая» і мае больш за 800 удзельнікаў.
У ноч на панядзелак паміж імі ў гэтым чаце адбылася камічная размова, у якой паўдзельнічалі і выпадковыя карыстальнікі.
Denis Tikhonenko: Не трэба множыць чаты.
Anna: Дзяніс, тады аддайце мне кіраванне гэтым чатам. Бо імя маё, а кіруеце вы. Не парадак.
Andrey: Ну і ну. Начальнік з памочнікам не можа разабрацца, дэпутат з партыяй, а народ смяецца.
Denis Tikhonenko: Лухта нейкая.
Artem Omelchuk: А вы дакладна Ганна Канапацкая?
Denis Tikhonenko: Я ўжо таксама пачынаю сумнявацца ў тым, што тут адбываецца.
Anna: Я дакладна ведаю, хто я. [У адказ да Artem Omelchuk]
Denis Tikhonenko: Свет фэйкаў і таямніц. Гэта клон. Праз 10 хвілін пачнецца панядзелак і карэта ператворыцца ў гарбуз.
Anna: Дык аддасцё кіраванне чатам? Усё ж такі ўдзельнікаў цікавіць маё меркаванне, а не вашае, мае ініцыятывы, мая работа…
Denis Tikhonenko: Гэта чыстая правакацыя! Ганна Канапацкая заўсёды была ў чаце адміністратарам. У яе ніхто нічога не забіраў, ды і не піша яна так позна ніколі. На тэлефон цяпер не адказвае. Ну нафіг.
Anna: Дзяніс, давайце вы не будзеце тут крывадушыць.
Як удакладніла «Наша Ніва», акаўнт Anna сапраўды належыць Канапацкай — да яго прывязаны яе нумар, але дэпутатка сітуацыю каментаваць не хоча.
А што кажа Ціханенка?
У адказ на пытанні «Нашай Нівы» палітык стаў рабіць выгляд, што ён звычайны карыстальнік чата. Але гэта няпраўда, бо ў тэлеграм-чаце адлюстроўваюцца людзі з правамі адміністратара, такі там толькі адзін — Ціханенка.
Больш за тое, Ціханенка даводзіць, што ён у згаданым чаце ўвогуле забанены, але гэта таксама няпраўда — яго паведамленні працягваюць там з'яўляцца.