Знайсці
09.12.2019 / 12:556РусŁacБел

«Імкнуся мець мільён даляраў, каб пісаць п’есы ў доміку на Кіпры». Віталь Каралёў расказвае пра свой шлях з міліцыянта ў драматургі 

За штодзённымі справамі і клопатамі не ўсе аматары тэатра заўважылі, што на небасхіле беларускай драматургіі заззяла новая зорка — Віталь Каралёў.

Яго п’есы перамагаюць на фестывалях і конкурсах, іх ставяць і ў Беларусі, і за яе межамі, а самаму Віталю тэатральныя крытыкі прадказваюць будучыню культавага драматурга.

«Наша Ніва» сустрэлася з Віталём Каралёвым, каб ад яго самога даведацца, што ж такога культавага ў п’есах 36-гадовага мінчука, які вучыўся на гісторыка і археолага, працаваў у міліцыі і крэатыўным агенцтве, а знайшоў сябе ў драматургіі.

Участковыя — гэта адзіныя людзі ў сістэме МУС, якіх шкада

Сваю першую п’есу «Участковыя. Пераадольнае супрацьдзеянне» Віталь напісаў у 2014 годзе, калі яшчэ працаваў у дзяжурнай частцы МУС.

«Па адукацыі я гісторык. Вывучаў гісторыю спачатку ў Ліцэі БДУ, пасля ва ўніверсітэце. Гісторыя мяне не так цікавала, як археалогія, настаўнікам быць я не хацеў, а вось корпацца ў зямлі, знаходзіць артэфакты, супастаўляць факты і рабіць высновы ну вельмі хацелася. Але каб быць археолагам у нас, у Беларусі, трэба скончыць аспірантуру.

І вось я прыйшоў да самага знакамітага беларускага археолага таго часу Георгія Штыхава. Ён тады мне сказаў: «Археолагам вы станеце, а вось багатым не будзеце ніколі». Глянуў я на яго пінжак, якому гадоў 20, не менш, і вырашыў, што археолагам я быць не хачу.

А паколькі ва ўніверы была ваенная кафедра, вырашыў пайсці ў сілавыя структуры», — распавядае Віталь Каралёў.

Віталь расказвае, што калі ішоў працаваць у міліцыю, то яму вельмі хацелася зрабіць свет больш справядлівым.

«Сапраўды. Але вельмі хутка расчараваўся ў сістэме. Наогул, тэма адносін чалавека і сістэмы будзе пасля не аднойчы ўздымацца ў маіх п’есах. Я не быў участковым, не быў даішнікам, я працаваў у дзяжурнай частцы, адказваў на званкі. Сядзеў на форумах участковых. І адтуль даведваўся такія трэшовыя рэчы, што ў пэўны момант зразумеў, што хачу напісаць пра гэта», — кажа Віталь Каралёў.

Сюжэт п’есы «Участковыя» распавядае пра двух участковых міліцыянераў: інтэлігентнага старшага лейтэнанта Сяргея і праставатага лейтэнанта Васю. Ім перадаюць па рацыі, што жыхары элітнай новабудоўлі пачулі ў адной з кватэр стрэл. Там жывуць трое: бацька-прадпрымальнік, маці-акторка і іх 15-гадовы нямы сын-інвалід. Падзеі ў п'есе развіваюцца так, што ставяць герояў перад выбарам: застацца чалавекам ці выканаць абавязак. 

«Канечне, у п’есе ўсё гіпербалізавана, але я раіўся з сапраўднымі міліцыянерамі, і яны расказвалі, што я быў максімальна праўдзівы ў апісанні характараў і сітуацый.

«Участковыя — гэта адзіныя людзі ў сістэме МУС, якіх мне сапраўды шкада. Сярод участковых сустракаюцца вельмі разумныя, начытаныя людзі, людзі цікавыя. Але сістэма, у якой яны знаходзяцца, ставіцца да іх не па-чалавечы», — расказвае Віталь Каралёў.

Першая п’еса Каралёва адразу трапіла ў міжнародны тэатральны форум «ТэАрт».

«Мне было тады 29 гадоў. І я вырашыў, што трэба мяняць сваё жыццё. Калі ты не можаш існаваць унутры сістэмы, у якой табе некамфортна, то трэба выбіраць іншы шлях. І я вырашыў пайсці ў рэкламу», — дзеліцца Віталь Каралёў.

Пасля ў Віталя Каралёва быў нават пэўны перыяд у жыцці, калі ён з’ехаў жыць у Іспанію.

«Я пажыў там месяцы тры, дамаўляўся з жонкай, што яна пераедзе да мяне, але яна перадумала і вырашыла разысціся. Трэба было прымаць рашэнне: пачынаць новае жыццё ў Іспаніі ці тут. І я вырашыў вярнуцца», — кажа Віталь.

Ці канкрэтна тады Віталь усвядоміў, што для яго галоўнае свабода, ён дакладна не ведае. Але і ў жыцці, і ў творчасці Віталь імкнецца арыентавацца ў першую чаргу на свае жаданні.

«Опіум» не пра ўкраінскі канфлікт, а пра рэакцыю беларусаў на яго

«Калі я пісаў п’есу «Опіум», я быў упэўнены, што яе наогул не паставяць. Але я хацеў яе напісаць. Пісаў я «Опіум» у пачатку 2015 года, калі ўкраінскі канфлікт балеў усім. Пачалі забіваць адзін аднаго людзі, якія яшчэ ўчора лічыліся «братамі навек». І маўчаць пра гэта я не мог. Але мне быў цікавы не сам канфлікт, я пісаў пра рэакцыю на яго беларусаў, пра тое, як людзі не ведаюць абсалютна ніякіх фактаў, але выказваць сваё меркаванне і нават адстойваюць яго. Гэта гісторыя адбываецца ўнутры адной сям’і», — расказвае Віталь Каралёў.

П’еса «Опіум» стала адметнай у тэатральным жыцці Беларусі яшчэ тым, што гэта была першая п’еса, грошы на пастаноўку якой цалкам сабралі падчас краўдфандынгавай кампаніі.

Пасля пастаноўкі п’есу нават пачалі параўноўваць з Купалавым «Раскіданым гняздом».

«Я ўпэўнены, што паняцця «неактуальная п’еса» проста не існуе. Калі аўтар ведае, пра што піша, калі ён разумее сваіх герояў, то абсалютна не важна, у якую эпоху ці лакацыю аўтар змесціць сваіх герояў, іх перажыванні будуць зразумелыя гледачу. Паверце, людзі не моцна змяніліся за апошнія 25 000 гадоў, і тое, што балела стагоддзі таму, выклікае цікавасць і цяпер. І яшчэ я ўпэўнены, што аўтару зусім не трэба разбірацца ў тым, што цяпер модна, актуальна, запатрабавана. Трэба проста быць праўдзівым у тым, што ты робіш», — расказвае Віталь Каралёў.

Цікава, што толькі адна п’еса Віталя Каралёва заканчваецца адносным хэпі-эндам. Гэта п’еса «Москаў дрымін». Усе астатнія творы маладога драматурга з трагічным канцом.

П'еса «Опіум» і «Москаў дрымін» ідуць у Мінску і Бабруйску. 

«Не, я не песіміст. Проста так атрымліваецца, што, калі сядаю пісаць п’есу, яе героі вядуць мяне за сабой. Нават калі я сам хачу, каб усё закончылася добра, падзеі развіваюцца так, што ў рэшце рэшт гэта прыводзіць да трагедыі. І гэта хтосьці з выбітных пісьменнікаў сказаў, што, калі ў канцы твора герой жывы, значыць, твор яшчэ не закончаны», — адказвае Віталь.

Новая п’еса Віталя Каралёва, якая яшчэ нідзе не надрукаваная, «Світанак, якога няма», таксама заканчваецца трагічна.

«П’еса падымае пытанне: а ці жыве чалавек сваім жыццём? Па сюжэце чалавек аднойчы прачынаецца ў незнаёмым доме, а ўсе, хто знаходзіцца побач з ім, паводзяць сябе так, быццам гэта іх самы блізкі чалавек, муж, бацька», — дзеліцца Віталь Каралёў.

«Я пакутую сам, калі пішу. Я ўпэўнены, што так павінна быць. Калі няма пакут аўтара, твор выйдзе непраўдзівы. Ну паглядзіце самі! Нават у самай вясёлай камедыі, калі яна якасная, абавязкова прысутнічае ўнутраная трагедыя ці пакута», — упэўнены Віталь Каралёў.

Ці ўбачым мы п’есу «Світанак, якога няма» ў найбліжэйшы час у тэатры, будзе залежыць ад таго, ці зацікавіць яна рэжысёраў.

«Я адаслаў п’есу ў некалькі тэатраў. Канечне, мару, каб яе паставілі. Аўтар, які пра гэта не марыць, — вар’ят. І тут трэба паказвацца псіхіятру, а не пісаць для «сябе», «у стол». І яшчэ я мару, каб па маёй п’есе знялі фільм. Але я не ведаю, як дагрукацца да кіношнікаў, я не ўмею прасоўваць свае творы», — уздыхае Віталь Каралёў.

Я мару пра мільён даляраў

Віталь Каралёў упэўнены, што творчасцю драматурга ў Беларусі зарабіць немагчыма.

«Я не ведаю такіх людзей, якія б зараблялі на жыццё толькі аднымі п’есамі. Драматургі ў Беларусі, якія зарабляюць дастаткова, пішуць сцэнары для расійскіх серыялаў. Я так не магу. У мяне былі дзве замовы ад буйных беларускіх тэатраў, але тыя тэмы, на якія яны прапанавалі напісаць п’есы, мяне не чаплялі. Таму я адмовіўся», — прызнаецца Віталь.

І паўтарае: «Галоўнае для мяне свабода».

«Я зарабляю на жыццё не літаратурай. Аднак я імкнуся рабіць тое, што мне цікава, тое, што мне прынясе ў тым ліку і фінансавую свабоду. Так, я імкнуся мець мільён даляраў. Але я іх не буду траціць на тое, каб купіць кватэру большую ці машыну лепшую, мне грошы патрэбныя, каб мець магчымасць займацца тым, чым я хачу, каб мець магчымасць падарожнічаць, бачыць свет. Я хачу пісаць свае п’есы ў доміку недзе на Кіпры. Ці здзейсніцца мая мара, я не ведаю, але я ведаю адно, што ніколі ў жыцці больш не вярнуся да працоўнага графіка з 8.00 да 17.00», — запэўнівае Віталь Каралёў.

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера