Знайсці
27.11.2019 / 14:5812РусŁacБел

Віктар Марціновіч: «Улажылі краіну — карціна свету паводле мантажніка Сярогі»

Cённяшняя калонка Віктара Марціновіча для budzma.by — гэта маналог беларускага мантажніка Сярогі, які працяглы час працуе ў замежжы і спрабуе асэнсаваць навакольнае жыццё.

— Паўнюткі аўтобус, ты бачыш! Мяжу будзем доўга праходзіць. Цябе як завуць? Мяне — Сярго. Адбатрачыў шэсць месяцаў, зара — дадому. Колькі табе плацяць? Ты ж з дальнабояў, так? Я дальнабоя адразу пазнаю. У вас рукі не пашэрпаныя. Як, бачыш, у мяне. Душыце баранку. У цёплачы. А я — мантажнік. 6 еўраў у гадзіну. А працадаўца мой, з Мінска, атрымлівае за мяне 11. Гандлюе мной. Але грошы на беларускую картку, канвертуюцца там — і опля! Можна хоць у «Віталюр», хоць за кватэру плаціць. Улетку ў Чэхіі батрачыў.

Там добра было: тры месяцы жыву. Захацеў бабу. Як хлопцы кажуць, «трэба зліцца». Ну, кароча, падказалі адрас, пайшоў на маліну. Узяў сто даляраў з трэцяй палучкі і пайшоў. Домухна стаіць, трохпавярховы. Наверсе пакоі, унізе рэстаўрант. Сядзяць дзевушкі. Але проста падысці і зняць нельга. Не прынята ў іх. Культурныя ж усе. Еўропа. Ты быў у Чэхіі? Дык вось. Трэба ўзяць келіх піва, паставіць на яейны столік. І калі яе зацікавіць — падыдзе. А калі не — вып’е піва і ўсё. Нічога табе не вінная! Цывілізацыя. Правы жанчын, разумееш?

Ну, я гляджу — дзеўкі танцуюць, а тут — сядзіць, адзінокая. Мне адразу глянулася. Такая фігурыстая, а з твару — нічогая. Як яе звалі? На С неяк, здаецца. Сабіна? Сафія? Ну, я паставіў ёй пітво, а сам сяджу з мужыкамі, гаманю. А яна так, ведаеш, зіркае. І пакуль мае хлопцы танчыць не пайшлі — не рашалася. А тады

(…)

Ты колькі зарабіў? На доўгай кадэнцыі быў? Бачыш, я ўсе слоўкі вашы ведаю — з дальнабоямі шэсць месяцаў у адным пакоі. У мяне заробак быў 1300 еўра ў месяц. Сотку на ежу, астатняе — сабе.

У Беларусі можна 700 рублёў максімум. І яшчэ пайдзі, пашукай. Во ўлажылі краіну, ну? Як вось так можна было? Раней летувісы да нас працаваць пёрлі. У мяне на «…мантажы» заробак быў тысяча даляраў. І не трэба было за мяжу ад’язджаць. А зараз што?

Вось ты мне патлумач, дальнабой, што зараз? У цябе ж во твар інтэлігентны, шмат дзе паездзіў, мабыць.

Ты не звяртай увагі, што ад мяне сівухай прэ, мы з мужыкамі ўчора адмячалі. Дзюбнулі крыху. Хаця я непітушчы.

Не, я табе сам скажу. Раней у Літве ўсе бедныя былі. Але яны сказалі Еўропе: калі ты нам, Еўропа, грашэй не даш, мы да Пуціна пойдзем. У Пуціна ты ж бачыў якая зараз зброя? Па ўсім НАТА ўсе ў жаху: ракеты, танкі. І тады Еўропа ім — бах. І адваліла.

А мы?

А што мы?

Нам раней Пуцін дапамагаў. Але потым яму Жырыноўскі што сказаў? «Чаму, кажа, беларусы жыруюць на нашых дармаванках, а ў нас дарогі дрэнныя»? Я сам бачыў, на юцьюбе. І тады Пуціну прыйшлося абрэзаць. Бо як ты супраць Жырыноўскага папрэш. Чаму Еўропа нам не дае? Дык яна ж бачыць, што Пуціну Жырыноўскі забараняе нас падтрымліваць. Куды мы дзенемся? Вось і заціснула. Я, бачыш, батрачу. Ты батрачыш. І ўнукі нашы будуць батрачыць. Ніякай перспектывы, браце.

Во, глядзі. Мару вось гэты джып узяць. «Джып Кампас». Толькі ў Амерыцы збіраюць. Каштуе дзесяць касарэй, калі з Бранска валакчы. Але не магу.

Дачка паступіла — у яе такі рэйтынг быў! Так іспыты здавала! На выдатна! Але ў яейным універы толькі тры дзеўкі простыя на бясплатнае прайшлі. У астатніх бацькі — хто пракурор, хто адвакат. То на маю месца не хапіла. Задалі дадатковыя пытанні. І зараз той джып прыйдзецца за чатыры гады аддаць дзяржаве. Бясплатная адукацыя, яны кажуць! Бясплатная!

Дык а ты выбары бачыў як яны правялі? Ты бачыў?

Хлопец малады дзеўку спаймаў са стосам паперак. Да урны йшла. Ён ёй кажа: «Гэта ж падсудная справа», а тая з участку — скок! І ўсё. Я лічна ў юцьюбе бачыў. І мужыкі ўсе бачылі. Не прыбралі чамусь адтуль. І яшчэ потым, гэты, наш: «Не дзеўку пакарайце, а гэтага маладога. Што ён лезе?» І ўсё, міліцыю на яго. НАТА хоча тут як на Украіне зрабіць. У мяне Андрон у брыгадзе. Кажа: я — бандэравец. З Украіны сам. Я яму кажу: які ты бандэравец? Быў бы бандэраўцам — сядзеў бы ў копе на Данбасе і па нас, рускіх, бы страляў. Ніякі ты не бандэравец. Такі ж батрак, як вось мы з табой, дальнабой

А я, па шчырасці, мару сабе дом купіць. З бруса. Дваццаць тысяч каштуе. Падлогу зраблю цёплую. Агароджу — з бярвенняў, і каб над брамкай — бляшаная дашынка, церамком. Я сам усё пастаўлю. Рукі ў мяне ж не з дупы растуць. Мантажнік я. Прыйдзе Новы год, запалім гірлянду на падворку, як у Чэхіі, збярэмся з сябрамі на ганку, кульнём па адной — Новы год жа, трэба! Ты да мяне прыедзеш. Прыедзеш жа?

Але спачатку трэба джып купіць. А на яго грошай няма. Бо дачка.

Б…, вось скажы, дальнабой, вось чаму мы ўвесь час працуем і так х…ва жывём? А?

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера