Яўген Афнагель расказаў, што думае пра масіраваную атаку ў свой бок ад БТ
Цягам апошніх дзён адразу тры дзяржаўныя тэлеканалы — БТ, АНТ і СТБ — зрабілі сюжэты пра каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля.
Фота Надзеі Бужан.
Тон гэтых публікацый прадказальны: маўляў, хто такі гэты Афнагель — сапраўдны няўдачнік, людзі ў Мінску пра яго зусім не ведаюць. Ролікі выходзяць у найлепшых традыцыях дзяржаўнай тэлепрапаганды 2000-х.
Адбылося гэта пасля таго, як «Еўрапейская Беларусь» правяла вулічныя акцыі 8 і 15 лістапада. Сам Яўген Афнагель у каментары «НН» расказаў аб сваім стаўленні да гэтых ролікаў.
«Я б не назваў гэта масіраванай атакай, я б назваў гэта бясплатнай рэкламай «Еўрапейскай Беларусі. Я вельмі ўдзячны дзяржаўнаму тэлебачанню за тое, што яны, хай і позна, але расказалі пра нашу грамадзянскую кампанію, — паўжартам адказвае Яўген. — Канечне, ніхто дзяржаўнае ТБ не глядзіць, але залішняй рэклама не бывае».
«А калі казаць больш сур’ёзна, то гэта нервовая рэакцыя на жорсткую крытыку ў бок уладаў, кіруючага рэжыму. Па-іншаму вытлумачыць гэта немагчыма. Я не перажываю праз тое, што ролікі з’яўляюцца», — адказвае Афнагель.
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» прызнаецца, што не сочыць за тэлебачаннем, таму не ведае, ці былі раней падобныя ролікі.
Яўген Афнагель — адзін з самых актыўных удзельнікаў вулічных акцый супраціву, быў заснавальнікам «Зубра». За сваю дзейнасць Яўген неаднаразова затрымліваўся, адбываў адміністрацыйныя пакаранні. На выбарах 2010 года быў у камандзе кандыдата Андрэя Саннікава.