Знайсці
20.11.2019 / 10:4322РусŁacБел

У Нараўлянскім раёне адзін і той жа глушэц другі год запар прылятае на зімоўку да людзей

Пра незвычайны выпадак паведаміў у АПБ Мікалай Траскоўскі: летась у вёску на Палессі, дзе жывуць яго цесць і цешча, прыйшоў глушэц, перазімаваў у іх, а сёлета вярнуўся зноў. Адбылося гэта ў вёсцы Нараўлянскага раёна, якая знаходзіцца на мяжы зоны адсялення ЧАЭС, піша ptushki.org

Упершыню глушэц з’явіўся ў вёсцы мінулым снежнем, калі ўжо ляжаў снег. Птушка была крыху падраненая і кульгала на адну нагу, але лятаць магла.

«Спачатку ён прыбіўся да адных жыхароў, якія падкормлівалі яго пару дзён, — расказаў Мікалай. — А потым ён ад іх зляцеў ці сышоў. Бачылі яго і ў іншых месцах вёскі. А пасля ён прыбіўся да дому мамы і бацькі маёй жонкі. Іх дом месціцца на самым ускрайку. Зіму ён правёў у іх, хаця ў перасоўванні абмежаваны не быў: хацеў — прылятаў, хацеў — адлятаў

Глушэц лятаў па яблынях, упадабаў дах навеса, пасябраваў з курамі (хаця спачатку тыя яго шугаліся. Гаспадары пачалі яго падкормліваць, і той з самага ранку прылятаў частавацца.

Начаваць ён злятаў на высокія дрэвы ў лес — было бачна з акна, як ён там сядзіць высока, — або сядаў на старую высокую яблыню.

Часам глушэц знікаў на некалькі дзён ці нават тыдняў, але потым вяртаўся. Бліжэй да вясны ён знік і з’явіўся зноў ужо без хваста: хутчэй за ўсё, страціў яго ў бойцы з іншымі самцамі. На звыклым месцы ён пакрысе ачуняў, хвост пачаў адрастаць, і недзе ў красавіку глушэц знік ізноў. Ніхто не ведаў, ці жывы ён, ці не з’ела яго ліса або куніца.

А пару тыдняў таму глушэц прыйшоў у адведкі зноў. За час адсутнасці ён памажнеў, хвост прыйшоў у парадак, але кульгавасць засталася. Спачатку хадзіў узбочынай каля дома, шчыпаў траву. Выйшла гаспадыня Яўгенія Партыка, паклікала птушку ў двор, адчыніла весніцы, і глушэц хуценька падыбаў у двор.

Вось як яна сама кажа пра гэта: «Я аж заплакала. Я ж увесь час казала: «Ці хоць ты жывы, што ты так вось давяраешся людзям?» Але ён не да кожнага так блізка падыходзіў, але ж і не сільна ўцякаў — абы ніхто не шыбаў. Дык вось, пайшоў мой муж да калонкі па ваду. У мяне печ гарыць, я бліны пяку, а ён гаворыць: «Ідзі — друг прыйшоў!» Я прыходжу, гавару: мой красаўчык! Той выцягнуў шыю, а я гавару: «Хадзем дахаты!». Ён ідзе, ідзе, такога да нашага гарода па вуліцы, я адчыніла яму калітку, а ён аж подбежкі за мной у двор! А потым ён неяк нават на плечы мне сеў. Я сяджу сабе на вуліцы, размаўляю з хазяінам маім, а ён р-раз і зляцеў мне на плечы.»

Глушэц пабыў 10 дзён на знаёмым двары і адляцеў. Гаспадары спадзяюцца, што з ім усё добра, што ён жывы і што ўзімку ён зноў наведае іх.

З кожным годам глушцы становяцца ўсё больш рэдкімі птушкамі ў Беларусі. Акрамя высечкі лесу і падсочкі жывіцы на таках, адны з галоўных пагроз для гэтага віду — турбаванне ў гнездавы перыяд, незаконнае паляванне на самцоў на невялікіх такавішчах, павялічаны прэсінг з боку драпежнікаў (у тым ліку інтрадукаванага янотападобнага сабакі) і канкурэнцыя з капытнымі жывёламі за кармы ўвесну.

P.S. На момант публікацыі матэрыяла глушэц вярнуўся ў знаёмы двор.

Алеся Башарымава, фота Мікалая Траскоўскага, prushki.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930