Знайсці
19.11.2019 / 14:2232РусŁacБел

Пётра Рудкоўскі: Лепш бы выбараў не было ўвогуле. Лепш сумленная аўтакратыя, чым фікцыйная дэмакратыя

Палітычныя сістэмы бываюць розныя. Бываюць дэмакратыі, бываюць аўтакратыі, напісаў у сябе ў фэйсбуку дырэктар BISS, доктар філасофіі Пётра Рудкоўскі. Калі выбіраць паміж першым і другім, лепш першае. Але калі па нейкіх прычынах камусь захацелася мець другое… шкада, канешне, але хай так.

Аднак, на міласць боскую, не трэба займацца фікцыямі, таварышы! Ну, хочаце вы фармаваць Палату прадстаўнікоў без наўпростага ўдзелу грамадства. Дык фармуйце. Але БЕЗ ІМІТАЦЫЯЎ. Хай прадстаўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта, Рады бяспекі, ідэалагічнай вертыкалі збіраецца і прызначае 110 чалавек. Так, гэта будзе недэмакратычна. Затое сумленна.

Назіраючы за псеўдавыбарчым працэсам, я спазнаў вусцішнае дэжавю. Адчуванні такія ж самыя, як тады, калі я са сваім калегам праводзілі даследаванне па плагіяце. Агульны назоўнік для першага і другога — сістэмнае марнатраўства. Фінансавых сродкаў — гэта раз. Часавых рэсурсаў — два. Чалавечых рэсурсаў — тры.

Пісьмовыя працы — гэта выдатны навучальны метад. Але калі асноўным спосабам іх прадукцыі ёсць плагіят, то лепш хай іх не будзе ўвогуле. Выбары — гэта выдатны спосаб выяўлення інтарэсаў грамадства. Але калі выбары вось ужо дваццаць пяты год зводзяцца да электаральнага плагіяту, то… так, я сапраўды лічу, што тады лепш скасаваць інстытут выбараў увогуле.

Фікцыйныя выбары не вытрымліваюць ніякага тэсту выгадаў і затрат. Апроч памянёных вышэй затрат ёсць самая вялікая затрата: страта пачуцця рэчаіснасці прадстаўнікамі ўладных структур.

Гэта было выразна бачна на прыкладзе інтэрв'ю Давыдзькі для Еўрарадыё. Для гэтага чалавека ўжо не існуе праўда і фальш, рэальнае і фікцыйнае. Існуе толькі барацьба плямёнаў.

Прытупленне здольнасці адрозніваць праўду і фальш, як правіла, дорага абыходзіцца. Калі гэта здольнасць прытупляецца ў двух-трох прадстаўнікоў сістэмы, асаблівай пагрозы для сістэмы няма. Але калі ў імітацыю ўцягненыя дзясяткі тысяч прадстаўнікоў сістэмы, а яшчэ сотні тысяч становяцца непасрэднымі сведкамі, то гэта ўжо сістэма-з-ракавай-пухлінай.

Калісь, у 16-м стагоддзі, сярод каталіцкіх тэолагаў была спрэчка: ці нехрысціянскі валадар можа быць добрым валадаром. Вельмі запомнілася выказванне аднаго тэолага: «Лепш разумны турак (=мусульманін), чым дурны хрысціянін». Нешта падобнае і тут: лепш сумленная аўтакратыя, чым фікцыйная дэмакратыя.

Пётра Рудкоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930