Знайсці
15.11.2019 / 13:1759РусŁacБел

Першакурсніца, якая апублікавала відэа пра загон на галасаванне: «Аднагрупнікі пачалі мяне цкаваць»

У пятніцу 15 лістапада ля галоўнага корпуса БДЭУ адбылася акцыя супраць прымушэння да датэрміновага галасавання студэнтаў, піша Радыё Свабода.

Агітацыйны пікет пачаўся ў 11 гадзін і доўжыўся каля 30 хвілін. Акцыя прайшла ў межах пікета кандыдата ў дэпутаты Міхася Варанцова. Акрамя яго ўдзельнічалі яшчэ каля сямі чалавек, у тым ліку студэнты БДЭУ. Усе яны зьяўляюцца актывістамі «Моладзевага блёку».

«Мы тут робім агітацыйны мітынг, — кажа кандыдат. — У тым ліку супраць загону студэнтаў на датэрміновае галасаваньне. Ужо каля 20% усіх выбарнікаў прагаласавала датэрмінова. У тым ліку студэнтаў. Сюды мы прыйшлі таму, што ў інтэрнэт трапіла відэа з загонам студэнтаў. Хочам падтрымаць дзяўчыну, якая выклала ролік».

Варанцоў гаворыць пра відэа, апублікаванае на сайце Свабоды ў сераду 13 лістапада. На ім бачна, як адна з выкладчыц ўнівэрсытэту настойліва пераконвае студэнтаў прагаласаваць менавіта датэрмінова. А таксама паведамляе, што калі студэнты гэтага не зробяць, то ў выкладчыцы могуць быць непрыемнасьці.

Ролік зьняла на свой мабільны тэлефон і даслала ў тэлеграм-канал Свабоды першакурсьніца Аліна Шмігель.

Яна таксама прыйшла на пікет і расказала, навошта здымала відэа.

«Наша куратарка паклікала нас на куратарскую гадзіну, — расказвае Аліна. — Калі я пачула, што яна кліча 18-гадовых дзяўчынак, то зразумела, што яна зьбіраецца нам расказваць і вырашыла здымаць відэа. Пасьля чаго даслала відэа вам.

Вы выклалі ролік, дазваніліся да куратаркі, да дырэктара інстытута. Навошта я гэта зрабіла, вырашыла апублікаваць відэа? Я хацела паказаць, што выкладчыца насамрэч не вінаватая, не яна гэта прыдумала. Яна нам сказала — зрабіце гэта (прагаласуйце датэрмінова — РС), каб мяне потым не дзёргалі. Хто яе павінен дзёргаць, каму гэта трэба?

Калі вы дазваніліся да Лапцёнка (дырэктар інстытуту Аляксандар Лапцёнак — РС), ён сказаў, што ніякіх распараджэньняў не было. Чаму так адбываецца, чаму ніхто не кантралюе такія рэчы? Гэта жахліва, што такія рэчы адбываюцца ў дзяржаве. Ціснуць не толькі на студэнтаў, на выкладчыкаў таксама ціснуць зьверху».

Нягледзячы на тое, што СМІ не называлі імені аўтаркі відэа, Аліну «вылічылі» амаль адразу. 

«Аднагрупнікі называюць мяне зараз «пацуком», — кажа яна. — Які я пацук? Я ж выканала свой грамадзянскі абавязак у адрозьненьне ад іх. Абазьліліся на мяне. Кажуць, што калі ў іх праз мяне ўзьнікнуць праблемы, то праблемы будуць і ў мяне. Кажуць, што я падставіла чалавека. Я згодная, што гэта добры выкладчык, яна шмат для групы робіць. На яе проста ціснуць, і гэта жахліва. Я толькі гэта хацела сказаць. Я абураная тым, што так адбываецца. Не хачу, каб некага звальнялі з унівэрсытэту цяпер. Справа не ў выкладчыках, справа ў сыстэме».

Размоваў з прадстаўнікамі адміністрацыі ў Аліны пакуль не было. Затое дзяўчыну падтрымаў бацька. «Нават паціснуў мне руку», — кажа яна.

Алесь Пілецкі, Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера