Знайсці
14.11.2019 / 10:299РусŁacБел

«Сведкі Пуціна»: што за фільм паказалі на «Лістападзе» ў Мінску

Стужка гранічна шчырая. Дзея ў ёй распачынаецца 31 снежня 1999 года са сцэнаў у сям’і рэжысёра, якая рыхтуецца да навагодняга вечара. Выступленне Барыса Ельцына і ягоная заява пра адстаўку становіцца ўзрушэннем для сям’і Манскі, піша Алег Дзярновіч на gazeta.arche.by

У штабе Уладзіміра Пуціна пасля агучвання першых вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 26 сакавіка 2000 г. За спінай Пуціна — Дзмітры Мядзведзеў. Кадр з фільма «Сведкі Пуціна».

Але камера рэжысёра настойліва залазіць у патаемныя куткі прыватнага жыцця.

Адна з непрыемных сцэн у пачатку стужкі, як Манскі спрабуе пралезці з кінакамерай у ванны пакой, а ягоная 12-гадовая аголеная дачка супраціўляецца бацькоўскай настойлівасці. Такім жа гранічна аголеным рэжысёр спрабуе быць на працягу ўсяго фільма. І месцы для гэтага абраныя знакавыя — дом Ельцына і выбарчы штаб Пуціна ўвечары 26 сакавіка 2000 г., у дзень выбараў прэзідэнта Расійскай Федэрацыі.

І тут нам нарэшце прыходзіць разуменне, адкуль у рэжысёра такія эксклюзіўныя кадры.

На працягу 2000 году Манскі здымаў фільм, які мусіў быў спрыяць легітымацыі новага рэжыму. Стужка мела красамоўную назву: «Расія — пачатак». Таму рэжысёр меў доступ і да сям’і Ельцына, і да каманды Пуціна.

Перамогу Пуціна святкуюць у сям’і Ельцына. Злева направа: Наіна Ельцына, Таццяна Дз’ячэнка (дачка Ельцына), Барыс Ельцын, Міхаіл Лесін. Кадр з фільму «Сведкі Пуціна».

У атачэнні Ельцына змагаліся два палітычныя блокі — «сілавікі» і «дэмакраты». Праект «Пуцін» быў згенераваны якраз «дэмакратычным крылом» ельцынскага атачэння і ягонай «Сям’ёй». Менавіта таму мы бачым у кадры так шмат знаёмых яшчэ з позняй Перабудовы ці першых гадоў ельцынскай Расіі персанажаў — Анатоль Чубайс, Міхаіл Касьянаў, Глеб Паўлоўскі, кіраўніцтва НТВ… Паміж сядзібай штаба Пуціна і домам Ельцына курсіруе міністр інфармацыі і ўладальнік медыярэсурсаў Міхаіл Лесін. 5 лістападу 2015 г. у вашынгтонскім гатэлі «The Dupont Circle» мільянер і былы расійскі міністр будзе знойдзены нежывым, паводле пратаколу паліцыі, з «тупымі сілавымі траўмамі галавы».

За час першага прэзідэнцтва ад выбарчай каманды 2000 году пры Пуціне застаўся толькі Дзмітры Мядзведзеў, тагачасны кіраўнік выбарчага штабу. Усе астатнія ў сваёй абсалютнай большасці загінулі, эмігравалі, сышлі ў апазіцыю.

Рэжысёр Віталь Манскі робіць інтэрв’ю з Уладзімірам Пуціным. Кадр з фільма «Сведкі Пуціна».

Некаторыя падзеі ў фільме толькі пазначаны і ім дадзена кароткая ацэнка. Як, напрыклад, праблема серыі падрыву жылых дамоў 4—16 верасня 1999 г. у Буйнакску, Маскве і Валгадонску. У выніку тых падзей у расійскім грамадстве ўзнікла патрэба ў «цвёрдай руцэ», вуліцы гарадоў запоўнілі ваенныя, а рэйтынг прэм’ер-міністра Пуціна падскочыў з 2 % да 50 %.

Віталь Манскі прысутнічаў і выступаў на паказе ў Мінску 2 лістапада.

Пасля дэманстрацыі фільма аўтар стужкі агучыў сваю пазіцыю: ён не думае, што гэтыя тэрарыстычныя акты былі адмыслова арганізаваны ФСБ. Хутчэй за ўсё, спецслужбы ішлі па следу рэальных паўночнакаўказскіх баевікоў. У такім разе, застаюцца пытанні, як тэрарыстаў «вялі» і чаму ім не перашкодзілі.

У псіхалагічным плане, дакументальны фільм «Сведкі Пуціна», бадай што, найбольш змрочны, з прадстаўленых на сёлетнім «Лістападзе». А на пытанні з залы, што нас яшчэ чакае, Манскі адказаў: «Усё, што будзе, ужо адбылося». І спаслаўся на свой уласны досвед — у Латвіі, дзе ён цяпер жыве, на апошніх прэзідэнцкіх выбарах прэзідэнта Расіі расійскія грамадзяне аддалі Пуціну сваіх 98,8 % галасоў. У гэтым сэнсе, лічыць рэжысёр, эміграваць няма куды.

У самым канцы Манскі прызнаўся: паказы ягонай карціны адбыліся ў 56 краінах, ад Мексікі да Тайваня, і нідзе пры фінішных сцэнах фільма не было такой трагічна маўклівай залі, як у Беларусі. Манскі паабяцаў асэнсаваць гэты феномен.

Паводле: Алег Дзярновіч, gazeta.arche.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930