Знайсці
13.11.2019 / 16:4331РусŁacБел

«Гэта ўсё адсочваецца». Як куратарка БДЭУ прымушае студэнтаў да датэрміновага галасавання ВІДЭА

Відэазапіс, дасланы ў рэдакцыю Свабоды, быў зроблены ўдзень 13 лістапада на сходзе студэнтаў аднаго з факультэтаў Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ.

На відэа, знятым у інстытуцкай аўдыторыі, жанчына гаворыць студэнтам пра важнасць удзелу ў выбарах.

«Слухайце ўважліва, гэта сур’ёзнае пытанне, — кажа выкладчыца. — Пачалося датэрміновае галасаванне. 250-я аўдыторыя, 3-і корпус. Вы бераце пашпарты, паўналетнія, і ідзяце туды. З 2 да 4 там перапынак».

Як стала вядома Свабодзе, жанчына на відэа — гэта куратарка адной з груп першага курсу інстытута Аксана Аніскевіч. Звяртаючыся да першакурснікаў, яна не заклікае галасаваць за некага канкрэтна. Кажа, што калі нехта не хоча выбіраць з зарэгістраваных кандыдатаў, то можа прагаласаваць супраць усіх. Разам з тым спадарыня Аніскевіч настойвае, што прагаласаваць усе студэнты павінны менавіта да асноўнага дня галасавання.

«Гэта ўсё адсочваецца, — кажа куратарка. — Вы павінны зрабіць гэта да нядзелі. Таму што потым нас пачнуць «церабіць».

Свабода зьвязалася з Аксанай Аніскевіч і папрасіла пракамэнтаваць відэазапіс. Спадарыня Аніскевіч не адмаўляе, што такая сытуацыя мела месца. І ня бачыць у гэтым нечага незаконнага.

«Я занятая, не магу зараз размаўляць, — сказала спадарыня Аніскевіч. — Калі ў мяне з'явіцца час, то я вам абавязкова пазваню. Вы што хочаце апублікаваць? Мой выступ перад студэнтамі, дзе я гавару пра іх грамадзянскі абавязак? І яны павінны схадзіць прагаласаваць? Я свае словы памятаю. Скажыце, а якім чынам уплывае тое, што галасаваць будуць датэрмінова? Гэта неяк уплывае на якасць? Я так сказала, таму што пайшлі такія распараджэнні. Таму я і сказала, што датэрмінова, вось і ўсё. Ад каго пайшлі распараджэнні? Давайце заўтра мы з вамі звяжамся».

Дырэктар інстытуту БДЭУ, у якім працуе Аксана Аніскевіч, у размове са Свабодай адмовіў факт існаваньня распараджэньняў аб датэрміновым галасаваньні для студэнтаў.

«Такога загаду з боку кіраўніцтва няма, — сказаў дырэктар БДЭУ Аляксандар Лапцёнак. — Справа ў тым, каб студэнты выканалі свой грамадзянскі абавязак. Толькі гэта. Загадаў няма. Гэта можа быць звязана з тым, што студэнты на выходныя могуць дадому паехаць. Яны ў розных інтэрнатах жывуць. Гэта заклік да таго, каб студэнты асэнсавалі свой грамадзянскі абавязак. Яны грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Гэта заклік, не загад. Ці будзе адсочвацца ўдзел студэнтаў у датэрміновым галасаванні? Ва ўсякім разе, я пра гэта не ведаю. Яшчэ раз кажу, гэта толькі заклік да студэнтаў. Ніхто ж не сочыць, як яны будуць галасаваць. Гэта іх справа. Чыя ініцыятыва звярнуцца да студэнтаў з такім заклікам? Гэта і выкладчыкі самі могуць ініцыяваць. Звярнуцца да студэнтаў нават не на занятках, а на перапынках».

Паводле інфармацыі Свабоды, прапанову, агучаную куратаркай Аксанай Аніскевіч, студэнты ўспрынялі моўчкі.

Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера