Знайсці
14.11.2019 / 10:3422РусŁacБел

У тэлеграме з'явіўся канал, у якім пішуць паскудствы пра інфарматараў Нехта. Як іх ідэнтыфікуюць?

У самага буйнога беларускага блогера Сцяпана Пуцілы, больш вядомага як Нехта, амаль 180 тысяч падпісчыкаў у тэлеграме, яшчэ 300 тысяч — на ютубе. Папулярнасць Пуцілы не дае спакою некаторым «зычліўцам».

У тэлеграме з’явіўся ананімны канал, які займаецца «выкрыццём» інфарматараў Сцяпана Пуцілы. Адрас канала адрозніваецца ад сапраўднага пуцілаўскага толькі адной літарай, на аватарцы — фота Сцёпы.

Перыядычна ў канале псеўдаНехты з’яўляюцца допісы з фатаграфіямі і спасылкамі на старонкі людзей, якія нібыта адпраўляюць інфармацыю ў канал Пуцілы. Пры гэтым ананім яшчэ і рассылае лісты на працу сваіх ахвяр (калі можа знайсці). Калі не можа — проста дасылае мэйл у гарвыканкам з тэкстам «У вашым горадзе жыве інфарматар канала Нехта».

«Наша Ніва» звязалася з некаторымі героямі публікацый фэйкавага Нехты.

Ва ўсіх сітуацыя амаль аднолькавая. Чалавеку ва «Укантакце» прыходзіць паведамленне са спасылкай на фэйкавы канал, у якім ужо размешчаная інфармацыя пра «ахвяру». Аўтар паведамлення пры гэтым указаны як «Степан Некста».

Вось некалькі прыкладаў.

«Я працаваў фельчарам у калгасе «Хвіневічы» на Гродзеншчыне і скінуў інфу пра праблемы Сцяпану ў канал. Пры гэтым я сам папрасіў, каб маё імя было агучанае. Я не баяўся наступстваў, у першую чаргу хацеў, каб праблема вырашылася. Сцяпан так і зрабіў, напісаў маё імя і прозвішча. А пазней ужо той троль, напэўна, знайшоў мяне ў сацсетках», — расказаў «Нашай Ніве» Якаў Антановіч.

Якаў атрымаў і паведамленне ва «Укантакце».

Ці прыйшоў мэйл у калгас, ён не ведае — кажа, неўзабаве і сам звольніўся з працы. Але, па словах Якава, ён і па сёння ўдзячны каналу Нехта.

«Цяпер ферму не пазнаць. Знаёмыя казалі, што зрабілі рамонт. Раней уся падлога была ў ямах, якіх нават не было бачна — бо ўсё было заліта гаўном. Сапраўдным гаўном. Людзі не бачылі ямы, спатыкаліся, падалі. Цяпер жа ўсё прыбрана, — кажа Антановіч. — І толькі пасля публікацыі Сцяпана пачаліся праверкі, я яму вельмі ўдзячны. Ён фактычна выратаваў гэтую гаспадарку, я так лічу».

Мінчанка Крысціна Брылеўская таксама не хавала свае дадзеныя.

«Я паскардзілася, што майго мужа з сябрам ні за што забрала міліцыя каля дома. Усё было на маіх вачах. Міліцыянты забралі мужа і сябра, бо яны нібыта пілі алкаголь, але алкаголю ў нас не было, — узгадвае Крысціна. —

Я напісала пра гэта ў сваім інстаграме, адзначыла Сцяпана Нехту. Ён адгукнуўся, папрасіў напісаць яму ў паведамленні падрабязней. Плюс — перапосціў сторыз з майго інстаграма. У маім інстаграме спасылка на мой Укантакце, адшукаць мяне было не складана. Усе мае старонкі адкрытыя.

Пасля інфармацыя пра выпадак з маім мужам з’явілася ў канале Нехта. І затым ужо з’явіўся пост пра мяне ў фэйкавым канале. Усё, што там напісана пра мяне, няпраўда, дарэчы».

Крысціна кажа, што ёй таксама прыйшло паведамленне ва Укантакце ад псеўдаСцяпана.

Ці быў мэйл начальству, яна не ведае, бо тады ўжо змяніла месца працы.

«У мяне пыталіся знаёмыя, ці збіраюся я ісці ў міліцыю, пісаць заяву на гэтага фэйкавага Нехту. Але я не пайшла», — кажа Крысціна.

Затое ў міліцыю пайшоў Уладзіслаў Сяргееў — іншы чалавек, чые дадзеныя апублічыў псеўдаканал.

«Я адпрацоўваў пасля ўнівера ў адным месцы. Плацілі капейкі. І ў агульным чаце на 250 чалавек я з сябрамі абмяркоўваў, маўляў, прыкольна было б пра гэта напісаць у канал Сцяпана.

Але ж у выніку я пабаяўся звальнення і ўсё ж не стаў скідваць інфармацыю Нехта, — расказвае Сяргееў. — А затым на маю другую працу прыйшоў ліст. Так, той самы — «у вас працуе інфарматар канала».

Начальства аказалася адэкватным. Мяне выклікалі, пагаварылі, сказалі: мы разумеем, што вы такім не займаецеся. Параілі пайсці ў міліцыю. Я так і зрабіў. У міліцыі сказалі: ну вы ж разумееце, што гэта вісяк.

У выніку, пошук вінаватых не скончыўся нічым, канечне».

Выглядае, што інфармацыя для даносаў часцей за ўсё бярэцца з адкрытых крыніц. Амаль усе дэананімізаваныя ці самі не хавалі свае асобы, ці недзе агучылі планы скінуць інфармацыю Сцяпану Пуцілу.

Пра аднаго з іх спачатку увогуле напісала «Наша Ніва», і толькі праз пару тыдняў у канале псеўдаНехты з’явіўся допіс з «выкрыццём інфарматара».

Прычым, ахвяры — шараговыя супрацоўнікі прадпрыемстваў ці навучальных устаноў, звычайныя студэнты. У канале няма выкрытых сілавікоў ці высокапастаўленых чыноўнікаў.

Часам ахвярамі становяцца блогеры. Так, напрыклад, у «інфарматары» быў запісаны Сяргей Ціханоўскі, аўтар блога «Краіна для жыцця», а таксама адміністратар неафіцыйнай старонкі беларускай чыгункі ва Укантакце Валянцін Самасюк.

«Я ніякіх кантактаў з Нехта ніколі не меў. Чалавек, які публікуе гэтыя фота «інфарматараў», ці выбраў мяне выпадкова, ці, можа, таму, што я адміністратар суполкі пра чыгунку, — мяркуе Самасюк. — А што тычыцца Нехты, то хіба быў толькі такі момант: я недзе ў каментах адмаўляў сваю датычнасць да яго канала. Можа, увагу прыцягнула гэта».

Не заўсёды «дэананімізацыя» сканчваецца ціха і без наступстваў.

Адзін з суразмоўцаў, які пажадаў застацца ананімным, паведаміў, што сапраўды скінуў інфармацыю Сцяпану Пуціле. Зрабіў гэта праз тэлеграм, даслаў прыватнае паведамленне. Сваё імя нідзе і ніяк не свяціў.

Гэта было ўлетку. А ў канцы верасня інфармацыя з іменем, прозвішчам і фотаздымкамі мужчыны з’явілася на канале псеўдаНехты. Там жа была і рэкамендацыя звярнуць увагу на адзін з відэаролікаў са старонкі «ахвяры», маўляў, гэта порна.

Неўзабаве мужчыну выклікала на размову міліцыя. Прычынай стаў той самы ролік, які, па словах суразмоўцы, быў дададзены на старонку вельмі даўно, накіраваны ўвогуле супраць порна, але сапраўды мае «пікантны момант».

«Пасля была гутарка са следчым — ён сказаў, што заводзіць крымінальную справу не хоча, але, маўляў, вырашае не ён. Сказалі чакаць. Вось, чакаю. Чым скончыцца, не ведаю», — кажа мужчына.

«Наша Ніва» звярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў — ці сапраўды тэлеграм не настолькі абаронены, як лічыцца? І што рабіць, калі ёсць падазрэнне, што хтосьці непажаданы чытае ці перахоплівае вашыя паведамленні?

«Перапіска ў тэлеграме можа праглядацца трэцяй асобай, такая верагоднасць ёсць. Існуюць нават адмысловыя праграмы для гэтага.

У выпадку, калі вы падазраяце, што вашую перапіску чытаюць, звяртайцеся ў праваахоўныя органы. Чалавека, які перахоплівае чужую перапіску, будзе чакаць адказнасць па артыкуле 352 Крымінальнага кодэкса: «Незаконнае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй». Пакаранне — штраф, абмежаванне волі ці нават пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў», — адказалі ў прэс-службе ведамства.

P.S. Каму належыць канал псеўдаНехта, невядома. Але пакуль матэрыял «Нашай Нівы» рыхтаваўся да публікацыі, у канале псеўдаНехта з'явіўся першы допіс не з «выкрыццём», а з рэкламай чыйгосьці кантэнту. Канал прарэкламаваў відэаролік, створаны сайтам прарасійскіх актывістаў «Тэлескоп».

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930