Знайсці
12.11.2019 / 15:347РусŁacБел

Блогер Нехта: Да акцыі 15 лістапада я не маю дачынення. Не буду заклікаць людзей ісці туды 

8 лістапада на плошчы Свабоды ў Мінску адбылася вулічная акцыя, якую ініцыяваў блогер Нехта (Сцяпан Пуціла). Падчас яе актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель паведаміў, што наступны вулічны пратэст запланаваны на 15 лістапада.

«Наша Ніва» звярнулася па каментар да Сцяпана Пуцілы, каб ён выказаў сваю пазіцыю адносна гэтай ініцыятывы.

«Наша Ніва»: З вамі ўзгаднялася рашэнне аб чарговым скліканні людзей на плошчу?

Сцяпан Пуціла: Да закліку на 15 лістапада я не маю дачынення, а таксама не разумею канспіралагічных тэорый на гэтую тэму. Са мной гэта не ўзгаднялася, гэта была ўласная ініцыятыва некалькіх удзельнікаў «сходкі» 8 лістапада, яны маюць на гэтыя заклікі поўнае права. Я падтрымліваю любы «дзвіж», але лічу, што ўсё ж не трэба злоўжываць перадвыбарчай «лібералізацыяй» — гэтак мы толькі яшчэ больш легітымізуем лукашэнкаўскае шоу ў вачах грамадства і Захаду.

Так, я быў не супраць выкарыстаць выбарчае заканадаўства, каб правесці сустрэчу сваіх падпісантаў 8 лістапада. Але з перадвыбарчай агітацыяй гэта не мела нічога агульнага. І я вельмі ўдзячны кандыдатам у дэпутаты, якія дазволілі фармальна далучыцца да іх пікету на плошчы Свабоды. Гэта было неабходна для бяспекі ўдзельнікаў майго мерапрыемства:

я ніколі і ні пры якіх умовах не буду накiроўваць сваіх людзей пад дубінкі АМАПу, не папярэджваючы пра магчымую пагрозу.

8 лістапада ўсё прайшло, як вы ведаеце, амаль без затрыманняў i гвалту. Таксама я вельмі ўдзячны суарганізатарам, якія рызыкавалі свабодай і ўласнай маёмасцю дзеля таго, каб акцыя адбылася.

Акцыю 15 лістапада я падтрымліваю, але не маю права заклікаць сваіх людзей на яе. Таму што гэта не мая туса. Шмат рухаў, ініцыятываў, партыяў просіць анансаваць нейкае мерапрыемства або дапамагчы ім ў прасоўванні нейкай інфармацыі, петыцыяў, заклікаў. Але калі я анансую адно, але не анансую іншага, то ўзнікнуць пытанні.

Таму я стараюся максімальна дыстансавацца ад нейкіх заклікаў дапамагчы, прасунуць, падтрымаць публічна. Я блогер, а не палітык. Я не хачу потым увязвацца ў спрэчкі, дыскусіі, развагі.

«НН»: Як вы ставіцеся, што пры гэтым спрабуюць прыкрыцца вашым іменем і вашым фільмам?

СП: Пакуль не заўважаў такога. Гэта добра, што фільм ідзе ў народ, што яго абмяркоўваюць, ладзяць сустрэчы. Я толькі «за». Любы піяр чагосьці станоўчага, правільнага — гэта добра.

«НН»: Дзеля чаго на плошчы Свабоды прагучаў заклік зноў сабрацца 15 лістапада?

СП: Гэтае пытанне трэба задаць тым, хто выступіў з такім заклікам.

«НН»: Як вы будзеце рэагаваць на гэтую акцыю?

СП: Як і на ўсе лукашэнкаўскія псеўдавыбары ў псеўдапарламент — ніяк. Адпаведна, і заклікаў з майго боку не будзе ніякіх. А ў людзей ёсць поўнае права хадзіць ці не хадзіць туды, куды яны лічаць патрэбным. Я не маю права ім нешта загадваць.

Зміцер Панкавец, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера