Даслаць навіну
Знайсці
12.11.2019 / 11:11 9

Выходзіць новая версія бестселера сярод беларускіх настолак — «Паўстанцы». Гутарка са стваральнікамі

Калі вы яшчэ ніводнага вечара не правялі за першай беларускамоўнай настолкай «Паўстанцы», то зараз мы раскажам, што вы губляеце. Рыхтуйцеся: каб перамагчы супернікаў, давядзецца маніць, блытаць і прыдумляць уласную стратэгію.

Павялічыць выяву

Гульні Антона і Насты Янкоўскіх ужо 7 гадоў — самы час абнавіць і перавыдаць настолку, якая ў пэўнай ступені стала ўжо легендарнай. Чым стваральнікі і заняліся.

«Паўстанцы» пагружаюць у атмасферу 1863 года. У гульні можна заняць месца любой знакамітай гістарычнай асобы, што абраслі легендамі: Каліноўскага, Урублеўскага ці нават Мураўёва. А можна ў ролі звычайнага беларуса паўплываць на вынік паўстання.

Павялічыць выяву

«Першае выданне «Паўстанцаў» выйшла ў 2013 годзе і мы адчулі, што гульня знайшла сваіх прыхільнікаў. Трэба было рухацца далей. І вось у другой рэдакцыі «Паўстанцы» займелі цалкам новы выгляд, сталі больш дынамічнымі. Пашырылася гістарычнае напаўненне і з’явіліся два цікавыя дадаткі — «Праклён» і «Падзеі», — расказвае аўтар гульні Антон Янкоўскі.

Павялічыць выяву

Стваральнікі «Паўстанцаў» Наста і Антон Янкоўскія.

Гульня пабудаваная на механіцы «пошукаў невядомага», і нечым нагадвае знакамітую гульню «Мафія». Але ў той жа час яна мае шмат цікавых адметнасцяў, рэжымаў гульні і дадаткаў, якія робяць яе ўнікальнай. Гэта найперш зносіны паміж людзьмі, абмеркаванне і выказванне пазіцый.

Мы распыталі стваральнікаў пра тое, як гульня заваёўвала прыхільнікаў і якія ўдасканаленні атрымала за час існавання.

«Наша Ніва»: Як узнікла сама ідэя гульні?

Антон: З жарту. Мы размаўлялі пра тое, што беларускіх настолак няма, на той момант не было, і што, да прыкладу, беларускай тэмай маглі б стаць паўстанцы. Пачалі развіваць гэтую думку, прадумваць механіку і цікавыя фішкі. І гэтая ідэя так нам спадабалася, што мы вырашылі абавязкова яе ажыццявіць.

Наста: Я ніколі не думала, што буду гуляць у настольныя гульні і тым больш іх маляваць. Напачатку ідэя выдання гульні падалася мне вельмі авантурнай. Праект атрымаўся цікавы, але цяжка было спрагназаваць яго папулярнасць.

Павялічыць выяву

НН: Калі прыйшло разуменне, што праект атрымаўся?

Антон: На той момант мы няшмат ведалі пра настолкі і зусім нічога пра іх продаж. Тады мы з Настай сустракаліся і ўжо планавалі вяселле. Я пераканаў яе амаль усе грошы, што мы ўжо сабралі на вяселле, укласці ў выданне гульні. Тры дні ўгаворваў. А ў выніку ў гульні быў такі поспех, што мы нават падзарабілі сабе на вяселле.

Наста: У нас было запланавана некалькі прэзентацый і мы вельмі хваляваліся, што ніхто да нас не прыйдзе. А ў выніку ў Гародні і ў Менску было столькі народу, што нават на вуліцы стаялі. Кожны дзень да нас звярталіся з розных СМІ па інтэрв’ю, для нас гэты поспех быў нечаканым і вельмі прыемным.

Антон: Тады мы не ставілі сабе за мэту зрабіць «Паўстанцаў» камерцыйным праектам, можа менавіта таму гульня і мела такі поспех. І ў выніку натхніла нас на адкрыццё ўласнай крамы настолак і выпуску новых настольных гульняў свайго аўтарства. Гульня вызначыла накірунак нашага жыцця на далейшыя сем год. Ніколі не думалі, што прысвецім сваё жыццё настолкам. А цяпер ужо і спыніцца не можам.

НН: Чаму вырашылі праз 7 год вярнуцца да «паўстанцаў»?

Антон: Цягам некалькіх год першы наклад гульні скончыўся, але попыт не знік — у нас працягвалі запытвацца, як набыць «Паўстанцаў». Было зразумела, што перавыданне варта рабіць. Але за гэты час мы моцна паглыбіліся ў свет настолак: адкрылі сваю краму, выпусцілі шэраг уласных праектаў і згулялі ў безліч разнастайных гульняў. Да таго ж, мы правялі шмат гульнятэк па «Паўстанцам» і мелі багата каментароў і пажаданняў ад гульцоў. Пасля гэтага перавыдаваць гульню ў такім самым выглядзе ўжо не хацелася: за гэты час мы дапрацавалі гульню, пераглядзелі яе канцэпцыю.

Павялічыць выяву

НН: Што зменіцца ў новай версіі?

Наста: Па-першае, цалкам зменіцца знешні выгляд гульні. Паколькі першы наклад рабілі хутка і было зусім не зразумела, што з гэтага атрымаецца, то дызайн быў вельмі просты, пабудаваны на фотаздымках і гатовых выявах. Гэтым разам мы вырашылі ўсё зрабіць інакш: усе ілюстрацыі ў новай рэдакцыі ўжо цалкам намаляваныя з дапамогай графічнага планшэту. Трэба было распрацаваць агульную стылістыку гульні, абраць каляровую гаму, прыдумаць усе элементы аздаблення: вянкі, картушы, стужкі. Самым складаным, вядома, было намаляваць партрэты і зрабіць шрыфтавую кампазіцыю з назвай гульні. Каб адзенне, зброя і розныя дэкаратыўныя элементы аздаблення адпавядалі часам паўстання, трэба было знайсці і пераглядзець шмат выяў і здымкаў тых часоў.

Антон: З гістарычным напаўненнем нам дапамог гарадзенскі гісторык Аляксей Кайрыс. Ён актыўна нас кансультаваў і падбіраў для гульні матэрыял.

НН: Якія гістарычныя адсылкі будуць у новых «Паўстанцах»?

Антон: Па-першае, усе персанажы — гэта рэальныя гістарычныя дзеячы. Нават беларусы займелі біяграфіі. Мы знайшлі шмат цікавых гістарычных выпадкаў, лёсаў — і найбольш цікавыя паклалі ў аснову біяграфій беларусаў. У паўстанцаў і царскіх службоўцаў з’явіліся лозунгі, якія былі папулярныя ў часы паўстання. З’явілася калода «Падзей», у якой узгадваюцца 12 значных для паўстання дат. Цытаты з «Мужыцкай праўды» будуць змешчаны ў літаратурнай частцы карт «Праклёну», а карты «Лёсу» мадэлююць лёсы ўдзельнікаў паўстання: нехта быў павешаны на шыбеніцы, а нехта збег у пушчу.

НН: Якой кампаніяй лепш гуляць у «Паўстанцаў»?

Антон: Для гульні лепш сабрацца вялікай кампаніяй. Але гэта і добра, бо стварае нагоду для сустрэчы са старымі сябрамі. Альбо, напрыклад, праз гульню можна спрабаваць наладзіць нефармальныя зносіны ў новай кампаніі.

НН: «Вядома, што на перавыданне «Паўстанцаў» вы ладзіце краўндфандынгавую кампанію. Што прапануеце тым, хто да яе далучыцца?»

Антон: Акрамя магчымасці замовіць саму гульню у ліку першых і па ніжэйшым кошце, мы прапануем некалькі адмысловых лотаў: стыкеры з Каліноўскім і лозунгамі паўстання, стылёвы ільняны чахол, значак, падобны да тых, якія насілі ў час паўстання ў знак салідарнасці («чорная біжутэрыя»), і персанальныя карты.

Павялічыць выяву

Наста: Але кожны асобнік гульні можа стацца ўнікальным. Падчас кампаніі мы прапануем распрацаваць для кожнага набору ўнікальную карту, якая будзе зроблена ў стылістыцы гульні. Можна замовіць сябе, свайго сябра ці нават свайго продка, які жыў у тыя часы. Кожны можа абраць, кім быць: паўстанцам, беларусам ці нават царскім службоўцам. Гэтую карту можна будзе выкарыстоўваць падчас гульні.

Павялічыць выяву

НН: Ці выпадковасць гэта, што перавыданне гульні супала з перапахаваннем Каліноўскага?

Антон: У 2012 годзе мы прыдумалі гульню, і калі зразумелі, што ў 2013 годзе адбудзецца 150-я гадавіна паўстання, то стала відавочна: мы абавязкова павінны выдаць гульню.

Наста: Перавыданнем мы заняліся амаль два гады таму, але працавалі над гульнёй павольна: шукалі дызайнерскае рашэнне, дапрацоўвалі дадаткі. І калі новая версія гульні была амаль гатовая, з’явілася навіна пра перапахаванне. Нам вельмі спадабалася гэтае супадзенне. Прыемна, што гульня жыве сугучна з часам. 

НН: Калі чакаць новых «Паўстанцаў» на паліцах крамаў?

Антон: Мы плануем, што ў продажы гульня з’явіцца ў першай палове снежня. Ужо на гэтым тыдні мы аддаём гульню ў друк. Таму і заахвочваем усіх падтрымаць выданне зараз і атрымаць цікавосткі да свайго асобніка.

НН: Акрамя «Паўстанцаў», што яшчэ карыстаецца асаблівым попытам?

Наста: Мы ганарымся нашымі серыямі гульняў «Мова» і «Беларускія ігральныя Карты Лапіных». А яшчэ набываюць папулярнасць нашы праекты «Гаспадар цмокаў» і «Дойліды».

Антон: Апошнія гады мы таксама робім гульні па карпаратыўнай замове, ездзім на фестывалі настольных гульняў, прадстаўляем свае напрацоўкі. У хуткім часе тры гульні нашага аўтарства выйдуць у буйных расійскіх выдавецтвах. З беларускамоўных — мы зараз працуем над гульнёй пад назвай «Першадрукар». Уявіце: 15 стагоддзе, ідзе змаганне паміж друкарнямі за званне самай папулярнай. У гульні сустрэнеце Скарыну, Сапегу і нават надрукуеце статут ВКЛ. Спадзяёмся, у наступным годзе гульня ўжо пабачыць свет.

Павялічыць выяву

Наталля Тур, фота Наталлі Салама

1
Кажыма праўду / адказаць
14.11.2019 / 21:38
Паўстанцкая гульня пойдзе на ўра доўгімі зімовымі вячоркамі. Кастусь Герой! 

P.S. Каментатары з кантужаных, вы хоць бы чыталі свае копі-пасты, бо падаваныя цытаты цалкам абвяргаюць вашыя мудраванні.

0
Па-коласаўску мудры / адказаць
16.11.2019 / 03:36
Черная Русь працытаваў папа Аляксея Хоціна. Неаўтарытэтны аўтар, смешна.
1
Северорусский богатырь / адказаць
17.11.2019 / 15:38
Крута! Трэба буйныя настолкі перакладаць на мову, амаль нічога няма.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31