Знайсці
09.11.2019 / 13:1322РусŁacБел

«У вёсках больш не садзяць градак, бо пенсіі ад 600 еўра». Польшча вачыма беларуса з-пад Нясвіжа

Чытач «Нашай Нівы» Уладзімір Бруй з Нясвіжскага раёна тыдзень правёў на беларускім Падляшшы ў Польшчы. Сваімі ўражаннямі ад паездкі 71-гадовы былы настаўнік і перакладчык падзяліўся з «НН».

«Апошні тыдзень кастрычніка мне прыйшлося — ці лепш сказаць пашанцавала — правесці на процілеглым баку Белавежскай пушчы, — кажа Уладзімір Бруй. — У якасці вядоўцы я браў удзел у імпрэзах зборнікаў паэзіі Яўгена Сергіені і дыска песень на яго словы пад шчымлівай назвай «Не памірай, мая старонка».

Першае, што кінулася ў вочы пасля перасячэння польскай мяжы, гэта акуратныя палі. Няма там бясконцых зараснікаў расейскага бур'яну, якія я ў свой час тужліва назіраў, едучы з Масквы ў Казань.

У вёсцы Карыцішкі (15 км ад Белавежскай пушчы), дзе мы абышлі ўсе двары, каб запрасіць людзей на сустрэчу, не ўбачылі ніводнай градкі з гароднінай — вакол хат акуратна падстрыжаныя газоны. У той самы час нішто не нагадвае пра набліжэнне галоднай смерці.

Пры мінімальнай пенсіі ў 600 еўра і такіх жа, як у нас, або ніжэйшых цэнах вяскоўцы ўсё купляюць у крамах.

Наш гаспадар, былы прапаршчык Міхал Германовіч, прымаў нас у сваёй невялікай на выгляд хаце, дзе, аднак, кожнаму знайшоўся асобны пакой. Яго жонка Багуслава на той час была ў Германіі, дзе на працягу трох месяцаў даглядае пажылых людзей, а пасля вяртаецца дадому. Заробленыя грошы трацяць на завяршэнне рамонту дома. 

Аднойчы гаворка зайшла пра назву Падляшша. Я чамусьці заўжды лічыў, што яна паходзіць ад слова Палессе. Міхал растлумачыў, што край быў так названы па той прычыне, што яго насельнікі жылі пад ляхамі, гэта значыць «каля палякаў». Тутэйшая гаворка асаблівая. У ёй ёсць нешта ад беларускай, украінскай ды, зразумела, польскай моваў.

І ўсё ж, гаворачы пра стан беларускай мовы на Беласточчыне, нельга не адзначыць, што яе непазбежна чакае такі ж сумны лёс. Моладзь гаворыць ужо па-польску.

Амаль у кожнай вялікай вёсцы стаіць праваслаўны храм. Пратэстанцкіх абшын няшмат, і не адчуваецца, каб яны актыўна займаліся евангелізацыяй. А магчымасцей для гэтага больш, чым дастаткова. У той жа вёсцы Карыцішкі войт гміны дазволіў Міхалу Германовічу ўзяць клуб у арэнду на цэлы дзень усяго за 50 злотых (крыху больш за 10 даляраў). Яго памяшканне практычна ўвесь час пустуе, а ўмовы для правядення розных мерапрыемстваў — проста ідэальныя: добрая мэбля, камін, бар з посудам, халадзільнікам і мікрахвалёўкай. Але няма каму тут збірацца, сіратліва стаяць сталы для більярда і настольнага тэніса.

Многія пажылыя вернікі пратэстанцкіх канфесій сведчылі, што ў камуністычныя часы іх не цкавалі так, як баптыстаў ці пяцідзясятнікаў у Савецкім Саюзе. Цяпер жа грамадствам завалодала духоўная апатыя. Пасля шматлікіх скандалаў, звязаных з паводзінамі яе святароў, каталіцкая царква пачала губляць свой ранейшы ўплыў. Меншае наведвальнікаў і ў праваслаўных храмах.

У выніку гутарак з рознымі людзьмі — сціплай пенсіянеркай Галінай, яе 72-гадовым братам Мікалаем, які валодае заводам медыцынскага абсталявання і мае шматмільённыя прыбыткі, філосафам з нечаканым прозвішчам Сальнікаў, журналістам Янакам — я прыйшоў да высновы, што палякі за апошнія дзесяцігоддзі сталі жыць багацей і спакойней. Значна палепшалі дарогі, стала па-еўрапейску чыста ва ўсіх населеных пунктах.

Вуліца Гайнаўкі. Фота Wikimedia Commons.

Асабліва мне ў вочы кінулася тое, што палякі сталі надзвычай дэпалітызаванай нацыяй. Іх не надта цікавяць тэмы выбараў, хоць на кожным рагу вісяць велізарныя партрэты кандыдатаў у парламент. Гэта, на мой погляд, сведчыць аб цвёрдым усталяванні дэмакратычна-ліберальных каштоўнасцей і прынцыпаў жыцця, калі

людзі без страху глядзяць у заўтрашні дзень і не чакаюць, што нехта павінен прыйсці і вырашыць іх праблемы», — кажа Уладзімір Бруй.

Уладзімір Бруй родам з Гарадзеі. 29 гадоў ён адпрацаваў у Нясвіжскім раёне настаўнікам замежных моў. З 2003 да 2010 гадоў ён рабіў перакладчыкам з французскай мовы ў Сірыі і Гвінеі. Ён аўтар зборніка ўспамінаў «Нябесны банк», рамана ў навелах «Прыгоды сірыйца ў СССР», перакладаў на беларускую з французскай і англійскай моў. Друкуецца ён, акрамя «Нашай Нівы», у хрысціянскіх выданнях і з 2011 года кіруе Мінскай абласной філіяй хрысціянскага літаратурнага аб’яднання «Ласка Божая».

Уладзімір Бруй

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930