Даслаць навіну
Знайсці
05.11.2019 / 20:28

Цягаў за валасы і хацеў, каб жонка знікла са свету: у Мінску паказалі класічную спрэчку даўно акальцаваных сужэнцаў

Ці можна каго здзівіць шматгадзіннымі спрэчкамі паміж мужам і жонкай, што жывуць разам сем гадоў? Узаемныя абвінавачанні могуць перарасці ў палкі сэкс, а скончыцца бойкай без правіл. Пытанне толькі ў тым, з якой мэтай рэжысёр бярэцца за «пераказ» бытавухі. Глядзім спектакль «Сонечная лінія» у Ок16 разам з тэатральным крытыкам Настассяй Панкратавай.

Павялічыць выяву

Што безумоўна ўмее рабіць рэжысёр Дзмітрый Цішко, дык гэта выбіраць драматургію. Пасля п’есы Паўла Пражко «Ураджай» спадар Цішко бярэ нашумелы тэкст Івана Вырыпаева. П’есу «Сонечная лінія» з тэрапеўтычнай мэтай — па выказванні самога Вырыпаева — пра татальнае непаразуменне паміж мужам і жонкай на сёмым годдзе сямейнага жыцця драматург напісаў усяго чатыры гады таму. Спачатку яна была пастаўлена ў Польшчы, пасля яна засвяцілася ў на новай сцэне Александрынскага тэатра (Санкт-Пецярбург), летась трапіла ў намінанты расійскай Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска» у якасці кандыдатаў на найлепшага спектакля драмы малой формы (п’есу прадстаўляў маскоўскі Цэнтр імя Меерхольда).

Аднак што маладому рэжысёру пакуль не паддаецца, дык гэта арыгінальнае прачытанне абранага матэрыялу. Так, спадара Цішко ў адрозненне ад шматлікіх пастаноўшчыкаў, нельга абвінаваціць у простым развядзенні тэкста па ролях. Заўсёды бачна ягонае асабістае стаўленне да герояў. Вось толькі погляд часцяком занадта катэгарычны: рэжысёр з першых хвілін паказвае гледачу, хто з ягоных персанажаў адназначна добры, а хто — дрэнны, і да канца спектакля па сутнасці падганяе ўсе аргументы пад сваю ідэю. Паглядзець крыху глыбей, раскрыць вобраз больш аб’ёмна, пабачыць палярныя рысы ў характары героя не атрымліваецца.

Вось і пасля купалаўскага «Ураджая», дзе героі былі паказаны спрэс ідыётамі, якія нічога не ўмеюць зрабіць у сваім жыцці, у культурным хабе Ок16 з’явілася «Сонечная лінія», у якой спадар Цішко дэманструе нам харызматычнага, разумнага, абаяльнага мужчыну, які мусіць пралічваць на некалькі крокаў наперад, і істэрычную, павярхоўную жанчыну. І калі б я папярэдне не чытала арыгінал, то абурылася б, як можна так выстаўляць жанчыну (чаго толькі вартыя вываленыя на кухонны стол глянцавыя часопісы ў якасці «шпількі», калі размова заходзіць аб жончыным захапленні Кантам, Юнгам і Хайдэгерам).

Павялічыць выяву

У п’есе абодва бакі канфлікта маюць сваё — і цалкам лагічнае — уяўленне пра праўду. І Вырыпаеў — узгадаем яго фразу пра тэрапеўтычнасць тэкста — задаваўся мэтай паказаць, што нашы звыклыя схемы ў канфліктах не працуюць таму, што мы заўсёды ў першую чаргу думаем пра абарону сябе, аднак зрэдку гатовыя пачуць супрацьлеглы бок. А варта толькі прыслухацца — і высветліцца, што чалавек увесь гэты час не слушнасць сваю даказваў, а дзякаваў табе за цярплівасць і дапамогу.

Гэтую адназначнасць падтрымлівае занадта прамалінейная сцэнаграфія мастака Вольгі Шчарбінскай (дарэчы, яе прозвішча складана знайсці на сайтах, што распаўсюджваюць інфармацыю пра спектакль). Сапраўды, навошта ў цэнтры сцэны вешаць вялізарны гадзіннік з пазначэннем часу, калі пра а пятай раніцы на падмостках гаворыцца праз слова? А таксама музыка, якая ўключаецца літаральна па шчоўканню пальцамі, дзеля ілюстрацыі слоў «давай уявім сабе, што мы з табой танчым».

Пры ўсёй неадназначнасці трактоўкі матэрыяла відавочнай удачай стаў выбар на ролю Вернара Івана Труса. Прызнаюся, я ішла на спектакль з насцярогай: пры ўсёй маёй любові да таленту спадара Труса, баялася, што пасля пастаноўкі «Пабачыць ружовага слана», падобнай па прыамбуле, акцёр паддасца спакусе паўтарыць малюнак. Усё ж і там, і тут галоўны герой на працягу ўсяго спектакля высвятляе адносіны з жонкай і імкнецца зразумець, чаму паміж імі ўсё не так, як марылася на пачатку адносін.

Аднак Трус не шукае простага шляху. У тэксце Вырыпаева ён шукае свае інтанацыі, разыгрывае шматхадоўкі і паказвае ўвесь гэты спектр эмоцый ад стомленасці і спусташальнасці да жарсці і агрэсіі. Спадар Іван купаецца ў гэтым матэрыяле, ствараючы вобраз чалавека, які хоць і стаміўся ад шматгадзінных разборак без аніякага шанса на поспех, аднак усё яшчэ імкнецца намацаць магчымасць наладзіць сямейнае жыццё. Яго герой сумленна спрабуе наладзіць адносіны, сутыкаецца з татальным непаразуменнем, але ўвесь спрабуе зрабіць крокі насустрач.

На фоне спадара Труса выканальніца ролі жонкі Ірына Купчанка выглядае занадта спрошчана і адназначна. Яна ідзе па вырашанай ад пачатку спектакля лініі, падмацоўваючы сваім вобразам анекдоты пра недалёкую бландзінку. Вельмі хутка ты перастаеш вывучаць Барбару і ўсё больш прасякаешся жалем да беднага Вернара.

Бліжэй да канца спектакля рэжысёр пачынае актыўна рэзаць арыгінальны тэкст, губляючы вельмі важны кавалак. Муж з жонкай спрачаюцца ад дзесяці вечара, але ніяк не могуць зразумець адзін аднаго. І ў апошні момант у тэксце Вырыпаева Вернар праварочвае цікавы псіхалагічны трук: ён прапаноўвае жонцы пагаварыць так, быццам гэта размаўляюць не яны самі, а іх далёкія родзічы. І вось праз гэтыя маскі, адышоўшы ад сваіх звыклых крыўдаў, Барбара і Вернар упершыню за апошнія гады гавораць адзін аднаму словы пяшчоты. І вось ужо сам Вернар натуральна вымаўляе словы, якія да гэтага столькі разоў вымагала выцягнуць з яго Барбара: «А ты, дарагая мая, проста дыямент». У Вырыпаева пасля гэтай фразы — фінальная рэпліка пра доўгае маўчанне, бы надзея, што муж з жонкай нарэшце намацалі лінію, па якой мусіць выйсці на новы этап адносін. У спадара Цішко зачын пра змену роляў знік, а пасля ключавой фразы пра дыямент гучыць з’едлівае «да заўтра!» У іх свеце канфлікт закальцаваўся, і заўтра ўсё пачнецца наноў.

Настасся Панкратава

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30