Знайсці
05.11.2019 / 15:234РусŁacБел

Бацькі ў турме, бабуля піла, прыёмны тата-наркаман павесіўся. Дзяўчына з цяжкім лёсам шукае сястру, якая прапала ў маленстве

Паліне Немцавай — 16 гадоў. 15 з іх яна жыве ў прыёмнай сям’і ў Клімавічах: Паліну і яе старэйшую сястру Крысціну забралі, калі іх біялагічная маці села ў турму. Паліне было 9 месяцаў, Крысціне — 5 гадоў.

Пасля дзяўчынкі трапілі ў розныя сем’і. Цяпер Паліна вырасла і спрабуе знайсці сястру.

Сваю гісторыю Паліна распавяла «Нашай Ніве».

Паліна, фота з сацсетак

«Я родам з Клімавіч. Жыла там з мамай і старэйшай сястрой Крысцінай. Мы родныя сёстры, але ад розных татаў. Крысціна старэйшая за мяне на 5 ці 6 гадоў — дакладна сказаць я не магу.

Калі мне было 9 месяцаў, адбылася бяда: маму пасадзілі. Яна выпівала, і штосьці здарылася… Што дакладна, ужо ніхто і сказаць не можа, ва ўсіх розныя версіі. Здаецца, яна разбіла галаву сваёй маці, маёй бабулі, — кажа Паліна. — У выніку маму асудзілі. Мой бацька на той момант таксама сядзеў у турме, дзе быў бацька Крысціны, я не ведаю.

Гэта быў 2003 год. Мяне з сястрой забралі сацыяльныя службы. Перадалі той самай бабулі. Але яна таксама выпівала. І аднойчы да яе прыйшлі з праверкай, бабуля была не моцна п’яная, але трохі нападпітку, і сказала: я не магу забяспечыць гэтых дзяцей, ці дапамажыце мне, ці што…

У выніку ад бабулі нас таксама забралі. Мы трапілі ў клімавіцкую бальніцу. Туды прыехала нейкая сям’я з Бабруйска, забралі Крысціну. А я засталася».

Сёння Паліна задаецца пытаннем: чаму дзвюх сясцёр раз'ядналі? Адказу няма.

Але неўзабаве знайшлася сям’я, якая вырашыла забраць і маленькую Паліну.

«Сям’я была з Клімавічаў. Мая прыёмная маці працавала ахоўнікам. Яна вельмі добрая, але бацька… Ён быў наркаманам, неўзабаве яны развяліся. Калі мне было 2 гады, ён яшчэ быў на маім дні народзінаў, нават фота ёсць. Пасля ўжо знік, я яго больш і не бачыла, — узгадвае Паліна. — А сёлета ў кастрычніку нам паведамілі, што яго знайшлі мёртвым — павешаным. Мы даведаліся пра гэта ўжо нават пасля пахавання. Пахавалі яго камунальныя службы, ніхто са сваякоў і не ведаў пра гэта».

Прыёмнай маці дзяўчыны дазволілі пакінуць Паліну. Яна гадавала яе як родную дачку. Пра тое, што насамрэч яна прыёмная, Паліна даведалася ад бабулі.

«Мне было гадоў недзе 11—12. Было нейкая свята, і бабуля, мама маёй прыёмнай матулі, раптам пазваніла мне. Кажа: ты што робіш? Адказваю: нічога, тэлевізар гляджу. Яна: а мамка дзе? Кажу: на працы.

Тады бабуля кажа: я табе званю штосьці расказаць. Ты ведаеш, што гэтая мама табе не родная?»

Паліна кажа, што спачатку не паверыла бабулі. Матывы, чаму бабулю раптам прабіла на такую шчырасць, таксама невядомыя. Але прыёмнай маці Паліна вырашыла нічога не казаць, каб яе не расстройваць.

Неўзабаве Паліна трапіла ў бальніцу. І там яе родная маці сама яе знайшла.

«Наколькі я ведаю, ёй сказаў хтосьці з медперсанала: маўляў, тут твая родная дачка ляжыць. Адкуль яны гэта ведалі, я не ўяўляю, — кажа Паліна. — У выніку падышла да мяне жанчына, кажа: я твая родная мама. Паказвае фотку майго біялагічнага бацькі — а мы з ім вельмі падобныя, як дзве кроплі. Я адразу ёй паверыла. І ў мяне здарылася істэрыка».

Пасля біялагічная мама і расказала дачцэ гісторыю, як тая трапіла ў прыёмную сям’ю. Аказалася, пасля выхаду з турмы жанчына зноў выйшла замуж. Нарадзіла яшчэ дваіх дзяцей, хлопчыка і дзяўчынку.

Пасля выхаду з бальніцы дзяўчынка пагаварыла з прыёмнай мамай. Тая прызналася: так, усё праўда, Паліна ёй не родная.

Але прыёмная маці спачатку не дазваляла Паліне стасавацца з біялагічнай мамай.

«Я ёй сказала тады: давай ты не будзеш крыўдаваць. Я хачу хаця б са сваёй сястрой і брацікам бачыцца. Ну і прыёмная мама неяк змірылася, нават дазваляла мне ездзіць у госці. Цяпер мая біялагічная мама жыве з мужам і дзецьмі пад Клімавічамі, у вёсцы. У студзені я ездзіла на дзень народзінаў браціка, прывезла маленькі падарунак. Пасядзелі з роднай мамай, пагаварылі. Пасля я хацела яшчэ да сястры прыехаць на дзень народзінаў, але не змагла: не было грошай», — кажа Паліна.

Цяпер Паліна падрасла і вырашыла, што хоча адшукаць Крысціну.

«Усё, што я ведаю, — гэта што яе завуць Крысціна. Імя па бацьку Ігараўна. Прозвішча я дакладна не ведаю: дзявочае прозвішча маёй біялагічнай мамы Хакінян. Пасля таго, як яна выйшла за майго бацьку, змяніла на Маркоўскую. Але якое прозвішча было ў Крысціны, я сказаць не магу, — кажа Паліна. — Ведаю яшчэ, што Крысціна нібыта ўжо замужам — пра гэта мне казала біялагічная мама. Але за кім яна замужам і якое ў яе сёння прозвішча, мама ці то мне не паведамляла, ці то сама не ведала».

Удакладніць штосьці ў сваёй біялагічнай маці Паліна ўжо не можа: жанчына некуды прапала паўгода таму.

Па словах Паліны, яе родная мама ў красавіку ізноў лягла ў бальніцу — чарговы раз зацяжарыла, але пачаліся праблемы. Давялося рабіць аперацыю, жанчына страціла плод.

Праз тыдні два пасля выхаду з бальніцы жанчына знікла. Яе муж, які застаўся з двума дзецьмі на руках, чакаў аж усё лета, і толькі ў канцы жніўня звярнуўся ў міліцыю: маўляў, жонка знікла. Як кажа Паліна, ён нібыта проста спадзяваўся, што знойдзецца і сама прыйдзе.

«Яе і па сёння няма. Дзе яна — невядома. Пра яе знікненне мне ўвогуле паведаміла суседка», — кажа Паліна.

Таму дзяўчына просіць адгукнуцца кагосьці, хто ведае хоць што-небудзь пра яе сястру. Калі вы ведаеце, як знайсці Крысціну, то можаце паведаміць у «Нашу Ніву», Рэдакцыя перадасць інфармацыю Паліне.

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930